Першае верасня 2010 года прынесла новыя адкрыцці не толькі першаклашкам ды іншаму шкалярству. Менавіта ў гэты дзень Лявон Вольскі распачаў сваю кар’еру бармэна ў моднай кавярні “Малако”. Перад гэтым, вядома, апрануўшыся прыстойна – у камізэльку ды кашульку – падпярэзаўшыся фартукам і нават прыляпіўшы да стойкі беларускамоўную “шпаргалку” з коштамі. У такім выглядзе ён быў трохі падобны да ўратавальніка загубленых алкаголем душ з кінафільма ці то пра мафію, ці то пра каўбояў, а можа, і пра парыжскую багему міжваеннага перыяду.
Напоем вечара была “Крывавая Мэры”, якую Лявон з віртуознасцю прафесіянала змяшаў за вечар, відаць, больш за дзесятак разоў. Убачыўшы знаёмы твар, той-сёй замаўляў “Крамбамбулю”. Вядома, пыталіся і пра творчыя планы. Лявон з большага пераходзіў на жарты, хоць яму і не было чаго саромецца – акурат у мінулыя выходныя праект “Крамбамбуля” з вялікім поспехам адыграў новую праграму на фэсце “Навальніца”.
Падобныя выхады ў свет фронтмэна “NRM” плануюцца ў “Малацэ” і далей па серадох.