Крэатыўныя аўтары, патэнцыйныя партнёры і прадстаўнікі адкрытага для супрацы чынавенства ў адной залі. Магчыма? Так, у Віцебску магчыма ўсё!
28 лістапада адбыўся Віцебскі “Кірмаш праектаў”, арганізаваны кампаніяй “Будзьма!” ужо другі раз. Паказаўшы сябе падчас 5-хвіліннай прэзентацыі, кожны аўтар меў мажлівасць адказаць на пытанні публікі, прыняць хвалебныя водгукі ды, убачыўшы слабыя месцы сваёй працы, тут жа атрымаць прапановы па ўдасканаленні ідэі або фармату праекта. На працягу мерапрыемства гледачы і ўдзельнікі “Кірмаша” выстаўлялі адзнакі кожнаму праекту ў катэгорыях “Актуальнасць”, “Унікальнасць” і “Магчымасць рэалізацыі”.
На “Кірмашы” было прадстаўлена 7 праектаў. Малады гісторык Станіслаў Сілкоў прапанаваў стварыць новы гарадскі “Клуб настольных гульняў”, які, апрача “выцягвання” аматараў сацсетак і онлайн-гульняў у рэчаіснасць, зможа аб’яднаць натхнёных “Паўстанцамі” цікаўных у распрацоўцы беларускіх гульняў. Менавіта ў бок адаптацыі папулярных настольных гульняў да беларускасці па змесце і мове раіла рухацца аўтару праекта аўдыторыя, называючы такі ход перспектыўнай бізнэс-нішай.
Рэжысер Юры Іваноўскі падзяліўся ідэяй Моладзевага эксперыментальнага тэатральнага Цэнтра ў пасёлку Ноўка блізу Віцебска. Праект мае мэтай “вырошчваць” і прапагандаваць беларускіх маладых драматургаў, прадстаўнікоў так званай “новай драмы”. Узнікла пытанне, ці не стане перашкодай аддаленасць Цэнтра, але найбольш горача абмяркоўваўся стан маладой сучаснай драматургіі ў Беларусі.
З вялікай цікаўнасцю публіка прыняла амаль гатовую да друку “Азбуку-саматканку” Святланы Баранкоўскай і Кастуся Севярынца. (Электронная версія азбукі на вершы спадара Севярынца даступная ў сеціве). Творчая група аўтараў кнігі звяртаецца па дапамогу ў ацэнцы выдання такой кнігі, што, як высветлілася, немагчыма ў Віцебску, паколькі літаратурных выдавецтваў у Віцебску не існуе. Аднак, галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын прапанаваў падумаць аб тым, каб прадставіць творчы прадукт С.Баранкоўскай і К.Севярынца ў іншых фарматах, напрыклад, як вонкавую сацыяльную рэкламу ў горадзе для папулярызацыі беларускай мовы і рамесных традыцый.
Вядомы мастак і краязнаўца Ігар Дураў прэзентаваў серыю плакатаў “Віцебск сярэднявечны” з мэтай знайсці партнёраў і аднадумцаў у рэалізацыі некалькіх яго творчых задумаў, а таксама жартаўліва папрасіў аб маральнай падтрымцы, таму што, як вядома, “мастака пакрыўдзіць можа кожны”. І адразу ж атрымаў прапанову ад спадарыні Баранкоўскай па далейшым творчым развіцці праекту.
Ідэю далейшага пазіцыянавання Віцебска як горада фестываляў падтрымалі адразу тры ініцыятывы: правядзенне Фестываля вулічнай музыкі, пры тым, што ў Віцебску граць на адкрытым паветры афіцыйна дазволена (Вольга Бізікава, vitebsk4me); Фестываля манументальнага вулічнага мастацтва “Закатка” з дасканала распрацаваным і “абкатаным” на вуліцах Гомеля каштарысам (Максім Самасевіч) і праект па “выцягванні культурнай энергіі з ветру” ў межах адноўленага Фестывалю паветраных змеяў (Алесь Замкоўскі, vitebsk4me).
Ацэнка праектаў ад аўдыторыі
№ пп |
Назва праекта |
Актуальнасць ідэі |
Важнасць для мэтавых груп |
Магчы–масць рэалі–зацыі |
Сярэдні бал |
1 |
Клуб настольных гульняў у Віцебску – Станіслаў Сілкоў |
6,75 |
6,15 |
7,2 |
6,7 |
2 |
Моладзевы эксперыментальны тэатральны Цэнтр г.Віцебска і Віцебскага раёна – Юры Іваноўскі |
7,1 |
7,4
|
6,6 |
7,05 |
3 |
“Азбука-саматканка”, кніжка для дашкольнікаў і іх бацькоў – Святлана Баранкоўская |
8,9 |
8,9 |
8,4 |
8,7 |
4 |
Серыя плакатаў “Віцебск сярэднявечны” – Ігар Дураў |
9,1 |
8,8 |
8,45 |
8,8 |
5 |
Фестываль вулічнай музыкі – Вольга Бізікава, vitebsk4me |
8,3 |
8,45 |
8,9 |
8,6 |
6 |
Фестываль манументальнага вулічнага мастацтва “Закатка” – Максім Самасевіч |
8,2 |
7,7 |
7,35 |
7,8 |
7 |
Аднаўлене “Свята ветру” (фестываля паветраных змеяў) у Віцебску – Алесь Замкоўскі, vitebsk4me |
7,9 |
8 |
8,45 |
8,1 |
Падчас падвядзення вынікаў “Кірмашу” кожны з выступоўцаў адзначыў важнасць жывой прэзентацыі ідэяў як для саміх аўтараў, так і для культурніцкіх мэнэджэраў, прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі. Вядоўца сустрэчы, каардынатар кампаніі па Віцебскім рэгіёне Уладзімір Булаўскі падкрэсліў, што па выніках мінулага “Кірмашу” сёння ў горадзе рэалізуюцца некаторыя прэзентаваныя тады праекты (“Забаўлянкі для Янкі”, “Віцебск: папулярнае мінулае” і інш.). Спецыяліст аддзела культуры гарвыканкама Віктар Глушын падзякаваў ініцыятыўным віцяблянам за вельмі моцныя праекты, а ГКК “Будзьма беларусамі!” за магчымасць пачуць пра кожнага: “Вельмі моцныя праекты. Бачна, што стаяла пытанне пра тое, што Вы ўжо маеце і гатовыя прадставіць для таго, каб Ваш праект быў зроблены. І гэта для нас вельмі істотна, таму што вельмі часта бывае так, што да нас прыходзяць і кажуць: “Вось мы прыдумалі мерапрыемства! Вось такое! Рэалізуйце!” – так ужо ніхто ва ўсім свеце не працуе. Сёння грамадскія абяднанні рэалізоўваюць праекты, гарадскія ўлады гэтыя праекты ўзгадняюць і дапамагаюць нейкай парадай, праводзіць іх і г.д. Не могуць некалькі чалавек, што працуюць ва ўладзе, зрабіць усе праекты, якія прыдумаюць жыхары горада Віцебска ці іншых гарадоў.”
“Кірмаш праектаў” – камунікацыйная пляцоўка для людзей, якія займаюцца грамадсказначнай дзейнасцю на скрыжаванні культуры, гісторыі і краязнаўства, сацыяльнай сферы, сучасных тэхналогій і многіх іншых дысцыплін. Калі вы маеце жаданне актывізаваць ініцыятыўных людзей у прапанаваным намі фармаце ў сваім градзе, пішыце на razam@budzma.org. Спрычынімся да паляпшэння гарадскога жыцця разам!
Лізавета Неўмяржыцкая, фота – Аляксандр Ждановіч