Гурт «Разбітае сэрца пацана» прэзэнтаваў новы альбом «Не налівай» на вялікім канцэрце 22 сакавіка ў клюбе «Рэактар». Пра тое, што слухачы вельмі засумавалі па РСП, сведчыць той факт, што на канцэрце гурта быў аншлаг. Лічаныя айчынныя гурты здольныя сабраць паўнюткі “Рэактар”. Дзёня і Паша, вядомыя яшчэ як акторы “Свабоднага тэатра”, паездзілі па свеце, пажылі ў Азіі і напісалі нямала новых песняў, частка з якіх увайшла ў альбом “Не налівай”.
Дзяніс Тарасенка
Публіка запалілася з першай жа песні пра Смаргонь, “гдзе дзевушкі агонь”, а неўзабаве на сцэну выйшаў дуэт “ЭВМ”, што нязменна суправаджае сваімі брутальнымі танцамі выступы каманды. Гэтыя дзяўчаты, якіх музыкі прадставілі як “постмадэрновых сучак”, уласна, і адказныя за шоу: яны актыўна рухаліся на сцэне, рвалі партрэт Дзімы Білана, а падчас адной з песняў выцягнулі з залы двух хлопцаў, якіх раздзелі да майткоў.
У новых песнях РСП паболела правакацыі. Музыкі заявілі, што на канцэрт клікалі кампазітара Лучанка, каб паказаць сваю новую песню, але той не прыйшоў. Кампазіцыя звалася “Лук-часнок” і чымсьці нагадала па настроі твор, які заспяваў неяк Ілля Лагуценка пра прадусара Дробыша. “Мы ствараем ілюзію, што выступаем за здаровы лад жыцця. Каб гэты падвох падмацаваць — песня пра Раўбічы”, — прадстаўляе наступны твор Дзяніс Тарасенка, і ў гэтую ж хвіліны дзяўчаты з “ЭВМ” пачынаюць імітаваць язду на лыжах. Тым не менш, музыкі да канца трымаюцца паліткарэктнасці, яны з аднолькавым поспехам маглі б выступаць як на вечарыне БРСМ, так і для наведнікаў сядзібы БНФ. Толькі аднойчы іх прарвала, і тое акуратна: песня “Я ў Мінску, ты ў Вільні” была прысвечаная “ўсім людзям, якія страчваюць тут усё і вымушаныя ехаць атрымліваць веды за мяжой”.
Валерыя Валадзько (гурт “Гаротніца”)
Танцавальны дуэт “ПМС”
Прэзентацыя праграмы “Не налівай” уяўляла з сябе музычнае падарожжа па творчасці старых заімшэлых поп-брэндаў. РСП удавалі з сябе “Рукі вверх”, “Ногу свело” і “Мальчишник”, ды яшчэ дамяшалі ў музыку цыганшчыны ды панку. Выйшла такое поп-трэш-шапіто. Атмасфера была як на неблагой сельскай дыскатэцы. Агульнае захапленне выклікала загалоўная песня з новага дыска, у якой Дзёня надрыўна пяе: “Прайшла любоў, пагаслі свечы, п’янству бой”.
Пры канцы канцэрту, калі ўжо ў ход пайшлі ранейшыя хіты, да гурта далучылася Валерыя Валадзько з “Гаротніцы”. На запіс альбома “Не налівай” РСП спявачку не паклікалі, бо палічылі матэрыял “занадта мужчынскім”, а вось наступны альбом яны плануюць запісаць з Валерыяй. Музыкі ўжо нават агучылі назву свайго трэцяга дыска, якую падгледзелі ў маршрутцы: ён будзе звацца “Громко і заранее”.