Мой родны цмок, як ты мне мілы: чатыры погляды экспертаў

01.03.2012

Ірына Дубянецкая, Жанна Грынюк, Сяргей Харэўскі і Марыя Кавальчук паразважалі наконт існых турыстычных сімвалаў Беларусі, выказалі сваё меркаванне наконт таго, ці можа ўвайсці ў іх шэраг Цмок, і далучыліся да галасавання на сайце “Будзьма беларусамі!”, абраўшы свайго Цмока.

Жанна Грынюк: “Цмок мне чужы, але ён здольны прыцягнуць турыстаў”

 

Жанна Грынюк
Жанна Грынюк

Пералічваць турыстычныя сімвалы Беларусі дырэктар Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій SАТІО і старшыня аргкамітэта конкурсу “Брэнд года” Жанна Грынюк можа доўга. У яе разуменні сімвалам можа выступаць і чалавек, і легенда, і аб’ект, і месца, і нават падзея, бо ўсе яны патэнцыйна сімвалічныя. Таму найперш называе зубра ды бусла, васілёк, бібліятэку, вобраз Мірскага замка, плошчу Перамогі… Пры гэтым Жанна не бярэцца казаць, што ёй персанальна даспадобы, што ёсць прапагандай савецкай і сучаснай. Але што да Цмока, то тут эксперт заяўляе: “Асабіста мне ён чужы, хоць яго можна разглядаць як легенду, з дапамогай якой можна прыцягнуць увагу да пэўных мясцін. Каб належным чынам абраць сімвал, трэба пачынаць не з малюнкаў, а з даследаванняў самаідэнтычнасці, вонкавага ўспрымання ды выбудоўваць семантыку будучага вобраза. Што менавіта з дапамогай яго мы можам сказаць, які мэсідж маем для сваіх нашчадкаў ды ўсяго свету? А калі вы проста будзеце маляваць цмокаў, гэта будзе прыблізна такім жа падыходам, што абрала савецкая прапаганда”. У галасаванцы Жанна не спынілася на пэўным варыянце, але падкрэсліла: “У якасці сімвала Беларусі не абяру ніводнага, але калі разглядаць іх як легенду ці міф канкрэтнай мясцовасці дзеля прыцягнення турыстаў і пазіцыянавання, то галасую за ўсіх!”

Сяргей Харэўскі: “Шчупак лепшы за Цмока”

 

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

Гісторык, мастак і літаратар Сяргей Харэўскі мяркуе, што сімвалы савецкіх часоў, такія як Брэсцкая крэпасць, Курган Славы, Хатынь, з шэрагу прычынаў страчваюць сёння сваю актуальнасць альбо ўжо не прыцягваюць турыстаў. “Застаецца бусел, які ёсць не толькі ў нас. Зубр, супраць якога не маю анічога супраць. Камянецкая вежа, замак у Міры — з шэрагу тых прыцягальных турыстычных сімвалаў. Можна актыўна развіваць такі сімвал, як Вада, нашы рэкі і азёры. Беларусь — краіна чыстай вады, шыкоўна можна было б падаць гэты слоган. Смялей бы падступаць да хрысціянскіх сімвалаў: Край Маці Божай, край святых абразоў, у нас іх дзясяткі вядомых”. На думку Сяргея, Цмок мог бы ўпісацца ў лік сучасных турыстычных сімвалаў. Сам ён выбірае Цмока Паазернага. Але на меркаванне эксперта, гэты альбо нейкі іншы цмок можа стаць сапраўдным сімвалам пры пэўнай умове: “Гэта стане магчымым тады, калі ў нашым грамадстве будзе кансэнсус. Калі ўсе будуць ведаць паданні, фальклор, казкі, легенды, напрыклад, пра Цмока возера Балдук. Пакуль жа я цвёрда перакананы, што людзі не ведаюць, пра што вядзецца, і ўсё гэта трывала асацыюецца з кітайскім календаром і міфалогіяй. Як “модная кітайшчына” яно і будзе ўспрымацца. Да ўсяго, у беларускім фальклоры гэты вобраз двухсэнсоўны: гэта той Цмок, выгляд якога прымае д’ябал, якога забівае Святы Юры, ахоўнік Беларусі. У гэтым сэнсе Цмок — няўдалы персанаж. У нашай традыцыі больш бы пасаваў у якасці сімвала казачны гіганцкі Шчупак, напрыклад”.

Ірына Дубянецкая: “Цмок можа сімвалізаваць нашае ўнутранае багацце”

 

Ірына Дубянецкая
Ірына Дубянецкая

Філосаф і тэолаг Ірына Дубянецкая кажа пра тое, што турыстычных сімвалаў можа быць шмат, калі ўлічваць, што ёсць сімвалы краінаў і ёсць сімвалы розных мясцовасцяў. Калі ж вылучаць сімвалы жывёльныя, то тут эксперт называе найперш Каня, таго самага, з вершнікам. У касмаганічным сэнсе ён пакліканы змагацца з сіламі цемры. На яе думку, другім такім сімвалам якраз можа стаць Цмок, хоць, у адрозненне ад Каня, ён не ўвайшоў у геральдыку. “Ёсць шмат краінаў, якія асацыююць свае землі менавіта з Цмокам, а ў беларусаў ён нідзе не з’яўляецца на гербах. Відаць, ён быў больш унутранай, схаванай з’явай. Ён з’яўляецца ў легендах і песнях. У каляндарным фальклоры, які ў Беларусі самы багаты ва ўсёй Еўропе, Цмок фігуруе ў розных выглядах і не заўсёды распазнавальны. Але натрэніраваным вокам яго распазнаць проста, бо гэта вечнае змаганне Перуна-Вялеса. І Цмок — гэта Вялес, Беларусь — не зямля Перуна. Таму Цмок можа сімвалізаваць Беларусь як зямлю глыбінных сэнсаў, зямлю схаваных скарбаў, якія рупліва ахоўваюцца і яшчэ не выйшлі на паверхню. Гэта зямля хутчэй унутранага багацця, чым вонкавага”. Спадарыня Ірына засцерагае тых, хто бярэцца за стварэнне выявы Цмока. На яе думку, на сувенірнай прадукцыі ён мусіць выглядаць абаяльным, прыцягальным і… сапраўдным. Яго выява на кубках, талерках з надпісам “Беларусь” мусіла б выглядаць больш традыцыйна. А дзеля абмену такім досведам Ірына Дубянецкая прапануе заснаваць “Еўрапейскі Цмокавы звяз” ды ў фармаце фестывалю ці канферэнцыі склікаць прадстаўнікоў тых краінаў і мясцінаў, дзе Цмок цяпер сімвал.

Марыя Кавальчук: “Выправіцца бы ў цмок-тур па Беларусі”

Рэдактар выдавецтва “Тэхналогія” Марыя Кавальчук сярод турыстычных сімвалаў Беларусі называе найперш замкі ў Міры, Нясвіжы, Наваградку, а таксама нашыя лясы і азёры. “Мяркую, што такія сімвалы прыцягальныя. Адзінае што замкі прывязаныя да пэўных месцаў, а лес ды возера выглядаюць занадта агульным вобразам”. Цмок у гэтым шэрагу, на думку Марыі, добра пасаваў бы. “Сярод прапанаваных у апытанцы мне вонкава больш даспадобы Цмок Паазерны, а паводле апісання — Палескі, пагатоў ён мой зямляк. Я з задавальненнем выправілася б у цмок-тур па Беларусі. Было б цікава паслухаць легенды пра цмокаў, уяўленні беларусаў пра іх, а можа, і пазнаёміцца з такой істотай і нават прыручыць”, — падзялілася сваімі ўяўленнямі Марыя.

Распытваў Мікалай Дубавіцкі