100-годдзе Чэслава Мілаша адзначылі ў Мінску ў межах фестывалю “Вялікае княства паэзіі”. З нагоды юбілею нобелеўскага лаўрэата было прадстаўлена чатырохтомнае беларускае выданне твораў паэта. Яго вершы ў гэты вечар гучалі са сцэны па-беларуску, па-руску, па-літоўску, па-польску, а таксама па-купалаўску і па-дыланаўску.
Рышард Крыніцкі (Польшча)
Андрэй Хадановіч
Імпрэза, што прайшла ў залі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, была звышнасычанай. У гэты вечар тут адзначалі 100-годдзе Чэслава Мілаша. Дзеля гэтай падзеі ў Мінск з’ехаліся культавыя паэты сваіх моваў і культур з Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі, каб пачытаць творы Мілаша ды свае яму прысвячэнні. У фае ў гэты вечар адкрылася выстава “Чэслаў Мілаш і жыццё”, рэалізаваная дзякуючы варшаўскаму літаратурнаму музею імя Адама Міцкевіча. У межах гэтай жа імпрэзы прайшла прэзентацыя беларускага выдання Мілаша ў чатырох тамах. Творы з кніг “Выратаванне”, “Даліна Ісы”, “Родная Еўропа” і “Зямля Ульра” не чыталі – выконвалі акторы Купалаўскага тэатру – Раман Падаляка і Зоя Белахвосцік, а таксама Андрэй Хадановіч у музычным суправаджэнні гурта “Рацыянальная дыета”. Уласна гэты літаратурна-музычны сэт быў яшчэ адной нагодай – каб прэзентаваць аўдыёкнігу Чэслава Мілаша “Чалавек шматпавярховы”. Чытаныя на розных мовах, яны з’явіліся адначасова ў 10 гарадах свету.
Данатас Пятрошус (Літва)
Марьяна Кіяноўская (Украіна)
Пасля вітальных слоў ад рэктара Акадэміі музыкі Кацярыны Дулавай ды амбасадара Польшчы ў Беларусі Лешака Шарэпкі слова ўзяў Рышард Крыніцкі. Прадстаўляючы яго, Андрэй Хадановіч зазначыў, што не да канца верыў у тое, што польскаму творцу дадуць беларускую візу. “Але, відаць, аматары паэзіі ў цывільным не дакапаліся да яго вершаў часоў “Салідарнасці”, – зазначыў вядучы. Звычайна нешматслоўны пан Рышард гэтым разам прамаўляў з ахвотай, згадаўшы апошнюю сустрэчу з Мілашам за два месяцы да яго смерці. “Ён казаў, што бачыць апошнія рэчы, а я не набраўся смеласці распытаць падрабязней пра тыя вобразы, якія прыйшлі тады да яго”, – са шкадаваннем прызнаваўся паэт і заявіў, што лічыць Мілаша такой жа велічынёй, як Міцкевіча.
Кшыштаф Чыжэўскі (Польшча)
Андрэй Хадановіч і гурт “Рацыянальная дыета”
“Мілашу б спадабалася ў Беларусі, – заявіў вядомы польскі культурны дзеяч Кшыштаф Чыжэўскі, які добра паездзіў па нашай краіне, завітаў і на малую радзіму паэта. – Ён заўжды казаў, што самы вялікі праклён – пазбавіцца каранёў. Сам ён іх трымаўся і ўсіх нас вучыў гэтаму”.
Яўгеніюс Алешанка (Літва)
Наталля Гарбанеўская
Раман Яраш
Паэзія Мілаша ў гэты вечар гучала ў выкананні Яўгеніюса Алешанкі па-літоўску. Культавы літоўскі паэт заявіў, што праз 200 год праз творы Мілаша будуць спазнаваць усё ХХ стагоддзе. Жыхарка Парыжу, грамадзянка Польшчы, расійская паэтка і дысідэнтка, якая ў 1968 годзе выйшла на Чырвоную Плошчу на знак пратэста супраць уводу савецкіх танкаў у Прагу, Наталля Гарбанеўская чытала “Campa di Fiori” і “Баладу” па-руску. Марыяна Кіяноўская – па-ўкраінску, а бард Раман Яраш па-дыланаўску выканаў “Песеньку пра канец свету”.
Ганна Янкута
Лявон Баршчэўскі
Пра значнасць творчасці Мілаша і перакладаў яго твораў на беларускую мову добра выказаўся Лявон Баршчэўскі. “Гэта творца, які запоўніў пэўныя нішы ў нашай літаратуры. Тое, чаго няма ў Гусоўскага, Багдановіча, Купалы, Коласа, тое ёсць у неаб’емнай спадчыне Мілаша”.
актор Раман Падаляка
Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Зоя Белахвосцік
У тры гадзіны такую імпрэзу яўна было не ўкласці. Лагічным яе працягам будуць яшчэ два мерапрыемствы 9 верасня. Аб 11.00 у галерэі “Ў” – круглы стол “Мілаш шматпавярховы”, а 19.00 у палацы ветэранаў на вершы Мілаша будзе спяваць Тацяна Беланогая, а свае прысвячэнні паэту прачытаюць Марыя Мартысевіч і Віталь Рыжкоў.