У Горадні распачалася амаль тыднёвая праграма, звязаная з імем пісьменніцы Элізы Ажэшкі.
У першы день праграмы быў зладжаны літаратурна-музычны салон “Ціхая справа міласэрнасці: дабрачынная дзейнасць Элізы Ажэшкі”, які адкрыў прадстаўнік гарадзенскіх уладаў Павел Скрабко.
На амаль чысцюткай беларускай мове спадар Павел расказаў прысутным пра акцыі і сумесную працу разам з бібліятэкай імя Карскага і праектам “Жывая гісторыя”.
— Праект ужо амаль год крочыць па Гарадзеншчыне, — сказаў Павел Скрабко. — Гэта будзе адметная акцыя ў жыцці нашага горада і нашай дзяржавы. Бібліятэка Карскага даўно ладзіць імпрэзы для дзяцей-сірот і запрашае іх да сябе, дорыць ім падарункі. І мы вырашылі ўзняць гэта на больш высокі ўзровень, зрабіць мерапрыемства больш насычаным, таму ўвесь комплекс пачынаецца сёння салонам “Ціхая справа міласэрнасці”. Пра міласэрнасць не трэба крычаць, яна павінная ісці ад душы. Галоўным мерапрыемствам будзе аўкцыён, які даўно не праводзіўся на Гарадзеншчыне. Гарадзенскія мастакі далі 17 працаў, што выстаўленыя на першым паверсе дома Ажэшкі. Усё, што мы атрымаем, будзе пералічанае на рахунак нашага абласнога дзіцячага фонду, за гэтыя грошы будуць набывацца падарункі дзецям-інвалідам.
Вялікі канцэрт “Каляды ў Элізы Ажэшкі” адбудзецца 22 снежня ў будынку дзяржаўнага ўніверсітэта на Леніна, 32.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі