This movie requires Flash Player 9
04.06.2012 | Музыка

Фольк-канцэрт года на Святую Тройцу (фотарэпартаж)

Самыя вядомыя фольк-гурты Беларусі і Польшчы далі адзін канцэрт на дваіх у КЗ “Мінск”.

“Знакаміты на ўвесь свет польскі гурт упершыню ў Мінску!” — з трымценнем у голасе вядоўца канцэрта расказвае гісторыю ўзыходжання на вяршыню славы Kapely ze wsi Warszawa (літаральна — “капэлы з вёскі Варшава”). Пра іх туры па чатырох кантынентах, пра прэстыжныя ўзнагароды, супрацу з Пітэрам Гэбрыэлам і Джэкам Уолі, пра сусветную прэм’еру фільма Бі-бі-сі, прысвечанага польскім музыкам. Але іх выступ быў запланаваны на другую частку. На правах гаспадароў першымі выступілі музыкі з этна-трыа “Троіца”.

Іван Кірчук таксама не ўстрымаўся, каб па-свойму прадставіць гасцей вечара. Яго гурт неаднойчы сутыкаўся з палякамі на замежных фестывалях, і музыкі між сабой ужо добра знаёмыя. “Бывае так, што мары пачынаюць здзейсняцца, і ў Беларусь прыязджаюць фольк-выканаўцы з іншых краін”, — сказаў лідар “Троіцы” ды адыграў разам з сваімі музыкамі паўнавартасны сэт, куды ўвайшлі ў асноўным песні з альбома “Зімачка”. Амаль кожны твор Кірчук прадстаўляў па-свойму, з любоўю. “Беларусы — вельмі спеўны народ. Нават у пост, калі не прынята было спяваць, яны прыдумалі паставыя песні”, — кажа музыка і тут жа прыводзіць прыклад: твор “Тры Янгалы”, запісаны ў адной з загінулых вёсак, якая трапіла ў зону адчужэння. “Бачыце, мужчыны таксама плачуць”, — заявіў Кірчук і ў пацверджанне выканаў паляшуцкі мужчынскі спеў-галашэнне “Не хадзі, казачэ”. Прадставілі музыкі і зусім новую кампазіцыю, якая завецца “Цар-агонь” і адносіцца да купальскіх спеваў. Каб адпаведным чынам перадаць настрой, бубнач Юры Паўлоўскі частку гэтага твора граў на чыгунках, што выглядала вельмі эфектна. А на біс Кірчук праспяваў звыклую “Яблынь”, самую даўнюю песню з рэпертуара “Троіцы”, якая ўвайшла яшчэ ў самы першы іх альбом.

У другой частцы канцэрту сцэна цалкам належала шасці музыкам з  Kapely ze wsi Warszawa. Лідар каманды Мацей Шайкоўскі намагаўся размаўляць з публікай па-беларуску ды хваліўся, што вывучае нашую мову. “Мы першы раз у Мінску і спадзяемся, што не апошні”, — заявіў ён пад апладысменты гледачоў. У гурта толькі што выйшаў шосты студыйны альбом “Nord”, песні з якога і сталі асновай іх праграмы.

На пярэднім плане “Капэлы” — тры вакалісткі са скрыпкамі ды цымбаламі: Магдалена, Сільвія і Ева. Ім падыгрываюць яшчэ трое. Музыка ў іх выходзіць прыемна-цягучая са значнай інструментальнай часткай. “У Беларусі сапраўды пекна спяваюць!” — кажа Мацей, заклікаючы залу падпяваць немудрагелісты прыпеў адной з польскіх народных песняў “Ой-ля”. Пра самі творы музыкі, у адрозненне ад “Троіцы”, не расказвалі, затое тыя, хто ведае беларускую мову, без праблем маглі разабраць тэксты іх спеваў. Пры канцы палякі выканалі “Калінку”. Але не савецкую, як пажартаваў Мацей, а польскую народную “W boru Kalinka” пра тое, як дзяўчына сваё каханне шукала. Ясна, што без бісу гасцей не адпусцілі, таму была яшчэ песня “Pada deszczyk” — адзін з самых паказальных фольк-твораў Польшчы. Калі музыкі ўжо некалькі разоў пакланіліся і апладысменты пачалі сціхаць, Мацей Шайкоўскі папрасіў яшчэ хвіліну ўвагі, каб сказаць, што музыкам было вельмі прыемна граць для беларускай публікі, і тут жа прызнаўся, што з’яўляецца даўнім аматарам нашай музыкі. А ў пацверджанне сваіх словаў пералічыў гурты, якія шануе: “Палац”, WZ-Orkiestra, N.R.M., “Яр”, “Троіца ”, FolkRoll з Настай Някрасавай — і дадаў, што любіць расійскую “Гражданскую оборону”.

Гэты канцэрт адбыўся дзякуючы Польскаму Інстытуту ў Мінску, інстытуту імя Адама Міцкевіча, кампаніі “ПАН-студыя” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Тэкст: Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч


2 Каментаў у “Фольк-канцэрт года на Святую Тройцу (фотарэпартаж)”

  1. Marit says:

    Пa-пoльcкy гэтa cклaняeццa: kapeli (2 cклoн)

  2. Masha says:

    Шайкоўскі казаў пра Насту Някрасаву а не пра НРМ

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика