Ірэна Катвіцкая прадставіла Гародні «Этна фантазію». Канцэрт адбыўся на эксперыментальнай пляцоўцы «ОфицерOFF» 20 красавіка.
Чорны раяль, чорныя сцены, крэслы для слухачоў. І раптам — музыка, лёгкая і рухомая, а часам пакутлівая, нават напружаная. І голас Ірэны Катвіцкай — моцны, насычаны. Фальклорныя спевы чаргаваліся з уласнымі творамі Ірэны. Яна спявала пра каханне, прысвячала песні сваёй сям’і, у кульмінацыйныя моманты яе голас зрываўся да крыку, а пры канцы песень апускаўся да шэпту.
Сольная праграма Ірэны сумяшчала беларускія і польскія спевы, этнічны вакал ды імправізацыю на раялі. У выкананні спявачкі прагучалі хрэсьбінныя ды вясельныя песні з-пад Віцебшчыны, фальклорныя песні з-пад Гарадзеншчыны, «Калыханка», «Масленка» ды іншыя. Незвычайная інтэрпрэтацыя народных песень надавала творчасці Ірэны асаблівы каларыт, а эмацыйная манера выканання раскрывала сутнасць жаночай душы.
Алена Вольная
Фота: Яўген Кандратовіч