Нямецкі гурт Grave Digger, адзін з першапраходцаў еўрапейскай метал-музыкі, упершыню за сваю трыццацігадовую гісторыю даў канцэрт у мінскім клубе “Рэактар” у суботу 19 лютага. І, ня гледзячы на адносна высокі кошт квіткоў, сабраў немалую колькасць сваіх прыхільнікаў.
Па добрай палове публікі было заўважна, што яна чакала гэтага візіту ледзь не палову з гэтых трох дзесяцігоддзяў, бо зала была поўная п’яных ад шчасця дзядзькоў, што ўскідвалі рукі ды гарлапанілі любімыя песні. Сам гурт не даваў шанцаў засумаваць ад самага пачатку: выступленне пачалося з выхаду на сцэну клавішніка Ганса Пітэра Катзэнбурга ў касцюме Кашчавай і з валынкаю ў руках, нязменны вакаліст Крыс Болтэндаль быў апрануты ў мужна-рамантычны кілт (як і належыць лідэру кланаў, якія ён успявае), а за спінамі музыкаў вісела палатно эпічных масштабаў. З GRAVE DIGGER мы атрымалі не толькі фірмовы для “Рэактара” якасны гук, але і абяцаную афішамі клубную атмасферу, дзякуючы якой музыкі змаглі паціснуць грамадзянам Беларусі рукі і даць паспяваць у мікрафон, а асабліва спрытныя фанаты нават спетрылі на памяць у аднаго музыкі рушнік.
Вельмі парадавала, што музыкі трымаліся на сцэне зусім не так, як гэта звычайна робяць людзі з трыццацігадовым стажам, – яны адразу завялі зал і літаральна парвалі яго сэтлістом, які амаль поўнасцю складаўся з топавых трэкаў гурта на last.fm. Публіка пачула адборныя хіты з усіх перыядаў творчасці, прычым класічныя хэві-метал “баявікі” былі разбаўлены лірычнымі баладамі, што прымусілі зал пляскаць у далоні і даставаць запальнічкі. Гурт падрыхтаваў мінскім аматарам сюрпрыз, якога не атрымалі гледачы першага канцэрта тура – “зборны” нумар адразу з некалькіх кампазіцый (Circle Of Witches, The Grave Dancer і Twilight Of The Gods).
Сказаць, што канцэрт быў удалым, значыць не сказаць нічога. Людзі, якія шмат гадоў захапляліся гуртом, але не мелі магчымасці трапіць на яго канцэрт, чакалі, натуральна, ад гэтай падзеі чагосьці неверагоднага. Дык вось – ніхто з іх не пайшоў з “Рэктара” расчараваным.