На юбілейным фолк-фэсце “Камяніца”, які прайшоў у суботу на тэрыторыі музея народнай архітэктуры і побыту, сабралася больш за 8000 гледачоў. Гэта абсалютны рэкорд па наведвальнасці за ўвесь час правядзення мерапрыемства.
Велізарнай цікавасці да фестывалю “Камяніца” спрыяла найперш надвор’е. У галоўны фестывальны дзень было цёпла, а часам нават спякотна. Пра прыемнае надвор’е казалі практычна ўсе выступоўцы са сцэны. “Хоць вас і пагана бачна праз сонца, але хай яно свеціць!” — прамовіў Марко Галаневіч з украінскага гурта “Даха-Браха”. Іх выступ стаў адной з галоўных разынак фестывалю.
Тлусты і разнастайны лайн-ап фэсту — яшчэ адна асноўная прычына таго, што на яго сабралася так шмат людзей. Вядома, шмат хто ішоў, каб пачуць “Старога Ольсу” і “Палац” (беларускіх хэдлайнераў развялі па часе — “ольсы” выступілі ўдзень, а “Палац” закрыў фестываль познім вечарам). А таксама пазнаёміцца з замежнымі гасцямі, якія ўпершыню бралі ўдзел у “Камяніцы”, — згаданай ужо “Дахай-Брахай” ды гуртом “Фолкнери” з Украіны, палякамі з Orkiestra Sw. Mikolaja ды расійцамі, што выконваюць беларускі фальклор, з Hvarna. На думку завадатара фэсту Сяргея Чагрынца, сёлета быў самы зорны склад удзельнікаў за ўсе часы правядзення “Камяніцы”. Паводле папярэдніх падлікаў, музыкі сабралі агулам больш за 8000 гледачоў. Разам з вядомымі гуртамі на фэсце выступілі і дзіцячыя калектывы. Сёлета “дзіцячую сцэну” было вырашана паставіць не пры ўваходзе, а побач з галоўнай. Такім чынам, калі заканчваўся сэт на асноўнай сцэне, вядоўца Алег Хаменка перадаваў слова куратару малой сцэны Русі. Пакуль адладжваліся наступныя выступоўцы, на другой сцэне можна было паслухаць дзетак. Шкада толькі, што другая сцэна зарана спыніла працу.
Безумоўна, вялікую ролю адыграла і месца правядзення фэсту ды абсалютна дэмакратычная цана квітка — 30 000 руб. У народных строях наогул прапускалі бясплатна, але некаторыя ўсё адно плацілі за ўваход, ведаючы, што грошы пойдуць на добрую справу — падтрымку экспанатаў музея. Акрамя звычайнай экспазіцыі падчас фэсту працаваў шэраг адмысловых пляцовак, на якіх можна было навучыцца ганчарству, вырабу лялек, народным танцам. На падыходзе да сцэны паўстаў сапраўдны кірмаш, дзе можна было набыць вырабы народных майстроў ды іншыя цікавосткі. У межах фэсту таксама працавала фотавыстава “Успамін пра Вялікае Княства” — фатограф Алег Белавус зрабіў спробу “ажывіць” славутых дзеячаў часоў ВКЛ. Таксама спецыяльна да фестывалю ў музейнай царкве выставілі ўнікальную ікону канца XVII стагоддзя.
Належным чынам была наладжаная праца пунктаў харчавання. Прынамсі, ежы і пітва хапіла да канца фэсту. Адзіная прыкрасць была хіба з сістэмай кантролю і дагляду, якую вымушаныя былі праходзіць усе гледачы кожным разам пасля наведвання карчмы і прыбіральняў, у выніку чаго трэба было адстаяць дзве вялікія чаргі — спачатку ў біяпрыбіральню, а потым на кантроль.
Пад вечар істотна пахаладала, але большасць гледачоў засталася, каб паслухаць гурты Hvarna і “Палац”, якія закрывалі фэст. Для Hvarna гэта наогул быў першы выступ у Беларусі. Тры гады таму музыкі з Пецярбургу выдалі альбом “Кола вяртанняў”, які цалкам складаўся з беларускіх песень, а вось прадставіць яго ў нас усё ніяк не маглі. Так што можна лічыць, што яго жывая прэзентацыя адбылася ў межах “Камяніцы”. Адметна, што свае спевы яны суправадзілі паказам старадаўніх абрадаў і пясочным шоу. “Мы прараслі ў вас каранямі!” — зазначыў пры канцы выступу лідар каманды Андрусь Палаўчэня. Калісьці ён выходзіў на сцэну “Камяніцы” з магілёўскай фолк-фармацыяй OSIMIRA. Перад выхадам “Палаца” гледачоў чакаў сюрпрыз — выступ дзіцячага фолк-калектыву “Рада” на чале з Ірэнай Катвіцкай. Дзеткі выканалі творы, дзякуючы якім здабылі нядаўна перамогу на міжнародным фестывалі ў Балгарыі. А потым былі танцы, старыя і новыя, але ўжо любімыя песні ад гурта “Палац” на чале з Алегам Хаменкам, які феерычна закрыў юбілейную “Камяніцу”.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Алеся Серада