18 жніўня 2013 года ў вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна адбылося незвычайнае музычнае і мастацкае свята. Яно было прысвечанае памяці ліцвінскага і польскага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана і сабрала выканаўцаў і мастакоў з дыяметральна супрацьлеглых колаў беларускага грамадства.
У адзін дзень, у адным і тым жа месцы — родавай сядзібе Рэйтанаў — адно за адным прайшлі два мерапрыемствы: XII раённы фестываль народных спеваў, гумару і кухні “З крыніц спрадвечных” і фестываль радыкальнага незалежнага мастацтва “ДАХ”. На свята сабраліся мясцовыя жыхары з найбліжэйшых вёсак, аматары гісторыі з Ляхавічаў і Баранавічаў, культурная дэлегацыя з Пружанаў і нават нешматлікія мінчане. У якасці мастацкага кампаненту культурнага выхавання выстаўляліся працы Алеся Родзіна, Змітра Вішнёва, суполкі “Неонавая галава” ды іншых, а імправізаваны пленэр быў прысвечаны арнаменту слуцкіх паясоў.
Як вядома, Тадэвуш Рэйтан актыўна выступаў супраць падзелу Рэчы Паспалітай. Магчыма, яго добры дух спрычыніўся да таго, што вельмі розныя творчыя асобы знайшлі на грушаўскай зямлі прымірэнне ды паразуменне. Грушаўцы ахвотна расказвалі пра калісьці шыкоўную кафлю ў панскім доме, пра здымкі “Масакры” ў капліцы Рэйтанаў ды пра іншыя мясцовыя легенды.
Перфоманс Юрася Барысевіча на тэму ахвярнай беларускай гераічнасці быў успрыняты як нешта цалкам натуральнае, а пад BREVIS ды ZARTIPO пачаліся танцы, праўда, у пэўнай ступені інспіраваныя асартыментам аўталаўкі.
Найбольшы поспех меў праект “Кабы-Кабы” дызайнера Дзімы Ску з Баранавічаў: яго гарадскі хіп-хоп актыўна падтрымала мясцовая падтанцоўка з грушаўскім Сокалам на чале. Дарэчы, нават Сокал, паводле ягоных словаў, нарадзіўся ў былой панскай сядзібе.
У рамках фестывалю “ДАХ” на сядзібе выступілі BREVIS, Раман Яраш, Андрэй Мельнікаў, ZARTIPO, NOIR MASKI PROJECT (ва ўсечаным складзе), VESICATORIA ды іншыя. Была арганізаваная і intelligent techno вечарына, аднак, на жаль, як толькі грушаўцаў пачало качаць ад незнаёмага стылю, тэхнічныя накладкі не дазволілі сталічным дыджэям працягваць. Але нельга так проста ўзяць і перапыніць вясковую дыскатэку!..
Алеся Серада