У клубе “Графіці” адрамантавалі праводку, усталявалі новыя ліхтары, таму ніхто і нішто не перашкодзіў гурту Neuro Dubel даць канцэрт. Праўда, ён усё адно апынуўся пад пагрозай адмены праз праблемы са здароўем аднаго з удзельнікаў гурта, які за дзень да гэтага трапіў у лякарню. Але абышлося.
Традыцыйна на канцэрт гурта ў “Графіці” трапіць надзвычай складана: усе месцы занятыя, і нават проста перад барам стаць праблематычна. Усе як адзін уяўляюць вялікі хор, што падпявае Кулінковічу і Навумаву, асабліва ў такіх песнях, як “Переехала комбайном”, калі грыміць супольнае “Лайлалайлалай”. Лідару “дзюбялей” сапраўды пасуе вызначэнне “паэт-трыбун”, калі ён спявае на сцэне “Графіці” перад стойкай, асабліва калі пра Леніна. Захапленне ў публікі выклікае кожная песня, часам вакаліст нават адварочваецца ад мікрафона, бо словы падхоплівае зала. Кантакт у гэтым клубе надзвычай шчыльны: між выканаўцам і гледачамі літаральна метр, кожны можа паціснуць руку свайму ўлюбёнцу, а калі пашанцуе, дык і пачаставаць півам. Сам Кулінковіч, на вялікае шчасце прысутных, перыядычна аддае мікрафон у залу, а падчас песні “Петрова” выпраўляецца ў публіку і “губляецца” сярод яе.
Праграму на канцэрт 18 кастрычніка ND склалі ў асноўным з добра вядомых старых песняў. Гучалі “Убийство монтировкой», тая ж «Петрова», кавер на “Песняроў” “Вологда” ды шмат чаго іншага.
“А цяпер самая сумная песня ў гісторыі гурта”, — абвяшчае, ледзь не плачучы, Кулінковіч. “Найсумнейшая!” — падхоплівае другі вакаліст Юры Навумаў, і яны з тварамі пакутнікаў пяюць пра тое, як “Я намочил манту”.
Адыграўшы старое, музыкі вырашылі паказаць адну новую песню з будучага альбома пад працоўнай назвай “Жаба”. Лідар каманды патлумачыў, што болей песняў з гэтага дыска на канцэртах яны вырашылі не граць і новую праграму цалкам пакажуць толькі на вялікім канцэрце-прэзентацыі. Канцэрт доўжыўся ўжо дзве гадзіны, але “дзюбялей” не адпускалі.
Таму ўжо на біс прагучалі “А что делать” і “Belarus uber alles”, а на пост-біс, бо Кулінковіч не адмаўляўся, была “Свабода”. Яшчэ прасілі “Самураяў”, але музыкі ўжо канчаткова сышлі са сцэны. Прыхільнікі не разгубіліся ды заспявалі яе самі.
Аляксандр Кулінковіч запрасіў усіх на фестываль “Рок па вакацыях”, які адбудзецца 21 кастрычніка, паабяцаўшы, што ўсіх там чакае вельмі прыемны сюрпрыз.
Мікалай Дубавіцкі, фота – Аляксандр Ждановіч