Прадстаўляць беларускі пераклад рамана Сяргея Жадана “Anarchy in the UKR”, зроблены Алегам Жлуткам і надрукаваны ў 2012 годзе ў выдавецтве “Логвінаў”, няма ніякае патрэбы: гэты ўкраінскі паэт і празаік у нашых краях даўно вядомы і паўсюдна чытаны. На прэзентацыю беларускага выдання ў траўні мінулага года прыязджаў сам аўтар, а таму кніга не мела ніводнага шанцу прайсці незаўважанай. “Anarchy in the UKR” перакладзеная на беларускую!” — можна было б проста нагадаць тым, хто паспеў пра гэта забыць, але калі ў нас ёсць магчымасць паразважаць пра гэты твор, грэх такой магчымасцю не скарыстацца і не прыгледзецца да твора ўважлівей.
Такім чынам, “Anarchy in the UKR”. Адзіная папяровая кніга Сяргея Жадана па-беларуску — але ёсць яшчэ пераклад рамана “Дэпеш мод”, зроблены Таццянай Урублеўскай для часопіса “ARCHE” ў 2006 годзе і асобна выдадзены ў электронным фармаце “Першаком” у 2012-м. У выніку атрымалася, што летась Сяргей Жадан зрабіўся самым выдаваным замежным аўтарам года ў Беларусі.
Кніга складаецца з чатырох раздзелаў, кожны з якіх аб’яднаны больш-менш агульнай тэмай — падарожжа па махноўскіх мясцінах, успамін пра 80-я, Харкаў і яго рэвалюцыя, медытацыя над улюбёнымі трэкамі, — і ўлучае дзесяць тэкстаў. Такая сіметрычная структура кнігі, апроч усяго іншага (напрыклад, чыста вонкавай лагічнасці зместу), працуе на яе цэльнасць і дапамагае сабраць пад адной вокладкай самыя розныя рэчы пра ANARCHY і UKR.
На вокладцы кнігі невялікімі, але вельмі заўважнымі аранжавымі літарамі напісана, што гэта раман. Калі паглядзець інтэрнэт-публікацыі, прысвечаныя выхаду “Anarchy in the UKR” у Беларусі, адразу разумееш, што з жанрам тут усё не так проста: адзін называе кнігу раманам, другі — аповесцю, трэці — зборнікам эсэ. Сам аўтар на прэзентацыі зазначыў, што кніга вельмі эклектычная і што кожны з яе фрагментаў (ці эсэ, як сказаў бы прыхільнік версіі пра зборнік) вылучаецца ўласнай стылістыкай. Мне здаецца, што калі гэта і раман, то хутчэй той раман, якім яго ўяўлялі і якім зрабілі мадэрністы. Гэта яшчэ не плынь свядомасці, як, напрыклад, у знакамітай “Місіс Дэлаўэй” Вірджыніі Вулф, а балансаванне паміж светам уласных думак, уяўленняў і асацыяцыяў і “дзіўным новым светам” — той навакольнай рэчаіснасцю, якая ўжо сама па сабе патрабуе ад пісьменніка новага падыходу. Гэта вельмі новы “новы раман”, які захоплівае чытача і нясе яго на сваёй хвалі (ці той самай плыні), нідзе надоўга не спыняючыся. Міма ўражанага чытача праходзяць неверагодныя і ў той жа час вельмі рэальныя карціны, нібыта ён сядзіць у цягніку і назірае ў акно за навакольным пейзажам: вось яны, 80-я, вось яны, 90-я, уся эпоха як на далоні. Такая “цягніковасць” стылю перадаецца нават на ўзроўні фразы: адна думка чапляецца за другую, як чапляюцца адзін за адзін вагоны таварнага саставу, і вось ужо цягнік спыняецца на наступным прыпынку, і героі выходзяць, каб зразумець, што нікуды яны так напраўду і не прыехалі. У гэтым асаблівасць часу ў “Anarchy in the UKR”: здаецца, што ён застыў, і ты застанешся ў ім назаўжды, як у танным харкаўскім гатэлі.
Адзін з чытачоў беларускай версіі “Anarchy in the UKR” пакінуў на livelib.ru водгук, у якім, апроч усяго іншага, вядзецца пра нізкую якасць перакладу. Не маючы пад рукой арыгіналу і мяркуючы выключна з беларускага тэксту, магу сказаць, што мне пераклад здаецца хутчэй удалым. Нягледзячы на некаторыя нязграбнасці (напрыклад, упартае ўжыванне слова “ўладкоўвалі” ў канструкцыях тыпу “гэтая сітуацыя нас не ўладкоўвала”), моўная плынь са сваімі няправільнасцямі і адметнасцямі, з размоўнымі, слэнгавымі і нецэнзурнымі словамі гучыць натуральна — гэта адначасова літаратурная мова і стыхійная гаворка вуліц (калі ўявіць сабе, што дзесьці на вуліцах стыхійна размаўляюць па-беларуску), жывая субстанцыя, якая сама па сабе ёсць адной з найважнейшых характарыстык твора: яго мова па магчымасці пазбаўленая любой штучнасці. Мне здаецца, гэтую натуральнасць перакладчыку акурат і ўдалося змадэляваць. Зрэшты, магчыма, яго проста захапіў арыгінальны тэкст і павёў за сабой, што ў выпадку з перакладам з блізкіх моваў таксама часам здараецца. З іншага боку, такая блізкасць можа аказацца сур’ёзнай перашкодай. Аднак у гэтым тэксце перакладчык украінізмамі не злоўжывае.
І сам Жадан, і яго персанажы, ці, можа, нават лірычныя героі (бо мы ж ужо вырашылі, што з жанрам “Anarchy in the UKR” усё не так адназначна, як сцвярджае вокладка беларускага выдання), — гэта героі нашага часу. І тады другая частка кнігі, якая называецца “Мае васьмідзясятыя”, аказваецца біяграфіяй гэтага героя, хаця да сваёй біяграфіі ён вяртаецца на працягу ўсёй кнігі. Расказванне гісторыі ў кнізе ператвараецца ў расказванне ўсяго-таго-што-ты-бачыў — але ідучы за аўтарскім адвольным аповедам пра розныя, часам не звязаныя паміж сабой рэчы, раптам разумееш, што ўсё гэта было ад самага пачатку і да самага канца прадумана і ўкладзена ў вельмі асаблівую сістэму. Можна сказаць, што гэта варта прачытаць, бо ў беларускай літаратуры такога няма, але хутчэй за ўсё такога няма больш ні ў кога, апроч Жадана.
Ганна Янкута