На гэтым тыдні ў “Карціне дня” – апакаліпсіс: палотны, прысвечаныя эсхаталогіі, думкам пра канец свету, і проста чарнуха, якую мы адшукалі ў сучасных беларускіх мастакоў.
Пра аўтара:
Аляксандр Некрашэвіч, нарадзіўся ў 1973 годзе ў вёсцы Бобрык Брэсцкай вобласці. Жыве і працуе ў Беларусі. У 1997 скончыў аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2004 – сябра Беларускага саюза мастакоў.
Гендэрныя жарты
Апакаліпсіс, што адбываецца на карціне Аляксандра Некрашэвіча, страшны, бо тут мастак апелюе да таго, што гэтая аддаленая, абстрактная падзея са сцертым тварам прыйдзе персанальна да кожнага і персанальна гэтаму кожнаму зазірне ў вочы. Гэта такое сабе аўтарскае бачанне Смерці з касой ад чалавека, які хаця і не перажываў разам з усімі савецкімі людзьмі Карыбскі крызіс, але нарадзіўся яшчэ ў тую эпоху, калі ядзерная і супрацьядзерная істэрыя пакідала глыбокі след не толькі ў памяці, але і характары чалавека. І гэты пранізлівы позірк жанчыны тут менавіта да таго: маўляў, я сачу за вамі, і калі прыйдзе час, зазірну так глыбока, што зробіцца блага.
Але з іншага боку, апакаліпсіс – гэта проста такая сабе спроба перавесці ў плоскасць актуальнага мастацтва цэлы пласт жартаў пра тое, як і колькі часу жанчыны праводзяць перад люстрам. Не тое каб гэта было вельмі дасціпна, але нават у гэтым банальным фальклоры мастак знаходзіць пра што расказаць. Дарэчы, праца выкананая такім чынам, каб у гледача з’явілася ўяўленне пра мастака як пра высокадухоўную асобу. Яна нават называецца “Афіна”, відаць, дзеля таго, каб мы падумалі пра грэцкую багіню вайны, што адначасова з’яўляецца і вобразам жаноцкасці. Не гаворачы ўжо пра тое, што ў гэтым манахроме старанна зацертае ўсё, праз што мастака можна было б абвінаваціць у інсітнасці, схільнасці да салоннага мастацтва, хуліганства.
Вось у гэтым і палягае ўвесь Апакаліпсіс. Палатно пра яго, пра жаноцкасць і барацьбу напісанае з вялікай любоўю і вынаходлівасцю, а да ўсяго, яшчэ і старанна падрыхтавана на продаж.
|