Нідзе ў свеце так не носяцца з нацыянальнымі і этнічнымі меншасцямі як у нашым еўрапейскім рэгіёне — Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Пасля развалу г. зв. сацыялістычнага лагеру ў многіх посткамуністычных краінах заканадаўчыя акты, датычныя гэтых меншасцяў, былі ўхваленыя раней за новыя канстытуцыі. Вось і ў Беларусі «Закон аб нацыянальных меншасцях» Вярхоўны Савет прыняў ужо 11 лiстапада 1992 года. У Заходняй Еўропе зусім інакш. Чаму так, распавядаем у артыкуле.
У Заходняй Еўропе, зразумела, маюцца этнічныя супольнасці, пра якія дзяржава клапоціцца, ахоўвае, дапамагае захаваць уласную адметнасць. Але ў г. зв. старых сяброў Еўразвязу няма і блізка такога ўзроўню заканадаўчай абароны, як у краінах нашага рэгіёна. Законадаўцы ў краінах Захаду лічаць дастатковай ахову правоў этнічных меншасцяў у рамках агульнага заканадаўства правоў чалавека.
А вось у посткамуністычных краінах створаная і разбудаваная цэлая сістэма апекі над тымі меншасцямі як на міжнародным, так і нацыянальных узроўнях. Пачаўшы ад Дэкларацыі ААН па правах чалавека і далей праз канвенцыі, дэкларацыі, двухбаковыя дамовы краін-суседзяў. А на нацыянальным узроўні, акрамя спецыяльнага закону аб нацыянальных і этнічных меншасцях, запісы пра іх ахову, найперш забарону дыскрымінацыі, унесеныя ў канстытуцыю, законы аб адукацыі, культуры, мовах і г. д.
Фестываль венгерскай культуры ў Славакіі
Прычына такой розніцы крыецца, зразумела, у гісторыі. У Заходняй Еўропе, калі казаць спрошчана, дзяржавы стваралі нацыі, а ў ЦУЕ, наадварот, нацыяналізмы стваралі дзяржавы. У ХІХ ст., калі заходнія краіны «рубіліся» за калоніі, народы Цэнтральна-Усходняй Еўропы стваралі нацыяналізмы, якія змагаліся спачатку за прызнанне іх права на існаванне, потым за ўласную дзяржаву ў як найшырэйшых межах.
Гісторыкі са здзіўленнем канстатавалі, што тыя нацыяналізмы не праяўлялі асаблівай салідарнасці між сабой, хоць мелі агульных ворагаў — імперыі, якія іх паглынулі. Здараліся паасобныя выпадкі супрацы, з’яўляліся вядомыя постаці (найперш літаратары) на мяжы культур. Але агулам кожны біўся за сваё, і ўсе варагавалі з усімі.
Паўстанне ў Празе ў 1848 г
Старонні назіральнік — сучасны французскі гісторык Даніэль Бовуа канстатаваў: «Дзевятнаццатае стагоддзе — хутчэй вобраз варожасці ўсіх да ўсіх, чым гарманічнага сужыцця. Сярод чыннікаў стварэння народа трэба назваць, на жаль, перш за ўсё нянавісць і пагарду да суседа».
Вынікам такой агрэсіўнасці сталі шматлікія канфлікты, якія з найбольшай вастрынёй праявіліся ў першай палове ХХ ст. Спачатку краіны, што ўзніклі пад канец Першай сусветнай вайны, некалькі гадоў біліся за землі, якія лічылі сваімі. Галоўным крытэрыем «прысваення» тэрыторыі лічылася мова яе жыхароў, а паколькі на многіх, асабліва прымежных землях, гістарычна склалася моўная мяшанка, то мірна падзяліць іх не атрымлівалася. Антанце рэдка дзе ўдавалася арганізаваць мірнае размежаванне праз плебісцыты сярод жыхароў спрэчных тэрыторый.
Найбольш ваявалі палякі — амаль з усімі суседзямі, акрамя венграў і румынаў. Мелі шматлікае войска, добрыя афіцэрскія кадры (пераважна са шляхты), перамаглі нават бальшавіцкую Расею, межы на ўсходзе пасунулі ажно пад Менск.
Польска-нямецкія баі ў Сілезіі 1921 г.
Міжнароднай праблемай у міжваенны перыяд сталі вострыя нацыянальныя канфлікты ў новых краінах рэгіёна. Народы, якія вырваліся з-пад прыгнёту імперый, стварылі і абаранілі ўласную дзяржаўнасць, аказаліся такімі самымі душыцелямі нацыянальных меншасцяў на сваіх тэрыторыях. Хоць краіны Антанты змусілі новыя дзяржавы падпісаць адмысловыя трактаты па забеспячэнні культурных правоў меншасцяў, ніхто на тыя подпісы асаблівай увагі не звяртаў. Ад адных толькі ўкраінцаў Польшчы (каля 4,5 мільёнаў) Ліга Нацый (папярэдніца ААН) атрымлівала таўшчэзныя на тысячы старонак тамы скаргаў на парушэнні іх правоў, але нічога з тым зрабіць не магла.
Народы ў міжваеннай Польшчы
Не дзіўна, што падчас Другой сусветнай вайны, калі як савецкі, так і нямецкі акупант адмыслова падагравалі нацыянальныя канфлікты, яны яшчэ больш завастрыліся. Месцамі даходзіла да ўзброенай барацьбы і нават людабойства (харвацка-сербская разня ў Харватыі і ўкраінска-польская на Валыні).
Каб не дапусціць такога ў будучыні, краіны-пераможцы, найперш Вялікая Тройка, пад самы канец вайны прынялі кардынальныя меры. Яны прынеслі боль і страты дзясяткам мільёнаў людзей. Прыблізна як у медыцыне хірургічная аперацыя, толькі без наркозу...
(працяг будзе)
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Навука выжываць»: гісторыя адносін Фінляндыі і сталінскага СССР