Адны зацвердзіліся ў статусе найлепшых інструменталістаў краіны, другія — прызнаныя майстры акапэльных спеваў. Але толькі цяпер яны знайшлі адно аднаго. Цудадзейнае злучэнне Apple Tea і “Камерата” адбылося 19 красавіка.
На канцэрце ў КЗ “Мінск” музыкі прэзентавалі сумесную праграму. Вакальны гурт расквеціў галасамі музыку джаз-калектыва, а тыя ў сваю чаргу дадалі фарбаў спевам “Камераты”.
З’яўленне музыкаў на сцэне было вельмі эфектным. У першым жа сваім творы “Снега” гурт “Камерата” паказаў усю сваю вакальную моц. Пасля эмацыйнага запеву сямёра вакалістаў расступіліся абапал сцэны, каб былі бачныя музыкі з Apple Tea. “Нас сёння нязвыкла шмат, таму будзе вельмі гучна. Спадзяемся, што наш альянс вам прыйдзецца даспадобы”, — зазначыла вакалістка Вольга Вараб’ёва. І сапраўды, гэты вакальна-інструментальны хаўрус уражваў. Адначасова на сцэне знаходзілася 13 чалавек. І ў кожнага была свая роля.
Часовы павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі Майкл Скэнлан
” alt=”” />
Уласна “Камерата” кожнай сваёй кампазіцыяй дэманструе невычэрпныя вакальныя магчымасці і выключна галасамі дасягае гучання паўнавартаснага гурта, а мо нават і аркестра, а тут яшчэ Apple Tea са сваім фантастычным адчуваннем музыкі і найбагацейшай фантазіяй. Да ўсяго, вакалісты яшчэ схітраюцца танчыць і ператвараць свой выступ у тэатралізаваную дзею. Усё гэта максімальна праявілася ў творы “Жара”, які напісала Вольга Вараб’ёва паводле ўражанняў ад паездкі на Усход, дзе, паводле яе назіранняў, “жанчыны нагадваюць вялікіх чорных птушак”.
Перад выкананнем твора “Люба, хлопцы-дзеўкі” вакаліст “Камераты” Ігар Мельнікаў прызнаўся, што ім раней было сумнавата яе спяваць. А цяпер — зусім іншая справа. Apple Tea адказалі ўзаемнасцю. “Трэба было б перазапісаць нашыя інструментальныя альбомы з вамі”, — зазначыў бубнач Алесь Сапега. — “Мы не супраць”, — быў адказ, і музыкі разам выканалі “Івалгу” з альбома Apple Tea “Bee’s dance”. Гэтую праграму якраз і мяркуецца запісаць наноў з удзелам “Камераты”.
Яны яўна знайшлі адно аднаго. У захапленні ад выступу былі ўсе — і самі музыкі, які адно аднаму пляскалі, і гледачы, якія горача падтрымлівалі кожную кампазіцыю, і нават асвятляльнік КЗ “Мінск”, які зачаравана лавіў кожную ноту з-за сцэны і прызнаўся, што за працяглы час сваёй працы тут нічога падобнага не чуў.