“Ляпісы”: апошнія каралі апошняй “Рок-каранацыі”

15.03.2009 Музыка

“Ляпис Трубецкой” — лепшы беларускі гурт году, паводле экспэртаў штогадовай музычнай імпрэзы “Рок-каранацыя”, якая ладзілася 14 сакавіка. Таксама творчасьць “ляпісаў” вызначаная лепшай у намінацыях “альбом году” (Маніфэст), і “песьня году” (Зорачкі). Трынаццатая “Рок-каранацыя” ўпершыню ладзілася па-за Менскам — у Маладэчна.

Імпрэзу распачаў гурт “Neuro Dubel” — папярэдні пераможца “Рок-каранацыі”. Прызы за лепшую песьню і лепшы альбом “ляпісам” ўручаў Зьміцер Падбярэскі, аўтар першай “Энцыклапедыі папулярнай беларускай музыкі”. Таксама сярод тых, хто ўручаў прызы: Максім Жбанкоў, журналіст і музычны крытык, Андрэй Скурко, рэдактар “Нашай нівы”, Сяргей Анішчанка, вэтэран беларускага рок-руху, Леанід Дранько-Майсюк, літратар, Вольга Кузьміч, прадстаўнік парталу generation.by.

Уласна прызы-кароны выносілі дзяўчаты з палацавай студыі прыгажосьці “Шарм” пад кіраўніцтвам Зінаіды Уладыка. Вялі імпрэзу  Аляксандар Памідораў ды Іна Кашырына. Разам з каронай пераможцу ўручалі бутэльку шампанскага, пры тым, то на ўваходзе ахова правярала наведнікаў на наяўнасьць сьпіртовых напояў у торбах і заплечніках.

Перад пачаткам канцэрту электырчкі Менск — Маладэчна былі запоўненыя пад завязку маладымі людзьмі. Паўсюл у вагонах гучала беларуская мова. Уласна ў залі маладэчанскага Падлацу культуры свабодных месцаў практычна не было.

Наведнік Аляксей:

— Прышоў сюды, каб пабачыць, як прасоўваюцца беларускія гурты.

— Я Кася Шумская, на “Рок-каранацыі” ўпершыню. Квіток сюды выйграла дзякуючы віктарыне кампаніі “Будзьма!”. Вельмі радая, што жыўцом пабачыла шмат музыкаў: напрыклад, ніколі не была на канцэртах “Троіцы”.

Акурат “Троіцы” каардынатар кампаніі “Будзьма!” Ніна Шыдлоўская ўручыла прыз у намінацыі “Традыцыі і сучаснасьць”. Таксама “Будзьма!” Уручыла свае прызы лідэру гурта “neuro Dubel” Аляксандру Кулінковічу. Іншыя намінацыі і пераможцы склалі наступны сьпіс:

— Рок-князёўна: Ганна Хітрык з гурту “Детидетей”, артыстычная і выразная, але запісаная ў рокеры хутчэй за непапсовасьць, чым за рокавасьць;

— Адкрыцьцё году: “Esprit”, створаны ў 2007 годзе, дэбютавалі ў 2008; вакал – жаночы, плюс мужчынскі рэчытатыў;

— За ўнёсак у разьвіцьцё беларускага рок-н-ролу: “Zartipo” ў складзе Андрэя Іванова (гітара) і “магнітафона”. Гурт аднаго выканаўцы. Канцэпцыя – мінімалізм і гітарная імправізацыя. На слых — псіхадэлічнага і рэзкага гучаньня;

— Выканаўца году: Віталь Артыст (“Bez Bileta”);

— Кліп году: “Мечтатель”, гурт “Bez Bileta” паводле журы, абраны лепшым праз прывабную творчую безадказнасьць;

Спэцпрызы  атрымалі:

“Садъ” — досыць сталы гурт. Было прамоўлена, што нельга ўрэшце рэшт не ацаніць яго заслугі. У адказ “Садъ” прасьпявалі пра тое, як выжыць у сьвеце, не папсаваўшы нэрваў. На недахоп гумару музыкі не пакутуюць.

“Авангардшкола”  — панкі з Магілёва. Пачалі выступ ціхмяна і пра каханьне, але, нягледзячы на просьбы, скончылі яго не вядомай “Вішняй”.

“Князь Чарадзей” – іх гісторыя налічвае дзесяць гадоў. Назва ўзятая на гонар легендарнага полацкага князя замест колішняй “Белыя росы”. Адна з выкананых песень была на словы Караткевіча, другая – “Гусьляр” – на словы кіраўніка ВІА.

“IQ-48” былі прызнаныя галоўнымі марсіянамі. Яны паспрабавалі адшукаць у залі маладэчненскіх кітайцаў – ці кітайскіх маладэчненцаў. Экзотыку да экзотыкі цягне.

Глядачка Юля:

— Чаканьні ад “Рок-каранацыі” спраўдзіліся, хоць ніколі тут не была, бо насамрэч мне больш падабаецца метал. А з тых, хто быў на сцэне, найбольш запомніўся  “Ляпис Трубецкой”.

Ад наступнага году фармат “беларускага Грэмі” зьменіцца. З назвы зьнікне слова “рок”, у спаборніцтве змогуць удзельнічаць выканаўцы іншых музычных жанраў.

Фота — Юра Сідун, generaton.by

***

Глядзець  фотарэпартаж на generation.by

Глядзець фотарэпартаж на ultra-music.com