
У гэты чэрвень у межах цыклу “КінаБункер” ў Мінску адбыўся паказ дзвюх дакументальных стужак “Пазіцыя скінхэдаў” (Даніэль Швайцэр, 2003) і “Меркаванне антыфашыста ”(”Дети Бакунина”, 2008). Прагляды ў кавярні “Добрыя мыслі” можна назваць спробай угледзецца ў з’яву, якая ўзнікла па-за межамі Беларусі, аднак абрысы якой пачынаюць прагледжвацца ў айчыннай субкультурнай прасторы. Супрацьстаянне скінхэдаў і антыфашыстаў пакуль не сталася ў нас такой вострай праблемай, як, напрыклад, у Расіі і Вялікабрытаніі – радзіме скінхэдаўскага руху, аднак з’яўленне на сценах мінскіх дамоў характэрных графіці ўжо мала каго здзіўляе.
У абодвух фільмах цікавыя не ракурс і кадр або псіхалагічны партрэт герояў, а іх светапогляд, сістэма каардынат, у якой яны існуюць. Гэта выглядае больш як палявое сацыялагічнае даследаванне з дапамогай камеры.
Логіка герояў немудрагелістая: зло перамагаецца сілай. Хочаш адолець ксенафобаў і нацыстаў – выйдзі з імі на рынг, думай, як яны, ужывай тыя самыя метады. Праблема такім чынам перамяшчаецца з грамадскага поля (а значыць, і з юрыдычнага) у сферу асабістага супрацьстаяння, нібыта барацьба з праявамі расавай нецярпімасці – гэта абавязак не ўсяго грамадства, а пэўнай яго часткі, якая адмыслова з’явілася дзеля таго, каб пакараць зло. “Толькі ты і я, няхай пераможа той, хто найдужэйшы”, – гэта як у кампутарных гульнях. Грамадства ў дадзеным выпадку аказваецца пасіўным назіральнікам.
Вайна маргінальных суполак застаецца па-за ўвагай большасці да таго моманту, пакуль гэтая большасць не заўважыць, што яна ўцягнутая ў гэтую вайну і мае дзейнічаць па законах ваеннага часу, а не згодна з грамадскімі і маральнымі законамі. Хочаш выжыць – забі ворага, а мараль пакінь маралізатарам. “Меркаванне антыфашыста” між іншага засведчыла той факт, што расійскае грамадства пакуль застаецца абыякавым да гэтай маргінальнай вайны, а пэўныя слаі пакрыёма, на кухнях пад піва, сімпатызуюць адной з вулічных арміяў. Брытанцы аказаліся больш кансалідаванымі, аднак момант прагапілі і цяпер вымушаныя шукаць эфектыўных сродкаў вырашэння праблемы, пры гэтым у рамках права. А мы?
Мяркуючы па рэакцыі гледачоў, якія сабраліся ў “Добрых мыслях”, мы пакуль у тую вайну не ўцягнутыя. Мы смяемся з наіўнага імпэту змагароў з расійскімі нацысцкімі групоўкамі і незразумелага пафасу нашчадкаў брытанскіх каланізатараў. Нашыя бацькі таксама пацепвалі плячыма, калі 20 гадоў таму глядзелі знакаміты фільм латыша Подніекса “Ці лёгка быць маладым?”, які нарабіў шораху ў 80-х. “Гэта не нашыя дзеці”, – лямантавалі былыя камсамольцы 60-х, а ўжо праз некалькі гадоў сутыкнуліся з тымі самымі панкамі і металістамі ў пад’ездах сваіх дамоў. “Меркаванне антыфашыста” ўвогуле варта было б паказаць па айчынным тэлебачанні замест плоскіх “Дзяцей хлусні” ды няўклюдных рэпартажаў пра “адмарозкаў” з Маладога фронту. Вайну прайграваць крыўдна.