Фолк-фестываль «Камяніца» стаў ледзь не адзіным буйным беларускім фестывалем, які перажыў усе мінулагоднія цяжкасці і адбыўся другі год запар. Музей народнай архітэктуры і побыту стаў удалай пляцоўкай для правядзення мерапрыемстваў такога кшталту: ёсць месца як для музыкі — вялікі луг пад сцэну і танцпляц, так і для адпачынку — цудоўная карчма з уласна вырабленымі хлебам і медавухай, шматлікія забавы і, канечне ж, магчымасць паглядзець старыя архітэктурныя помнікі, некаторым з якіх ужо па некалькі сотняў гадоў.
Гэтым разам арганізатары фестывалю апынуліся ў даволі складанай сітуацыі, калі на адзін і той жа дзень выпалі, апроч «Камяніцы», яшчэ два маштабных мерапрыемствы — фестываль «Аксамітны сезон» і «Кубак Піва». Але пераможцам у гэтай завочнай барацьбе стаў менавіта фолкавы фестываль. Учора, верагодна, колькасць гасцей музея была рэкорднай за ўсе часы яго існавання: усе пад’езды да музея былі застаўленыя машынамі, у аўтобусы і маршруткі ўсе ахвотныя змяшчаліся з вялікай цяжкасцю, а чарга ў касу па квіткі выгіналася, як змейка. Дарэчы, усе сродкі ад продажу квіткоў пайшлі на падтрымку самога музея, экспазіцыі якога неабходная рэстаўрацыя.
Музычны складнік фестывалю атрымаўся разнастайным, і гледачам не было калі сумаваць. Арганізатары жадалі прадэманстраваць розныя бакі сучаснай фолк-культуры, ад архаічных спеваў да сучасных апрацовак вядомых народных песняў.
Адкрываць фестываль давялося гурту GUDA, рэпертуар якога складаюць абрадавыя песнi — найбольш архаiчны пласт традыцыйнай народнай культуры. У акапэльным выкананні гурта можна было пачуць песні, якія ўжо нават не сустракаюцца ў побыце.
Услед за імі выйшлі гурты-пераможцы адборачнага конкурсу да фестывалю — «Рокаш» і Befolk. Калі мінчукі ўжо зрабіліся добра вядомымі, выступаючы на шматлікіх фестывалях як на радзіме, так і за яе межамі, то гомельскі гурт Befolk толькі выходзіць на вялікую сцэну.
Руся, гурт Akana
Эксперыменты працягнуліся і далей. Гурт Akana спяваў этнічныя песні з фанкавымі рытмамі і джазавымі інтанацыямі, а яшчэ адзін гомельскі гурт, «Бан-Жвірба», парадаваў гледачоў каларытным фолк-рокам, спалучаючы народныя песні з сучаснымі рок- і поп-інтанацыямі.
Невялікі аркестр пад кіраўніцтвам Лёні Паўлёнка «Маланка Orchestra» вылучаўся з шэрагу іншых выступоўцаў сваімі рытмамі, хутчэй балканскімі, чым беларускімі. Затое пад гэтыя завадныя мелодыі публіка ля сцэны змагла дасхочу патанчыць.
Лявон Вольскі
Сапраўднае яднанне публікі адбылося падчас выступу Лявона Вольскага, калі ўвесь натоўп разам спяваў знаёмыя і любімыя песні. Былі узгаданыя песні з «Народнага альбому» («Казік», «Юзік», «Надзенька»), этнічныя напевы з «Застольнага альбому» «Крамбамбулі» («Балада пра Шэйна-Джэка О’Конэлі»), песні з новай праграмы «Белая яблыня грому» («Скандынаўская песня») і, канечне ж, сапраўды народны хіт «Госці».
Калі сонца пачало хавацца за гарызонтам, на сцэне з’явілася этна-трыа «Троіца». Шаманства Івана Кірчука і ягоных калегаў цудоўна пасавала сутонліваму бязветранаму вечару. А калі людзі пачалі карагодзіць, не хапала толькі вялікага вогнішча, каб уявіць, што гэта ўсё адбываецца некалькі стагоддзяў таму падчас якога-небудзь паганскага свята.
Утаймаваныя такім неверагодным паглыбленнем у старажытныя часы, гледачы працягнулі танцы пад фолк-мадэрн гурта «Палац».
Магчыма, для таго, хто ўпершыню паглыбіўся ў беларускі фальклор, стала вялікім сюрпрызам яго разнастайнасць, якая вельмі адрозніваецца ад звыклага тэлевізійнага фальклору: можна было танчыць, можна было зачаравана слухаць голасныя спевы ці разам з усімі спяваць вядомыя народныя песні. Будзем спадзявацца, што фестываль «Камяніца» застанецца штогадовым і будзе не толькі пашырацца сам, але і пашыраць светагляд гледачоў новым і цікавым фолкам.
Глядзі таксама: