Аматары беларускіх чыпсаў і класічнага року “Сегодняночью” далі цудоўны канцэрт у мінскім “Рэактары”, сыграўшы найлепшае са сваіх чатырох альбомаў, а таксама творы Чака Бэры, Джымі Хендрыкса, The Beatles і The Doors.
Barbados
Адкрыў канцэрт Barbados, адна з самых цікавых англамоўных камандаў Мінска. Хлопцы сціпла прадставіліся і зайгралі песні, што ўвайшлі ў іх дэбютны дыск “About Worlds in Eyes”. Ля сцэны сабраліся пераважна дзяўчаты, якія горача падтрымлівалі музыкаў, не выкрыкваючы імя хэдлайнера, як гэта часта бывае. Было такое адчуванне, што людзі прыйшлі на Barbados. “Зараз на сцэне з’явяцца легенды піцерскага року. Хто яны?”, — намагаўся яшчэ болей разгайдаць залю вакаліст Пётр Саянкоў, глынуўшы піва з бляшанкі. “Barbados!” — быў яму адказ. Тым не менш, праз паўгадзіны музыкі саступілі сцэну гасцям. Перад выхадам гурта “Сегодняночью” ўключылі “Маніфест”, відаць, дзеля падтрымкі “Ляпісаў”, якія часова не могуць граць у сваёй краіне. Людзі падпявалі Міхалку хорам.
Мікіта Казлоў выказаў спадзеў, што радыяцыя да Беларусі не дайшла, і сыграў на прывітанне “Всё нормально”. Лідар “Сегодняночью” наогул быў ахвочы да размоваў: “Не сумуйце, вусы будуць зголеныя”, — задуменна прамовіў ён, а потым прызнаўся, што любіць беларускія чыпсы. “Відаць, Лукашэнка перамог амерыканцаў, Lay’s у вас ніхто не набывае”, — зазначыў ён. А пад канец канцэрту парываўся паведаміць прыхільніцам нумар пакоя ў гатэлі, дзе спыніліся музыкі.
“Якую песню жадаеце? — пытае ў слухачоў Мікіта, пасля таго як яму нехта з залы даў закурыць. — Калі павольную — крычыце “У”, калі хуткую — “Ы”. Заля загула: “Уууууууу”, — і музыкі выканалі адзін са сваіх галоўных хітоў “Между роскошью и тоской”. Падчас прыпеву вакаліст упэўнена адышоў ад мікрафона, і зала спявала замест яго: “Я напісаў яе ў 16 гадоў, не разумею, чаму вы прэцеся ад яе”, — падзівіўся ён і папрасіў не кідаць на сцэну так шмат цыгарэтаў, бо спрабуе кінуць курыць.
Выступ “Сегодняночью” прыпаў на Страсную пятніцу, але Мікіта прызнаўся, што адчувае сябе паганцам. У камяні верыць, у рэчку. Тым не менш, пажадаў добрых святаў, а потым пажартаваў: “А ці любіце песні пра каўбояў, коней ды падобную батву? Так? А мы не!”.
На пэўны час месца ля мікрафона заняў бубнач гурта Аляксандр Карбукоў, які памяняўся месцамі з вакалістам. Аляксандр фантастычна сыграў “Foxy Lady” Хендрыкса ды ізноў вярнуўся да бубнаў.
Праграма “Сегодняночью” недзе напалову складалася з кавераў. Музыкі шануюць рок-класіку, таму гралі рок-н-ролы Чака Бэры і The Beatles. Іх песня “Почему же ты такая сука, Вика” нечакана развілася ў “Light My Fire” The Doors. Нават на “біс” музыкі вырашылі сыграць не сваё, а “Don’t Let Me Down”.