Кінакрытык Тарас Тарналіцкі разважае пра сітуацыю, якая склалася вакол здымак мастацкага серыяла «Акрэсціна» рэжысёра Андрэя Курэйчыка, і аналізуе заўвагі, адрасаваныя аўтарам серыяла наведвальнікамі сацсетак.
Скандалы для айчыннага кіно — натуральная з’ява. Без іх іншы раз цяжка зразумець, ці падае прыкметы жыцця ўвогуле айчынная кінасупольнасць альбо паспела аддаць богу душу. Акты дзяржаўнай цэнзуры, кіданне партнёраў на грошы, карупцыйныя справы, сумніўныя намінацыі на «Оскар» — тэмаў для чарговай сваркі іншы раз узнікае куды больш, чым з’яўляецца на свет саміх стужак, якіх амаль ужо не пабачыш на экране кінатэатраў. Што ж зробіш, калі тры дзесяцігоддзі жывеш па-за законамі цывілізаванай індустрыі, здараецца і не такое.
Але нават на гэтым супярэчлівым фоне лютаўскія разборкі з нагоды стварэння серыяла «Акрэсціна» атрымаліся сапраўды экстраардынарнымі. Звычайна як бывае — Мінкульт ці нацстудыя «Беларусьфільм» зробяць нешта непрыстойнае за народныя грошы, і ты як назіральнік, хоць стой хоць падай. Добра, калі пару чалавек публічна абурыцца, а адзін напіша артыкул. І ўсё, дзякуй, можна разыходзіцца. А тут шмат тэкстаў у СМІ і дзясяткі людзей, у тым ліку прадстаўнікоў інтэлектуальнага авангарду, больш за тыдзень лаюцца і сварацца адно з адным, абмяркоўваючы відэа са здымачнай пляцоўкі і рэпутацыю яго стваральнікаў. Чаму так хутка накалілася абстаноўка?
Справа ў тым, што драматург і рэжысёр Андрэй Курэйчык, аўтар сатырычных камедый «Гараш» і «PARTY-ZAN фильм», у канцы студзеня абвясціў аб намеры здымаць гульнявы серыял пра ізалятар на вуліцы Акрэсціна. Той стаў сумнавядомым падчас сучаснага палітычнага крызісу як месца масавага ўтрымання, гвалту і катаванняў мірных пратэстоўцаў. Праект атрымаў назву «Акрэсціна» і павінен, па словах стваральніка, «распавесці пра людзей, якія прайшлі праз засценкі ізалятараў Беларусі і знаходзяцца там да гэтай пары». І вось у пачатку лютага ў сеціве з’явілася кароткая нарэзка рэпартажу ютуб-выдання «Маланка-медыя» са здымачнай пляцоўкі праекта, якую Курэйчык змясціў на сваёй старонцы у фэйсбуку з прапановай падтрымаць грашыма здымачную каманду. Асноўным элементам відэа стала на першы погляд абсурдная сцэна (як высветлілася пазней — гэта начны кашмар аднаго з герояў) пасярод турмы з вялікім натоўпам пратэстоўцаў са сцягамі і транспарантамі, якую сілавікі ў форме АМАП расстрэльваюць з аўтаматаў.
Менавіта гэты шакуючы момант выклікаў сапраўднае цунамі бескантрольных эмоцый і непаразумення сярод наведвальнікаў сацсетак. Аўтараў і акцёраў серыяла пачалі масава вінаваціць ва ўсіх смяротных грахах: што яны здымаюць нейкую жудасную прапаганду, нажываюцца на эмацыянальнай траўме былых вязняў, што час для здымак гульнявых праектаў яшчэ не настаў, а сам Курэйчык — аўтар нізкагатункавых стужак, якому нельга і брацца за сур’ёзныя тэмы. Пэўным апафеозам рэактыўнай крытыкі стаў зварот пісьменніцы і педагога Ганны Севярынец, якая назвала працу «Акрэсціна» безадказнай і амаральнай, а дакументаліст Максім Швед напісаў, што праект атрымаецца дрэнным, узгадаўшы пра кепскую рэпутацыю Курэйчыка у прафесійным асяродку. І гэты выбух меркаванняў узнік на падставе 42-секунднага рэпартажа са здымачнай пляцоўкі праекта, які яшчэ толкам не змантавалі!
Я не буду зараз выступаць у якасці адваката д’ябла, абараняючы праект Курэйчыка, бо спрэчка ўжо даўно вырадзілася да прамых абразаў з абодвух бакоў канфлікту. Але падаецца, што настаў час разабрацца наконт этычных і мастацкіх прэтэнзій, якія ўжо не першы раз гучаць у адрас аўтараў, што пераасэнсоўваюць падзеі палітычнага крызісу апошніх палутара год. Не так даўно ўжо гучала больш сціплая незадаволенасць у адрас расійскага рэжысёра Барыса Гуца, які зняў у Эстоніі гульнявую стужку Minsk на падставе фактаў і эмоцый ад беларускіх пратэстаў 2020 года.
Дык у чым вінавацяць аўтараў?
Самае частая заўвага — а ці надышоў ужо час здымаць кіно на аснове пратэстаў і рэпрэсій, якія яшчэ працягваюцца, а ў турмах сядзяць тысячы людзей?
Сапраўды, існуе ўкаранёнае ў грамадстве меркаванне, што павінен прайсці пэўны час, але ніхто не ведае які, калі асноўныя падзеі пройдуць, эмацыйны боль прытупіцца. І ўзнікне дыстанцыя адхілення, якая дазволіць разабрацца ў канфлікце, зрабіць больш разважны і грунтоўны твор. Насамрэч такога правіла не існуе. Мастакі — гэта звычайныя людзі, якія па-рознаму рэагуюць на падзеі. Камусьці на іх пераасэнсаванне патрэбныя гады, а іншым — месяцы. У адных атрымаюцца больш эмацыйна насычаныя стужкі, у другіх — больш рэфлексуючыя і фактацэнтрычныя. Але якаснае кіно можа атрымацца і праз паўгады, і праз дзесяць гадоў, і праз пяцьдзясят з моманту падзей. Гэта залежыць у першую чаргу ад таленту яго стваральнікаў. Час на якасць фільма калі і ўплывае, то вельмі слаба.
Яшчэ беларусаў абурае факт, што кіно здымаюць аўтары, якія не маюць уласнага вопыту затрыманняў, арышту і пытак. Дзіўна жадаць незнаёмаму чалавеку прайсці праз пакуты, каб ён атрымаў маральнае права на працу, але гэты нюанс зусім не істотны. Зноў жа, каб зрабіць якасны твор, трэба быць чуллівым да чужога болю, эмпатычным і ўважлівым да дэталяў аўтарам. Сцівен Спілберг не праходзіў праз жорны канцлагера Аўшвіц, але зняў ужо сусветна вядомую драму «Спіс Шындлера» пра ратаванне габрэяў нямецкім прамыслоўцам. А Элем Клімаў не гарэў у хаце беларускай вескі, але зняў пра гэта мацнейшую стужку «Ідзі і глядзі», узяўшы вопыт даследавання тэмы пісьменнікам Алесем Адамовічам. Канечне, прыватны вопыт перажыванняў грае важную ролю ў стварэнні твора, але для мастацкай пераканаўчасці ён не з’яўляецца вызначальным. Проста патрэбна шукаць новыя формы ўзаемадзеяння з гледачом, як зрабіў Павел Мажар у фільме «Падручнік», яскрава паказаўшы гвалт беларускіх сілавікоў не выходзячы са сваей берлінскай кватэры.
Кадр з фільма «Падручнік». Фота: idfa.nl
Перыядычна ўзгадваецца пытанне этыкі — як можна, пакуль столькі народу сядзіць у турмах і падвяргаецца сапраўднаму гвалту, здымаць гульнявое кіно? Кропка ў гісторыі яшчэ не пастаўлена. А вось дакументальныя стужкі можна — яны фіксуюць хроніку падзей!
Можна колькі заўгодна разважаць, што можна рабіць, а што нельга, але плынь жыцця спыніць немагчыма. Як і забараніць права на свабоду творчасці, якая з’яўляецца часткай свабоды слова.
Стужкі пра новы этап палітычнага крызісу ў Беларусі пачалі з’яўляцца і да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, а частка з іх паспела атрымаць узнагароды на вялікіх фестывалях: «Смеласць» Аляксея Палуяна стала прэм’ерай мінулагодняга Берлінале, «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы атрымала ўзнагароду на Варшаўскім кінафестывалі, «Падручнік» Паўла Мажара атрымала дзве ўзнагароды на IDFA у Нідэрландах. Хтосьці можа запярэчыць — яны дакументальныя, а не гульнявыя. Сапраўды, але яны маюць тыя ж мастацкія якасці, што і гульнявыя стужкі. Там ёсць мантаж, сцэнар, драматургічнае развіцце гісторыі, пазіцыя аўтара. Памылкова лічыць такое кіно дакументальнай хронікай, якая павінна безэмацыйна фіксаваць паўсядзённасць. У гэтых праектаў ёсць аўтарскі погляд на падзеі, незалежна ад таго, іграюць у ім прафесійныя акцёры ці звычайныя людзі.
Кадр з фільма «Смеласць»
І самой кропкі падзей няма — палітычны канфлікт у Беларусі з пратэстамі, палітвязнямі, сілавым гвалтам доўжыцца ўжо больш за чвэрць стагоддзя, з сярэдзіны 1990-х. Ён не пачаўся з 2020 года. За гэты час тысячы чалавек адсядзелі свае тэрміны, эмігравалі, былі забітыя.
Гістарычны працэс пакуль не мае сваёй лагічнай кропкі, але гэта не значыць, што асэнсоўваць яго можна толькі тады, калі ён сапраўды скончыцца.
Сярод інтэлектуальнага асяродку стала папулярнай ідэя «высокай тэмы», то-бок нельга рабіць на агульнанацыянальнай траўме халтурныя творы. Аўтар павінен адказваць не толькі перад аўдыторыяй, але перад самім сабой, сваім сумленнем.
Безумоўна, адказны аўтар павінен валодаць скілам унутраных разваг, самакрытыкай. Ці ўсё, што ён робіць, правільна, ці добра, ці дарэчна? Здаровая рэфлексія сапраўды яшчэ нікому не зашкодзіла. Вось толькі не трэба яе выдаваць за «сіндром выдатніка».
Наадварот, чым больш зараз з’явіцца мастацкіх твораў па тэме гвалту і рэпрэсій, тым цяжэй яе будзе забыць, адмахнуцца, абвергнуць прыхільнікам улады. І тым больш шанцаў, што гэта паскорыць гістарычных рух зменаў, якія патрэбны грамадству і простым людзям.
Ці маглі ўявіць стваральнікі сатырычнага ўкраінскага серыяла «Слуга народа» пра настаўніка гісторыі, які становіцца прэзідэнтам краіны, што галоўны акцёр і прадусар праекта Уладзімір Зяленскі сам стане сапраўдным прэзідэнтам краіны? Але гэта адбылося. І галоўную ролю ў гэтым працэсе адыграла моц мастацкага твора. А ўжо наколькі ён якасны, стане зразумела толькі праз гады.
Напрыканцы трэба абмеркаваць пытанне грошай і рэпутацыі — ці можа аўтар, які ўсё жыццё працаваў у жанравым кіно катэгорыі «B», мае дрэнную рэпутацыю ў прафесійных колах, брацца за сацыяльна важныя тэмы? І не толькі здымаць, але і прэтэндаваць на атрыманне грошай пад гэты праект?
Пачнем з першай заўвагі. Так, калі аўтар усё жыццё рабіў шаблонныя камедыі, ён наўрад ці зможа зрабіць нешта добрае па тэме, на якой ён не спецыялізуецца. Але гэта не стоадсоткавае правіла. Пры належнай карпатлівасці, вывучэнні дэталяў, прапрацоўкі сцэнара і кантролю здымачнага працэсу можа атрымацца даволі якасны праект. Найбольш свежы прыклад — сцэнарыст Крэйг Мэйзін, якога ў Галівудзе ведалі толькі як сааўтара парадыйных камедый «Вельмі жахлівае кіно 3», «Хлапечнік ў Вегасе 3» і інш., пакуль ён не стаў шаўранерам вельмі сур’ёзнага і драматычнага міні-серыяла «Чарнобыль» для тэлеканала HBO. Канечне, гэта выключэнне з правілаў, але кожны чалавек мае права паспрабаваць.
Што датычыцца дрэннай рэпутацыі, то такія справы лепш вырашаць у судзе. Ці спрабаваць данесці рэальныя факты да людзей, які пагадзіліся здымацца ў праекце ці давалі пад яго грошы. Калі аўтар — сапраўдны прахвост, які парушае пагадненні ці вядзе сябе абражальна, з ім праз пэўны час ніхто не захоча супрацоўнічаць. У сучаснай кінаіндустрыі зараз няма нічога больш дрэннага, чым таксічная рэпутацыя кінастваральнікаў.
А вось за пытанне фінансавання праекта на сацыяльна чуллівыя тэмы павінны несці адказ мецэнаты ці спецыялізаваныя грамадскія інстытуты, а не аўтары. Адказнасць за гэта ляжыць менавіта на іх і больш не на кім. Таксама трэба зыходзіць з разумення, што любая праца павінна быць аплочана. Калі мы хочам жыць у цывілізаваным грамадстве па законе, гэта павінна ўспрымацца як догма. Ніхто не павінен саромецца таго, што атрымаў грошы, іграючы ахвяру палітычнага гвалту. Нават калі гатовы праект нагадвае прапаганду. Тут ужо пытанне персальнай маралі і этыкі.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org