Нацыянальны панк-рокавы гурт “Dziеciuki”выступіў у гарадзенскім клубе “Undeground” 11 траўня. “Мы не афішавалі свой удзел у канцэрце, таму што баяліся, што канцэрт забароняць”, – паведаміў Алесь Дзянісаў. Насамрэч, ва ўсіх афішах сярод заяўленых гуртоў значыліся маскоўскія панкі “Zuname” і“Agitators”, а таксама гарадзенскія трэшары “Next”. Чуткі пра тое, што“Dziеciuki” таксама будуць граць, распаўсюджваліся з дапамогай сарафаннага радыё. Ну што ж, калі афіцыйна забаронаў для музыкаў у Беларусі не існуе, то і афішаваных звестак пра ўдзел “небяспечных” гуртоў у канцэрце таксама можа не быць.
“Dziеciuki” спявалі першымі. Троху наладзілі апаратуру і залабалі. Пачалі з “Мужыцкай праўды”. І калі інструменты гучалі нармалёва, то з мікрафонамі рабілася нешта нядобрае – разабраць тэксты было амаль немагчыма. Але ж прыхільнікі гурта ведалі словы на памяць. “Наступная песня – “Сумнае рэгі” – пра тое, як па нашай зямлі пракацілася кола фашызму і камунізму, дзвюх ідэалогіяў, якія не маюць права на існаванне”, – гучала невялічкая перадгісторыя. Пасля “Dziеciuki”заспявалі пра партызанскі рух, не абмінулі ўвагай гарадзенскіх гастарбайтараў ды выканалі жартоўную песню пра тое, што гарадзенскія танкі прыедуць у Мінск. Апошнюю кампазіцыю, шалёнае ска, прысвечанае раварыстам, падтрымалі ўсе прысутныя.
Пасля выступалі маскоўскія музыкі: кельтык-панк гурт “Zuname” і вулічныя панкі “Agitators”. Прысутныя скакалі ды танчылі. У іх нават атрымалася зладзіць слэм у невялічкім памяшканні клуба, які быў больш падобны на звычайны бар. Вылучыўся мужчына ў бела-чырвоным капялюшы і квяцістай кашулі, які як знешне, так і паводзінамі надта нагадваў адваката Гонза з экранізацыі “Страх і нянавісць у Лас-Вегасе”.
Апошнімі гралі трэшары з “Next”. Акурат на пачатак іх выступу ў клуб завіталі міліцыянты. Хтосьці папярэдзіў публіку не паддавацца на правакацыю, але ж ніякай правакацыі не было: трое патрульных, уражаныя сапраўдным трэшам, трошку паздымалі музыкаў на мабілку ды сышлі хвілінаў праз пятнаццаць.
Алена Вольная
Фота: Яўген Кандратовіч