Беларускія музыкі ўручылі прэміі сваім калегам-канкурэнтам. У Loft-cafе прайшла першая прафесійная музычная прэмія Rock Profi, у журы якой былі выключна музыканты.
Перад пачаткам самой цырымоніі публіку бавілі піяніст Міхаіл Оргіш і брас-квінтэт «18 датчан», якія цягам гадзіны ладзілі музычную пераклічку, седзячы ў розных кутах клуба. У гэты вечар у Loft-cafе сабраліся беларускія музыкі дзеля ўручэння першай прафесійнай прэміі Rock Profi. Сярод прысутных можна было пабачыць Уладзіміра Пугача, Алега Хаменку, Аляксандра Патліса, Сяргея Пукста, Аляксандра Памідорава ды іншых. Усяго ў журы прэміі было 57 асобаў і ўсе — толькі музыканты. «Гэта прэмія ад музыкантаў музыкантам, а таму яе можна разглядаць як прызнанне з боку калегаў, якія з’яўляюцца канкурэнтамі», — асабліва падкрэсліваў Зміцер Безкаравайны, які разам з дырэктарам студыі «Осмос» Паўлам Юрцэвічам і арганізаваў усю гэтую дзею. Музыкі разгледзелі 47 альбомаў, 72 песні, 30 артыстаў і бліжэй пазнаёміліся з тым, што робяць іх калегі.
«Хутка маладыя музыкі будуць выбіваць на грудзі профіль гэтага чалавека ў знак падзякі за падтрымку», — пажартаваў вядоўца цырымоніі Ілля Маліноўскі, калі прадстаўляў Паўла Юрцэвіча, што абвяшчаў пераможцаў у першай намінацыі “Дэбют года” — гурт Clover Club. Шыкоўная ідэя для цырымоніі, якая ў Беларусі дагэтуль не выкарыстоўвалася, — падчас выхаду на сцэну пераможцаў аркестр граў мелодыю іх песні. «Мы атрымалі ўжо некалькі прэмій за мінулы год, але Rock Profi для нас асаблівая», — зазначылі са сцэны «клаверклабаўцы», кажучы пра важнасць прызнання менавіта з боку калегаў.
На прэміі Rock Profi было вырашана звярнуць увагу не толькі на музыкантаў, але і на гукарэжысёраў. Прыз за «Найлепшы запіс» уручаў Міхей Насарогаў з RockerJoker, які выступіў з іранічнай прамовай пра тое, што ён не любіць музыку і музыкантаў, бо яны прадукуюць сумную лухту. Адкрыўшы канверт, Міхей выказаў сваю нязгоду з рашэннем журы, але тым не менш пажадаў пераможцам «камерцыйнага поспеху», вядома ж, з доляй з’едлівасці. Перамогу атрымаў Яўген Сухавей за альбом «Futuremental» гурта Yellow Brick Road. Ілля Маліноўскі падчас уручэння падкрэсліў важны момант: статуэткі атрымліваюць прадстаўнікі альтэрнатыўнай музыкі, што граюць рок- і індзі. Поп-музыка, джаз і фольк у чыстым выглядзе тут не разглядаліся.
Пераможца ў намінацыі «За ўнёсак» быў абвешчаны загадзя, таму прысутным прапанавалі паглядзець нарэзку кліпаў ад іх — ад “Ау” да «Железного». Песня «Железный», дарэчы, на вялікае дзіва, будзе прызнаная музыкантамі «Найлепшай песняй» і асабліва кранальна прагучыць у выкананні брас-квартэта «18 датчан». Пра феномен «Ляпісаў» са сцэны паразважала Таццяна Заміроўская, якая заўважыла, што гурт Міхалка ў апошнія шэсць гадоў выконвае ў беларускай культуры тую ж функцыю, якую Пелевін — у рускай, а менавіта «фармулюе калектыўныя ўражанні і дае своеасаблівую справаздачу па выніку». «Ляпісы — другі гурт пасля «Песняроў», з якім асацыююць беларусаў. І гэта прыемна, калі цябе асацыююць менавіта з такімі героямі», — падсумавала Таццяна. Ясная справа, што Міхалка з Булатнікавым не было — «Ляпіс» знаходзіцца ў вечным канцэртным туры па неабсяжнай Расіі.
Мэнэджар гурта Naka Андрэй Ісачэнка пажадаў Rock Profi «перажыць усе астатнія прэміі і спрыяць далейшаму прасоўванню музыкантаў». Найлепшым альбомам года ў беларускай музыцы, паводле беларускіх музыкаў, быў прызнаны «Laterna Magica» ад «Серебряной свадьбы».
Трэба меркаваць, што паміж «Серебряной свадьбой» і Akute разгарнулася барацьба за перамогу ў апошняй намінацыі «Артыст года». Статуэтку ўручаў Алег Хаменка. Выглядала, што лідар «Палаца» быў абсалютна згодны з вынікам — перамогу ўзялі Akute. «Нарэшце з’явіўся стыльны беларускі гурт, які грае для беларусаў. І гэты гурт не саскочыць з Беларусі, што вельмі прыемна», — заявіў Алег.
На гэтым вечар не скончыўся — сюрпрызам для прысутных была канцэртная праграма, у межах якой выступіў «лэп-топ бар» з Вільні Маркас Палубенка і яркі дуэт з Камянец-Падольскага Zapaska. Такім чынам арганізатары прэміі хацелі паказаць, якая музыка карыстаецца попытам у суседзяў. Маркас у Літве летась быў прызнаны найлепшым дэбютантам і альтэрнатыўным выканаўцам, а ўкраінцы, якія аб’ездзілі з выступамі ўсе магчымыя еўрапейскія фэсты, лічацца аднымі з самых яркіх прадстаўнікоў індзі-попу ў сваёй краіне. Абодва выканаўцы дадуць дадатковы канцэрт для цікаўных у «Графіці» 17 красавіка.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч