Падведзеныя вынікі “Прэс-фота Беларусi-2013” — штогадовага незалежнага конкурсу фотакарэспандэнтаў, якія працуюць у сферы медыя. Фатографам года зрабіўся супрацоўнік газеты “На страже” Вячаслаў Цуранаў.
Лёс у конкурсу няпросты. У лістападзе 2012 года на памежным пераходзе “Каменны Лог” у фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча канфіскавалі 41 асобнік альбома “Прэс-фота Беларусі-2011”. Ашмянскі раённы суд палічыў альбом экстрэмісцкім. Эксперты (сярод якіх выкладчыкі ВНУ, кіраўнікі аддзелаў ідэалагічнай працы) прыйшлі да высновы, што сваімі здымкамі аўтары наўмысна скажаюць беларускую рэчаіснасць, іх працы прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасць беларусаў.
Тым не менш, конкурс ладзіцца і сёлета.
Сяргей Міхаленка, адзін з арганізатараў: “Спадзяюся, што “Прэс-фота” будзе працягвацца, нягледзячы на працэсы, якія адбываюцца вакол яго. У нейкай ступені гэтыя працэсы нават падштурхоўваюць нас працягваць працу. Радуе, што ў спісах пераможцаў з’яўляюцца новыя імёны. З нецярпеннем чакаю, калі выйдзе чарговы альбом “Прэс-фота”.
Сёлета арганізатары атрымалі больш за 2500 конкурсных здымкаў ад рэкорднай колькасці удзельнікаў — 114-ці. Пераможцаў вызначылі ў дзевяці рубрыках: “Навіны”, “Паўсядзённае жыццё”, “Спорт”, “Рэпартажны партрэт”, “Пастановачны партрэт”, “Мастацтва і забавы”, “Прырода”, “Традыцыі”, “Мабілаграфія” (апошняя з’явілася ў гэтым годзе).
Пераможца Вячаслаў Цуранаў, забіраючы дыплом і прыз, звярнуўся да сваіх калегаў: “Фатографаў у краіне да храна, а такіх, як вы, — адзінкі. Беражыце сябе”.
Гран-пры Вячаслаў атрымаў за серыю, знятую ў турме ў Жодзіна.
“У 2000 годзе ў Беларусі з’явіўся альтэрнатыўны від пакарання за асабліва цяжкія злачынствы — пажыццёвае зняволенне, — расказаў Budzma.org Вячаслаў. — За 12 гадоў да такога віду пакарання прысудзілі каля 140 чалавек. Выходзіць, што кожны месяц нехта атрымліваў пажыццёвае зняволенне.
Гэтыя людзі наўрад ці калі-небудзь убачаць штосьці, акрамя сваіх камер і дворыка для шпацыру.
Апошнім кадрам ў серыі я зняў крэсла. Не хачу нічога сказаць, але ж аднойчы на яго хтосьці сядзе. Як кажа прыказка, ад торбы і ад турмы не заракайся.
Я працую ў міліцэйскай газеце і бачу, што да маіх калегаў у грамадстве нярэдка ставяцца негатыўна. Але сярод іх шмат тых, хто ідзе на нож і на кулю. А потым гэтыя людзі сыходзяць на пенсію хворымі. Я іх паважаю за вынікі, якія мы з вамі бачым кожны дзень. Замежныя хакеісты, якія гуляюць у мінскім “Дынама”, аднойчы расказалі мне, што не баяцца за сваіх дзяўчат, дазваляюць гуляць ім увечары ў адзіночку. А ўсё таму, што горад у нас ціхі і спакойны”.
Рэкардсменам па колькасці прызоў у розных намінацыях зрабіўся фатограф Сяргей Гудзілін. На “Прэс-фота-2011” Гудзілін атрымаў гран-пры за фота, зробленае падчас прагляду вячэрніх навін у вайсковай частцы. У гэтым годзе журы адзначыла адразу некалькі ягоных серый і сінглаў. Гэта і рэпартаж з “Поля цудаў”: цыганы, алкашы, бабулькі-пенсіянеркі, аматары савецкага аўтапраму, калекцыянеры, рабяты, якія настальгуюць па Савецкім саюзе, — усе героі ў антуражы блышынага рынку. І супрэматычны мінскі “стрыт-арт”, створаны не толькі графітыстамі, але і вандаламі, футбольнымі заўзятарамі, а таксама супрацоўнікамі камунальных службаў, якія замалёўваюць надпісы і лозунгі на сценах.
Цікавая серыя з археалагічныя пошукаў у Наваградку атрымалася ў Сяргея Балая (намінацыя “Навіны”, 2-е месца): фатограф зрабіў фотагісторыю пра тое, як былыя вязні гета ў Навагрудку, іх сем’і і дзеці шукаюць выкапаны для ўцёкаў ў 1943 годзе тунель.
Сярод пераможцаў “Прэс-фота-2013” ёсць і фатографы-дзяўчаты. Таццяна Зяньковіч атрымала першае месца за серыю, галоўным героем якой з’яўляецца Мікалай Без’язычны, беларускі фехтавальшчык на інвалідным вазку. “Калі я здымала, Мікалай рыхтаваўся да Параалімпіяды ў Лондане ў 2012 годзе. Гэта не проста выдатны спартсмен, але і цікавы чалавек, з якім мы пазнаёміліся дзякуючы маёй працы фотакарэспандэнта. Я сустракала Мікалая ў аэрапорце, калі ён вяртаўся са спаборніцтваў, здымала нават у лазні з ягонымі сябрамі, каб паказаць розныя бакі ягонага жыцця”.
Фатограф Мілана Харытонава таксама развіла спартыўную тэму і атрымала прыз за манахромны здымак удзельніц шаснаццатага міжнароднага турніру па спартыўнай акрабатыцы памяці заслужанага трэнера СССР Уладзіміра Коркіна.
“Працаваць было складана, — згадвае Мілана. — Умовы не вельмі добрыя, зала цёмная. Але вынікам я задаволеная.
“Прэс-фота” — гэта аддушына, дзе можна паказаць людзям тое, што не заўсёды дазволіць апублікаваць рэдактар медыя, з якім супрацоўнічаеш. Нават у недзяржаўных СМІ ёсць цэнзура. Мне, напрыклад, даводзілася чуць: “А давай пакінем са свята здымак, на якім дзеткі на арэлях гойдаюцца, а вось гэтых людзей з пластыкавымі шкляначкамі прыбяром”.
Цяпер я працую над серыяй, галоўны герой якой — мой дзядуля. Ён некалькі гадоў не выходзіць з кватэры, а пра ўсе навіны яму расказвае бабуля. Сёлета ў фінал “Прэс-фота” трапіў здымак, дзе дзядуля сядзіць з лупай перад тэлевізарам і глядзіць вечаровыя навіны. Такім чынам ён паглынае інфармацыю звонку, і не заўсёды яна, гэтая інфармацыя, адлюстроўвае рэчаіснасць. Не магу сказаць, што гэта сумна — гэта тыпова для беларускіх сем’яў”.
Працы ўсіх пераможцаў “Прэс-фота-2013” даступныя на сайце конкурсу. “Спадзяемся, — адзначыла рэдактар фотапарталу ZНЯТА Алена Кушнір, — што аднойчы выстава пераможцаў будзе калясіць па ўсёй краіне, і працы фіналістаў можна будзе ўбачыць не толькі на сайце ці ў альбоме, але і ў выставачных залах вялікіх і маленькіх беларускіх гарадоў”.
Кася Кірпацік, фота – Зарына Кандрацьева