
— Памятаю, што калі я пайшла ў першы клас, то мела цэлую праблему з недакладным разуменнем беларускай мовы. На мяне накрычала настаўніца, што я не маю з сабой “алоўка”. А мае “карандашы” ляжалі ў пенале і не ведалі, што гаворка ішла пра іх. З часам навучання ў беларускамоўнай школе я пачала прызвычайвацца да беларускай мовы і яе адрозненняў ад “русского языка”. Любіла беларускія казкі, з задавальненнем чытала беларускую літаратуру.
Недзе ў пятым ці шостым класе, памятаю, настаўніца па гісторыі запытала падчас уроку, хто якой нацыянальнасці. “Хто лічыць сябе палякам?” – палова класа падняла рукі (і я ў тым ліку). “Хто лічыць сябе рускім?” – рукі падняла другая палова. “А цяпер скажыце, хто лічыць сябе беларусам?” – мы былі ў шоку. Як гэта – беларусам? У Лідзе ўсе ці каталікі, то бок палякі, ці праваслаўныя, то бок рускія. Наўрад ці тады я ўсвядоміла сябе беларускай, але добра запомніла, што каталічка – гэта неабавязкова полька.
Потым доўгі час мне было ўсё адно, хто якой нацыянальнасці. Галоўнае, каб чалавек быў цікавы. Калі сутыкалася з беларускамоўнымі, не вылучала іх з агульнага шэрагу – звычайныя людзі, я іх разумею, яны мяне таксама. Толькі яны трошкі болей за іншых размаўляюць пра палітыку. А ў астатнім усе о’кей.
Аднак я вырашыла, што хачу быць журналісткай. Лёс закінуў на факультэт беларускай філалогіі і культуры ў БДПУ (Педагагічны універсітэт), дзе я атрымлівала дзве спецыяльнасці – журналістыка, пра якую я марыла, і беларуская мова і літаратура – так бы мовіць, пабочны эфект.
Тое, што пры паступленні падалося пабочным эфектам, змяніла мяне да непазнавальнасці. Менавіта ва універсітэце я адкрыла для сябе Беларусь: літаратуру, мову, гісторыю, у тым ліку і гісторыю мовы, а таксама выкладчыкаў, якія апавядалі, хто такі Быкаў, што зрабіў Каліноўскі, як гучаць дыялекты нашай мовы ў розных раёнах. Беларусь для мяне набывала іншыя колеры і адценні, рабілася прывабнай і больш роднай.
Ва універсітэце з’явіліся беларускамоўныя сябры, а таксама прыгоды, звязаныя з беларускамоўнасцю і дзейнасцю ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Атрымаць дыплом БДПУ мне пакуль не давялося, адлічылі з чацвертага курсу. Аднак Беларусь, з мовай, гісторыяй, сучаснасцю і кожным, хто жыве ў нашай краіне, ужо стала часткай маёй душы.
Сёння здаецца, што я заўсёды на падсвядомым узроўні ведала сваю нацыянальнасць і ганарылася гэтым. Проста трэба было перажыць усё, каб усвядоміць і ацаніць вартасць гэтых двух словаў: “Я – беларуска”.
Настасся Шамрэй, журналіст.