Гомельскі “Кірмаш праектаў. Музыка”, які зладзіла кампанія “Будзьма беларусамі!” 17 кастрычніка, паспяхова сабраў зацікаўленых у развіцці музычнай сферы гамельчукоў. Музычны кірунак гэтага “Кірмашу” быў абраны адмыслова, бо падазрэнні адносна Гомеля як музычна адметнага горада існуюць. І яны пацвердзіліся. У канферэнц-зале гатэля “Замкавы” былі прадстаўленыя 7 праектаў абсалютна рознага характару.
Каб стварыць адпаведную атмасферу, пачалі гэтую сустрэчу незвычайна – выступам цудоўных музыкаў з дэльты Сажа, блюзмэнаў Place to be, у акустычным складзе. І тон быў зададзены цудоўна. Пасля вітальнага слова арганізатараў прысутныя канструктыўна, хоць і горача, з запалам, абмяркоўвалі прадстаўленыя праекты.
Вячаслаў Сухоцкі расказаў пра ўжо вядомы гамельчукам праект энцыклапедычнага анлайн-рэсурсу і такой жа кнігі “Гісторыя музыкі г. Гомеля”. З безумоўна добрых навінаў – тое, што будучая кніга займела рэдактара, якім стане вядомы музыка Аляксандр Цыганок. Аўтар па-ранейшаму чакае дадатковай інфармацыі ад гомельскіх музыкаў, даслаць якую можна яму на мэйл (v.sukhotsky@gmail.com).
Дзяніс Туміловіч расказаў пра Школу маладых прадзюсараў – грамадска значны праект, закліканы раскрываць музычныя таленты краіны. Планы ў каманды сапраўды напалеонаўскія, а галоўным з рэсурсаў, які шукаецца цяпер, ёсць інфармацыйная падтрымка.
Блюзмен Уладзімір Малюкоў падзяліўся досведам арганізацыі “Фэсту вулічнага мастацтва”. Ідэя стварэння пешаходнай вуліцы была прадстаўленая на першым гомельскім Кірмашы і цяпер залунала ізноў, толькі з улікам дасягненняў і памылак, што мелі месца на восеньскай вулічнай акцыі падчас “Сожскага карагоду”.
Музыка Kapa Docsam падзяліўся планамі па стварэнні музычнага гурта, аналагаў якому ў Гомелі яшчэ не было, і, больш за тое, паказаў, як творчасць і любоў могуць вылечыць прастору, у якой мы жывем. Ідакі – аўстралійскі музычны інструмент, далучыцца да грання на якім вы можаце, звязаўшыся з музыкам-наватарам.
Вядомы музыка і арганізатар канцэртаў Іван Марозька падзяліўся планамі па стварэнні опэн-спэйс пляцоўкі ад аб’яднання “On promo”. Вялікі досвед малых канцэртаў, які ён мае як арганізатар, мусіць трансфармавацца ў культурніцкі кластар, па аналогіі са сталічнымі “Ў”, “Арт-сядзібай” ды віцебскім Vitebsk4me. Інфармацыйнай платформай будучага кластара магла б стаць вядомая, але цяпер “замарожаная” пляцоўка TheMag (глядзець яе прэзентацыю тут).
ГА “Талака” і мясцовая філія “Таварыства беларускай мовы” прадставілі праект складанкі беларускамоўнага караоке, які шукае аднадумцаў, кампазітараў і валанцёраў. Цікава, ці абгоняць “талакоўцы” сталічнага журналіста Іллю Маліноўскага, які ладзіць караоке-вечарыны і ўжо мае больш за паўсотні трэкаў, ці, магчыма, спрацуюцца з ім у агульнай справе.
Сталічны госць Дзяніс Голін стаў яшчэ адным музычным адкрыццём вечара, прадэманстраваўшы свой праект Like A Gossamer, які абсалютна зачараваў публіку. Шумавыя замалёўкі – soundscape composition, вершы-апрацоўкі фальклорных сюжэтаў і манатыпічнае аздабленне – усё гэта ўжо праектна падрыхтаванае да выдання і чакае магчымых партнёраў.
Атмасфера абмеркавання выйшла цёплай, па-сямейнаму ўтульнай і прафесійна канструктыўнай. “Узрадавала тое, што ў Гомелі людзі шукалі не столькі мецэнатаў ці спонсараў, колькі адно аднаго: партнёраў, аднадумцаў, аўдыторыю. Гэта толькі пацвярджае, што сам фармат “Кірмашу праектаў” найперш камунікацыйны – цікавы і запатрабаваны, калі збіраюцца адмыслоўцы з ідэямі, меркаваннямі, пытаннямі і прапановамі. Менавіта ад публікі ёсць пажаданне даць наступнаму “Кірмашу” тэматычную скіраванасць на выяўленчае мастацтва, дызайн, візуальныя практыкі. Пра што мы сур’ёзна і задумаліся“, – дзеліцца ўражаннямі ад мерапрыемства рэгіянальны каардынатар кампаніі Кацярына Раманчык.
Актыўна дзелячыся парадамі адно з адным, людзі зафіксавалі галоўнае ў раздадзеных анкетах, каб выявіць самыя перспектыўныя з праектаў. Ужо традыцыйна для ”Кірмашу” прадстаўленыя праекты атрымалі высокія ацэнкі гледачоў у сваёй актуальнасці і важнасці для горада і не заўсёды адназначныя, але ўсё ж аптымістычныя меркаванні наконт магчымасці іх рэалізацыі.
Кампанія “Будзьма беларусамі!” запрашае ўсіх актыўных і неабыякавых людзей, чыё жыццё ўжо паляпшае музыка і хто жыве, каб добрай беларускай музыкі ў розных праявах стала больш, пазнаёміцца з прэзентацыямі праектаў-удзельнікаў, і, спадзяемся, разам мы здолеем паспрыяць іх хуткай і паспяховай рэалізацыі.
Вынікі галасавання гледачоў:
№ пп | Назва праекта | Актуальнасць і унікальнасць ідэі | Важнасць для мэтавых груп | Магчымасць рэалізацыі | Сярэдні бал |
1 |
Вячаслаў Сухоцкі – “Гісторыя музыкі г. Гомеля” |
8,2 |
8,1 |
8,9 |
8,4 |
2 |
Дзяніс Туміловіч – Школа New Mix Studio |
7,2 |
7,4 |
6,9 |
7,2 |
3 |
Уладзімір Малюкоў – “Фэст |
9 |
9 |
6,6 |
8,2 |
4 |
Іван Марозька – оўпэнспэйс пляцоўа аб’яднання “On Promo” |
8,7 |
8,8 |
8,1 |
8,5 |
5 |
Kapa Docsam (Уладзіслаў Старынскі) – “Рэха Зямлі”) |
8,2 |
7,3 |
7,9 |
7,8 |
6 |
Яўген Меркіс, ГА “Талака” і “ТБМ” – “Складанка беларускамоўнага караоке” |
8,9 |
8,6 |
9 |
8,8 |
7 |
Дзяніс Голін, гурт Like a Gossamer, Мінск – музычны альбом “Клятва вернасці” |
8,8 |
8,1 |
8,9 |
8,6
|
фота – Аляксандр Ждановіч