“Можа, “плачуць” іконы таму, што меншае любові і Духу Божага ў жыцці людзей?” , – Ларыса Раманава, вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава пра выстаўку “Бог хрысціянскі і сялянскі”.
Выстаўка “Бог хрысціянскі і сялянскі”, якую падрыхтавалі супрацоўнікі Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава, была адкрыта ў 2010 ў Чачэрскім гісторыка-краязнаўчым музеі. На выстаўцы было прадстаўлена каля сарака абразоў з фондаў Веткаўскага музея народнай творчасці, Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея, тканыя і вышытыя ручнікі бабіцка-валосавіцкай традыцыі ткацтва, прадметы этнаграфіі, іншыя цікавыя рэчы. Абразы прадстаўленыя на выстаўцы, паходзяць з в. Бабічы, Покаць, Нісімкавічы, Валосавічы ды інш. Чачэрскага раёна, в. Навілаўка, Фёдараўка, ды інш. Веткаўскага раёна.
У музей ідуць, каб азірнуцца, паспрабаваць паглядзець на сябе збоку, зразумець сваю часавую прастору.
Яшчэ і яшчэ адзін раз у Веткаўскім музеі робіцца спроба адкрыць мову канкрэтных тэкстаў-пасланняў, што дасылаліся жанчынамі-ткаллямі паганскім боствам, першапродкам, хрысціянскім святым. Дасылаліся дзеля таго, каб зберагчы, уратаваць жыццё. Мы бачым гэтыя знакі (узоры) на адзенні, ручніках, тканым уборы дома, і не толькі.
Беларуская тэрміналогія ткацтва – гэта амаль нераскрыты неруш традыцыйных міфалагічных уяўленняў, а, тым самым, некаторай (істотнай) часткі нацыянальнага светапогляду. Назвы ўзораў, тэрміны ткацтва, занатаваныя супрацоўнікамі музея (пераважна ў Веткаўскім, Чачэрскім, Добрушскім раёнах), пераконваюць: нашы продкі адкрывалі першароднасць свету прыкладна так, як гэта рабіў першы чалавек на Зямлі – Адам. Тканыя палотны ў прасторы традыцыйнай культуры паўстаюць найперш як зматэрыялізаваныя паэтычныя тэксты.
Веткаўскі рэгіён адметны некалькімі традыцыямі ткацтва, якія былі “жывымі” яшчэ не так даўно. На 1960-1980 гады прыпадае росквіт неглюбскай традыцыі ткацтва. І цяпер ткуць у Неглюбцы, але нямногія. У вёсках гэта праца забытая. І, бывае, не так проста адшукаць жанчын, якія маглі б узгадаць назву ўзора на ручніку. Народныя традыцыі ткацтва сыходзяць на нашых вачах, як Атлантыда… Апошнія словы можна аднесці да в. Бабічы Чачэрскага раёна, традыцыя ткацтва якой “згасла” літаральна на нашых вачах. А, між тым, Бабічы ў 1970-80 гг. славіліся тым, што тут ткаліся самыя прыгожыя, відаць, у параўнанні з навакольнымі вёскамі браныя ручнікі, посцілкі-закладанкі У гэты час у Бабічах працавала ткацкая майстэрня – філіял Чачэрскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Свае ручнікі ўспрымаліся як адно цэлае з іконамі, якія “нараджаліся” тут жа, у Бабічах. Пра гэта міжволі думаеш, калі трапляеш на выстаўку і …чуеш зварот чалавека да Бога праз мову арнамента ручнікоў, праз ушанаванне абразоў.
Упершыню ў гістарычных дакументах в. Бабічы Чачэрскага раёна згадваецца ў 1483 г.
Цікавае й само, найбольш верагоднае, паходжанне назвы вёскі. “Часта маладзіцы прасілі жанчыну, у якой ужо і твар зморшчыўся, бы ралля, каб яна бабіла ў іх дзяцей. Але жанчына ўсё адпіралася, бо, ведама, яна баялася, што, як родзіцца ў яе дзіця, то яго будуць зваць бабічам ды пасміхацца”, — так гаворыцца ў адной беларускай казцы. Гэтая казка мае шчаслівы працяг: аднойчы праз акно ў хату заляцеў клубок агню (ці не шаравая маланка? –Л.Р.), жанчына з гэтага зацяжарыла і нарадзіла асілка, які рос не па днях, а па гадзінах… А ў в. Верхлічы Краснагорскага раёна, што на Браншчыне, памятаюць людзей з такім прозвішчам: “У 1930-ыя гады нас судзілі за “Стралу”. Быў з Ялоўкі Сяргей Белазор. Пры ім так было. Бабіч Мікалай Андрэевіч быў старшынёй. На Радуніцу засцілаюць могілкі. Ён як ускочыў на кладбішча! Скацеркі рваў. Нас ганялі страшна. Каб далі “Стралу” прапець?! Пакуль Сталін быў, у нас дужа плоха было. Страшна было ў трыццатых гадах. У нас пяць чалавек адправілі ў Сібір. Адзін вярнуўся – Бабіч Герасім Іванавіч. Яго ў трыццаць шостым забралі. Забралі за тое, што прыйшоў з крэстам. Як у Міколку служыў, яму крэст далі”. (Па словах Параскевы Антонаўны Грыбанавай, 1920 г.н.).
Бабічане здаўна прывязаны да сваёй зямлі, якая не ў крыўду сказана, не надта ўрадлівая ў параўнанні з зямлёй бліжэйшых вёсак – Навілаўкі, Покаці, Фёдараўкі. Але трымаюцца за яе моцна. Старыя назвы вуліц – нібыта назвы абласцей: Халяўшчына, Падабедаўшчына, Кардоўшчына, Міхалкоўшчына, Астапеншчына, Збірамішчына… Аб працавітасці, кемлівасці бабічан складаюцца легенды. Сумесная праца, агульныя святы: “На Ражджяство дзелалі казу – з саломы плялі пляцёнкамі. Рогі казе дзелалі. Шубу выварочвалі, рукавы, ногі і хвост дзелалі. Казу падымалі за хвост: “А ты, ваданос, падымі казу за хвост!” Зорку рабілі з картошкі, красілі. Маскі былі.На каждай вуліцы дзелалі зорку, збіраліся к цэнтру. (Па словах Марыі Макараўны Маркоўскай, в. Бабічы).
“Кракавяк”, “полька”, “падыспанец” – усім у Бабічах, навакольных вёсках і пасёлках вядомы гэтыя танцы. Масніцы ходзяць ходарам ад скокаў, тупату ног на радзінах, вяселлях, зямля гудзе ад радасці. Бяда – адна на ўсіх, як і шчасце.
У 1970-1980 – ыя гады Бабічы займалі ці не першае месца ў раёне па колькасці вяселляў. Нараджаліся і цяпер нараджаюцца дзеткі. У Бабіцкай сярэдняй школе ёсць добры школьны музей, створаны дырэктарам, Аляксеем Данілавічам Маркоўскім, настаўнікамі і вучнямі, які па-іншаму можна было б назваць музеем гісторыі вёскі.
Бабічан з’ядноўвае праца, песні, павага і любоў да свайго мінулага, да веры дзядоў і прадзедаў, да свайго мастацтва.
… Прасторны, светлы дом сям’і Гераковых на бліжэйшым да Бабіч, былым пасёлку Новы Мікольск. Пазней такія дамы-святліцы былі адбудаваны і ў Бабічах – у1970-1990 гг. Акуратныя падворкі каля сядзібаў, у кожным палісадніку – кветнікі: вяргіні, астры, кусты белага, цёмна-ліловага бэзу. Продкі Гераковых – мясцовыя знакамітыя іканапісцы-“багамазы”. Усе яны жылі некаторы час у Бабічах, пісалі іконы для жыхароў навакольных вёсак, для цэркваў, найбольш, магчыма, для Святадухаўскай царквы, якая праіснавала да пачатку 1940-ых гадоў у в. Фёдараўка Веткаўскага раёна. У 1910 г. Фёдараўка была фальваркам у Покацкай воласці. У прыход гэтай царквы уваходзілі Бабічы, Покаць, Навілаўка, Сяліцкая, хутар Іванаўскі.
Добра памятаюць у Бабічах аб Гераковых, умеюць распавесці з гумарам: ”Уладзімір, Гаўрыла, Іван, Трахім… Граматныя людзі былі.Вучоныя. Іван тут жыў, на горцы, возлі рэчачкі. Выбраўся на Пустынькі (пасёлак, які існаваў раней у Чачэрскім раёне, знаходзіўся у 3-4 км ад Бабіч — Л.Р.) перад самай вайной, за год да вайны. Вярбоўка была. Паехаў у Фінляндыю. Трахім Геракоў, яго брат, жыў на месці Лукомскага… Трахім у Гомелі пахаронены. Дзед Гаўрыіла, бацька іх, пісаў іконы, і яго дзед пісаў іконы. Прырода ў іх такая была. Дзед Гаўрыіла ўсё пісаў Міколку. А ўсяк ругаіцца, калі піша, а тады кукіш выставіць: ”На табе, Міколка касы!” Хазяйства дзяржалі, коні, каровы… Усі работалі. Гераковы самі дзелалі багоў для Фёдараўскай царквы. Гаўрыла тут пахаронены, у Бабічах, на старым кладбішчы, там, дзе цяпер дзецкі садзік… І на Карме ў Сяргея Геракова ікона была – Мікола. Зялёная краска, як на іконе ў Наталлі. На іконе ўнізу вуллі стаялі. Усё любілі Раство пісаць. Раство ў Бабічах прыстольны празнік быў”.
Чырвоныя куты ў вясковых дамах напоўнены чырванню ружаў, макаў на вышытых ручніках, падзорах. Тканых жа ручнікоў – амаль ужо не ўбачыш… Некаторыя з іх захоўваюцца ў Веткаўскім, Чачэрскім музеях.
Хвалямі на тканых ручніках коцяцца “юрочкі”. Двойчы, тройчы паўтораны ўстойлівыя “балонкі” (падобныя узоры ёсць на сучасным сцягу Беларусі). Шырокая чырвоная “вольная” паласа (незатканая, без узораў) праходзіць праз “разьбітыя сэрцы”. Дробныя крыжыкі на белым фоне – “рабінка”. І далей: “накрытыя вуллейкі”, “лодачкі-чаўначкі”, “палосачкі ў костачку”, “розачкі”, “рожа”, “лесвічкі”, “паляначкі”, “драбнічкі”, “канапелькі”, “дзераза”… — так называлі ткачыхі свае узоры, усё гэта – тэрміны бабіцка-валосавіцкай традыцыі ткацтва. Ручнікі з падобнымі узорамі ткаліся ў навакольных вёсках і пасёлках: Нісімкавічах,Фёдараўцы, Залессі, Покаці, на Гайку, Макаўі, у Валосавічах, Узнясенску, Глыбочыцы, Каменцы, Будзішчы і ў Чачэрску.
Праз тэрміналогію ткацтва выяўляецца пэўны светапогляд. “Вольная паласа” – гэта адначасова і “вогненная вада”. “А была яшчэ і “зямля” на рушніку, такі рушнік ткала мая бабуля ў Антонаўцы,” — сказала Марыя Васільеўна Гутар, жыхарка в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна, паглядзеўшы на адзін з ручнікоў у экспазіцыі Веткаўскага музея народнай творчасці. Вёска Казацкія Балсуны знаходзіцца на памежжы Веткаўскага і Чачэрскага раёнаў, непадалёк ад в. Будзішча Чачэрскага раёна.
Чалавек, нібы дрэва, з гадамі “ўрастае” ў сваю зямлю. Яна для яго – самая блізкая, родная, выратавальная. І таму ручнік, абаронца роду, гэта яшчэ і унікальная геаграфічна-ментальная карта, на якой можна распазнаць сваю “Новую зямлю” і самога сябе, напрыклад, у коле-ромбе вертыкальнага ланцужка на ўзорным канцы ручніка: “Тут мой захад, і тут — усход” (Алесь Разанаў).
І калі ў Кітаі на працягу многіх стагоддзяў развіваўся і ўмацоўваўся ідэал прыгажосці — ствараліся сады і паркі з асаблівым ландшафтам (як ні дзіўна, гэтым займаліся паэты, мастакі, пісьменнікі, імператары, філосафы; мастацтва, паэзія, філасофія тут зліваліся ў адно цэлае), то ў Беларусі такім, разгорнутым, нібы сад, перад Сусветам, ідэалам прыгажосці з’яўляюцца ручнікі, на якіх — “мыслямі узоры клаліся” (з вясельнай песні, ХІХ ст., запіс Я. Тышкевіча), у якіх выяўляюцца традыцыйныя ўяўленні, мастацкія густы многіх пакаленняў. “Саджаць” — так кажуць неглюбскія ткачыхі аб нанясенні узораў пры тканні.
На тканых бабіцкіх ручніках часта можна ўбачыць ромбы, квадраты – сімвалы зямлі, якая для бабічан уяўляецца зямным раем. Такія (ды іншыя ручнікі) тут часта называюць “набожнікамі”, “абразнікамі”, падкрэсліваючы іх сувязь з абразамі, з Богам.
Бог заўсёды недзе побач з чалавекам, трэба толькі памятаць пра гэта кожнае імгненне. Нездарма Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч прамовіў: “На Беларусі Бог жыве”. На некаторых іконах, што паходзяць з Бабіч, Ісус Хрыстос мае сялянскае аблічча. Ён – блізкі людзям, як блізкая і Маці Марыя. Пра яе з’яўленне аднойчы расказала Ганна Кузьмінічна Бусаўцова, жыхарка в. Нісімкавічы: “Там абабкі ў нас стаяць. Я – зір: с абабка вышла жэншчына, с абабка, с левага боку. Я стала й стаю: ці мне назад іціць, ці мне што дзелаць? Я стаяла, стаяла, хацела й перахрысціцца, да думамі перахрысцілась, думамі. Ні наклала ні хрэста, а думамі. Яна выйшла, сюды так…Вісокая. Тонінькая-тонінькая Яна. Ножкі тые малінькіе, тонінькіе. Віх, неяк — віх, падымалась. Паднялась, паднялась! Паднялась і паляцела. Паляцела на ўсход сонца. У нас там завецца – Асіннік і Падглей. Так яна – між етага пасёлку і Падглея… І паляцела, і паляцела. Я ўсё стаяла, стаяла, пакуль яе не стала відна. Спаднічка такая разаватая была. Шырачэнная-шырачэнная! У кліннячка, відна, пашыта, ці што. А Яна – тонінькая, Мацер Божжая”.
Вобразы Ісуса Хрыста, Маці Божай Марыі, св. Міколы-Цудатворцы, св. архістраціга Міхаіла, св. Георгія Пераможцы, ды іншых святых – такімі, якімі яны паўстаюць паводле пісьма унікальнай Бабіцкай школы іканапісу, можна было ўбачыць на выстаўцы ў гісторыка-этнаграфічным музеі г.Чачэрска.
Значную частку ікон супрацоўнікі Веткаўскага музея А.У. Папова і Л.А. Новікава адрэстаўравалі, нібы медыкі, падоўжылі ім жыццё. Ікону ў некаторым сэнсе можна параўнаць з чалавекам. Плакаць могуць людзі ды некаторыя з жывёлаў. Ды вось жа: “плачуць” часм іконы, даючы нейкі знак людзям. Крывавыя “слёзы” з’яўляліся ў Чачэрску некалькі гадоў назад на іконе з вобразам Іаана Кармянскага. А можа, “плачуць” іконы таму, што меншае любові і Духу Божага ў жыцці людзей? Далёка не кожны сучаснік зберагае святыні, тым самым — святло сваёй душы. У нашы дні — не ў ваенны час! — вялікая колькасць дзетак, ні ў чым не вінаватых, трапляе ў прыюты, састарэлых бацькоў нярэдка даглядаюць чужыя людзі. Мова бацькоў, сваёй зямлі ў свядомасці і побыце многіх жыхароў знаходзіцца на правах падчаркі: не родная і не любая – чужая. Творы мастацтва, створаныя дзядамі – прадзедамі, бабулямі-прабабулямі, часцёй за ўсё непрадбачліва непатрэбныя ў наш тэхнакратычны час. Калі, да прыкладу, бабіцкую ікону, напісаную ў канцы ХІХ ст., не рэстаўраваць цяпер, праз 10-15 гадоў яе даесць шашаль. Тканы на кроснах ручнік, скацерка, кашуля могуць аказацца на сметніку.
Але яшчэ не ўсё страчана. Пэўна, не толькі гісторыкі, археолагі, мовазнаўцы, архівісты ўглядаюцца ў глыбіню стагоддзяў. Нібы трава па вясне, з’яўляюцца на нашай зямлі маладыя людзі, тыя, хто спрабуе адшукаць сябе на ўзорыстым краі ручніка, вытканага чырвоным — колерам крыві ды жыццялюбства, і белым — колерам надзеі, чысціні.
Ларыса Раманава