Тэатр «D.O.Z.SK.I.» адзначыў пяць гадоў сваёй дзейнасці. Вынікі былі падведзеныя 5 кастрычніка ў галерэі «Ў»: «Гэта быў вельмі значны для нас перыяд, таму што мы сталі першымі беларусамі, якія ўзялі ўдзел у Міжнародным танцавальным фестывалі «Tanzmesse». А ў верасні ўжо далі сольны канцэрт у Варшаве на сцэне Нацыянальнай Оперы і ў Каралеўскім замку. Мы даказалі, што беларуская сучасная харэаграфія існуе».
канферансье Аляксандр Казела
13 кастрычніка ў Палацы Прафсаюзаў з нагоды пяцігоддзя адбыўся сольны выступ тэатра. Для беларускага гледача «D.O.Z.SK.I.» падрыхтавалі вялікую колькасць цікавых пастановак. Канцэрт выклікаў вялікі ажыятаж у публікі – у зале амаль не было вольных месцаў. Большую частку гледачоў складала моладзь, але хапала і сталых людзей.
Сур’ёзнасць пастановак тэатралы вырашылі «развесці» за кошт канферансье. Агляд пастановак праводзіўся як бы ў перадачы Віталя Вульфа «Срэбраны мяч». Па яго словах, пералом у харэаграфію ўнесла 83 гады таму Айседора Дункан пераломам шыйнай хусткай шыйных пазванкоў. Вынікі гэтага «пералому» мы можам убачыць у дзейнасці тэатра «D.O.Z.SK.I.».
Вечар пачаўся з фрагмента пастаноўкі «Мухи на Солнце», прэм’ера якой ўжо адбылася ў Польшчы, ў выкананні дуэта «Жукі». «Гэты дуэт-гульня быў абраны для ўдзелу ў міжнародным конкурсе Zavirovanne у Варшаве, дзе і адбылася прэм’ера спектакля», – кажа заснавальнік тэатра Зміцер Залескі. Пад акампанемент гуку жалезнага вядра пара выконвала складаныя харэаграфічныя кідкі, перакаты і скачкі.
Змяніць погляды публікі на такую з’яву як старасць спрабавалі чатыры маладыя жанчыны ў пастаноўцы «В долине доли».
Першай прэм’ерай была пастаноўка «Камень. Ножницы. Бумага», якая распавядае пра 2 маладых людзей. Пра перажыванні чалавека, стан якога можна апісаць так: «Человек не в состоянии разделиться, но и не разделиться не в состоянии». Эпіграфам да гэтага спектакля паслужылі радкі Ганны Ахматавай у выкананні канферансье. Гэтая адзіная пастаноўка, якая суправаджаецца відэашэрагам.
У наступнай мініяцюры «Зрелость» гледачы разам з танцорамі разглядалі жыццёвае пытанне: «Што ж робіць мужчыну сапраўдным мужчынам?» Гукавая частка прадстаўляе сабой каўказскія матывы. Гэтая мініяцюра атрымала першую прэмію на фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. І праз яе праглядаецца ідэя сталасці тэатра.
Гледачоў захапіла студэнцкая праца «Очертания неизбежности», тэхнічна складаная і вельмі эмацыйная.
Другой прэм’ерай вечару была мініяцюра «Low Freqency», якая суправаджалася электроннымі гукамі, амаль неапрацаванымі. У гэтай пастаноўцы тэатралы хацелі перадаць звязанасць падзей у свеце. Канферансье паспрабаваў прывесці прыклад, няўдалы, але аўдыторыі спадабаўся: «Калі хтосьці ў Мадрыдзе затушыў цыгарэту, то ў Беларусі нарадзілася дзіця-індыга».
Яшчэ адзін фрагмент «Мухи на Солнце» пабачылі ў выкананні дуэта «Трыа». Чаму ён так называецца, гледачы зразумелі ў канцы, калі на сцэне з’явіўся трэці ўдзельнік – залатая рыбка.
Для прадстаўлення наступнай прэм’еры канферансье выйшаў са скрынкай на галаве. Менавіта так выглядалі танцоры ў аднаактавым балеце «Homo Sapiens». Ідэя балета даволі складаная: абаянне часу, магчымая адсутнасць гэтага абаяння ў нас.
Напрыканцы вечару гледачы маглі пабачыць аднаактавы балет «ДР». Спектакль выклікае пачуццё абсурднасці з лёгкай гаркотай, да таго ж, пастаноўка мае нечаканы фінал: імяніннік застаецца на сцэне адзін, а шумная кампанія, як высвятляецца, ягоная выдумка.
«D.O.Z.SK.I.» развіталіся, але ненадоўга – 1 снежня адбудзецца прэм’ера спектакля «Мухи на Солнце».