Канцэртам у мінскім Палацы спорту J:Морс 19 снежня працягнулі працы па электрыфікацыі ўсёй краіны, сімвалічна запаліўшы пры гэтым свечку на вялікіх экранах і заклікаўшы эканоміць электраэнергію. Чатыры тысячы гледачоў у гэты вечар змаглі пачуць усе галоўныя хіты каманды Уладзіміра Пугача, прычым некаторыя з іх былі пададзеныя ў нязвыклым выглядзе.
“Я запомніў кожнага, хто быў тут на нашым канцэрце летась. Цяпер я бачу шмат новых твараў”, — радаваўся як дзіця практычна поўнай зале Палаца спорту Уладзімір Пугач. За пару хвілінаў да гэтага ён пераймаўся, ці шмат прыйшло людзей на самы адказны канцэрт J:Морс у 2011 годзе, намагаючыся разгледзець залу праз святло пражэктараў. Перад выхадам музыкаў на сцэну на вялікія экраны была сімвалічна выведзеная выява свечкі, што гарэла.
Канцэрт у сталіцы прайшоў пад канец восеньска-зімняга туру “морсаў” пад назвай “Электрыфікацыя ўсёй краіны”, з якім музыкі аб’ездзілі амаль усю краіну. Удзячная публіка наэлектрызавалася імгненна — з першага ж трэку “Электричество” Уладзіміру пачалі актыўна падпяваць. Той шчыра цешыўся гэтаму ды раз-пораз накіроўваў мікрафон у залу, а часам падыходзіў да самага краю сцэны, каб разгледзець сваіх слухачоў. “Усё з намі будзе добра”, — абнадзеіў усіх спявак пасля выканання беларускамоўнай версіі песні “Маё сонца”. Зацягнуў Пугач было і “Глядзі” па-беларуску, але з другога слова перадумаў ды выканаў яе ў рускім варыянце. “Вам прывітанне ад Ромы Арлова, ён рыхтуе канцэрт у Re:public”, — паведаміў лідар гурта, даючы зразумець, што з экс-гітарыстам сваёй каманды захаваў добрыя адносіны.
J:Морс вырашыў не граць усю новую праграму цалкам, паставіўшы на хіты з ранейшых альбомаў. Недзе пасярод канцэрту Уладзімір Пугач папрасіў адключыць святло на сцэне. Музыкі сышлі на пару хвілін, каб паказаць, што яны выступаюць за эканомію святла ды энергетычную бяспеку краіны. У поўнай цемры пад клавішы Канстанціна Гарачага вакаліст “морсаў” заспяваў “Адлігу”. Сэт са спакойных песняў было вырашана працягнуць. Дзеля гэтага быў пакліканы Уладзімір Грам, прадстаўлены Пугачом як “найлепшы акардэаніст Заходняга Палесся”, з ім разам спявак спрабаваў прадставіць зусім новую песню, але трохі блытаўся яшчэ ў словах, а потым зацягнуў парачку кранальных баладаў, як “Дзесьці” і “Снилось”. Не ўсе пазналі адразу “Так-цік-так”, сыграную ў павольным варыянце, падрыхтаваную колісь для жывой праграмы “Канцэрт у тэатры”. Ігар Ляўчук з флейтай, а таксама Канстанцін Гарачы з Уладзімірам Грамам ператварылі адзін з галоўных хітоў J:Морс у шыкоўны джазавы нумар.
Сюрпрызы для адданых прыхільнікаў на тым не скончыліся. Пугач вырашыў выканаць рэдкую незапісаную песню “Родная”, заклікаўшы скарыстацца магчымасцю ды зафіксаваць яе на тэлефоны. А потым заявіў выкананне яшчэ адной нібыта рэдкай песні, якой аказваўся даўні хіт “морсаў” “Айсберги”, выкананы таксама ў істотна іншай аранжыроўцы.
На сканчэнне музыкі пакінулі свае галоўныя хіты, і пасля выканання “Апреля” на другой гадзіне канцэрту падавалася, што выступ “морсаў” скончаны. Але Пугач працягваў і не сыходзіў са сцэны яшчэ паўгадзіны. Ён нібы развітаўся на “Web-дизайне”, названай “рэтра-шлягерам”, але заспяваў яшчэ “100 дорог” і “Ледоколы” ды пажадаў усім “любіць адно аднаго ды ўздымаць краіну”. Але ўсё адно яго не адпусцілі. Падарункам самым цярплівым былі “Беларускае золата”, падчас якога на экранах зноў запалілася сімвалічная свечка, ды “Медленная зима”.
Мікалай Дубавіцкі, фота – Аляксандр Ждановіч