Новы стары Gods Tower на аншлагавым канцэрце ў Re:public прадставіў свой першы пасля вяртання альбом «Steel Says Last». Музыканты яўна на ўздыме выконваюць улюбёныя песні. “Год таму яшчэ чуліся галасы: маўляў, на храна нам гэты трыб’ют, – перапыняецца на развагу Ножык, – А мы давялі, што мы на кані. Мы граем сапраўдны хэві-мэтал!!!”.
Гамельчукі выйшлі з паўгадзінным спазненнем. За гэты час народ якраз утрамбаваўся ў немаленькі клюб Re:public. Прычым адбылася гэта ў поўнай цемры. “Можа і іх?”, – пачуўся голас. “Не, тут святло ёсць”, – адказалі ў чарзе ў перапоўнены гардероб. Для сольніка Gods Tower сапраўды самага вялікага клуба ў Мінску было мала. Людзей паўным-поўна. Святло запальваецца, і эфектна з’яўляюцца на сцэне пяцёра. Апошнім выскоквае Лэслі “Ножык” і адразу пачынае спяваць. Вітаецца толькі пасля другога трэку:”Добры вечар, Менск! Мы ізноў з вамі!”, – кажа ён і маментальна даводзіць публіку да агульнага экстазу выканнанем “Heroes Die Young”.
Далей – болей. Gods Tower закаціў сапраўдны пір: да болю знаёмы “Living Mirror” і “Abandon All Hope”. Ножык кожную назву наступнай песьні выкрыквае і ўсе адразу актывізуюцца: “Yesterdays Rivers”, – абвешчае ён і сотні рук уздымаецца па-над танцполам. Музыканты яўна на ўздыме выконваюць улюбёныя песні. “Год таму яшчэ чуліся галасы: маўляў, на храна нам гэты трыб’ют, – перапыняецца на развагу Ножык, – А мы давялі, што мы на кані. Мы граем сапраўдны хэві-мэтал!!!”. Лідэр Gods Tower трымае паўзу – і працягвае, сыходзячы ў прыватнае: “А вось кажуць, што паганства – гэта рэлігія. Не! Гэта светапогляд!”. Gods Tower граюць упершыню за 15 год зубаскрышальны паган-мэтал-узор – I am the Raven. Раптоўна – пасярод сэту – Ножык абвяшчае “чыл-аўт”. У гэты час заступнік Уракава – Зміцер Лазарэнка – бярэцца за акустычную гітару. Святло згасае. Ножык прапаноўвае падумаць “пра лета, пра траву і добры заробак” ды пранізліва спявае мяккім роўным голасам, закалыхваючы танцпол. Потым музыкі ізноў далучыліся да электрычнасці і настолькі разгуляліся, што паказалі кавер на Europe, у трэшавым варыянце.
“Няхай тыя, каму мы не падабаемся, гуляюць за сценамі гэтай залі, – працягваў разважаць Ножык ды ўзгадаў свайго памерлага гітарыста, – Уракаў бы сказаў: усё фігня, ёсць толькі хэві-мэтал!”. У памяць пра заснавальніка Gods Tower гучалі наступныя песні, якія крычалі ўсе прысутныя: “Twilight Sun”, “Rising Arrows”, а на сканчэнне – недакранальная – “The Eerie”, якая цяпер гучыць выключна фанаграмай. Пад яе ўсе жывыя ўдзельнікі гурта абдымаюцца, прадстаўляюцца і схіляюцца.
Падарункам тым, хто не папёрся адразу ў гардэроб, былі два бісы. “Мы трывалыя, нас замучыць цяжка”, – пераконваў яўна выціснуты, але пры тым поўны энергіі Ножык. “Rising Arrows” загучаў ізноў.
Мікалай Дубавіцкі, фота Аляксандра Ждановіча.