Афлайнавае ток-шоу, арганізаванае кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, адбылося 8 снежня ў Гродна. Ток-шоу прайшло пад назвай “Культурная афіша Гродна: змест, эфект і адметнасці” і было прысвечанае пытанням культурнага жыцця горада. Удзел у ток-шоу ўзялі вядомыя музыкі і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі бізнэс-структур і духавенства, супрацоўнікі радыё, тэлебачання і палацаў культуры Гродна.
Ток-шоу завяршыла першую серыю адкрытых пляцовак для грамадскай дыскусіі ў рэгіёнах, якая мела месца ў канцы лістапада — пачатку снежня ў трох абласных цэнтрах Беларусі. Раней рэгіянальныя ток-шоу адбыліся ў Магілёве (25 лістапада) і Берасці (1 снежня). Тэма кожнай сустрэчы была абраная адпаведна рэаліям і праблемам рэгіёна, але агульным быў іх фармат — адкрытасць для людзей розных плыняў і поглядаў на праблемы культуры.
Вечар распачаўся пад гукі гурта “Воображаемые люди”, падчас паўакустычнага выступу якога сабралася публіка. “Ад нашчадкаў спакон вякоў нам засталася спадчына”, — па-філасофску распачаў сустрэчу яе вядоўца, артыст Гарадзенскага абласнога тэатра лялек Аляксандр Енджэеўскі. Тэму спадчыны і мовы працягнуў уладальнік службы таксі Віктар Хоцім, які шчыра прызнаўся, што ў рэкламных мэтах карыстаецца выключна рускай мовай. Прынамсі, пакуль…
Акрамя пытанняў моўных вельмі хвалюючымі ёсць для рэгіёну пытанні турызму. Прадстаўнік сферы агратурызму Васіль Калач расказаў пра праблемы Гарадзеншчыны турыстычнай, галоўнай з якіх назваў стан інфраструктуры. Дзмітры Малюкевіч, пастыр і старшыня рады абшчын падкрэсліў, што галоўнае для беларусаў у пытаннях культуры — “не баяцца быць беларусамі”.
Спектр закранутых у гэты вечар праблем быў незвычайна шырокім: ад беларускамоўных класаў да моладзевых субкультур. Паказаная пад канец відэаапытанка людзей на вуліцах Горадні наглядна прадэманстравала, як мала айчынных выканаўцаў ведаюць жыхары горада. Адной з галоўных высноваў вечара стала тое, што беларуская культура стэрэатыпна ўспрымаецца як выключна фальклорна-сялянская, і таму варта падтрымліваць і развіваць яе сучасныя формы.
Культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” не ставіць кропку ў рэгіянальных ток-шоу і абяцае іх працяг у іншых рэгіёнах краіны. Як паказалі тры праведзеныя мерапрыемствы, толькі разам мы разумеем, якія праблемы ў нас ёсць, і толькі разам магчыма высветліць, як дзейсна іх вырашаць. Працяг будзе…
Алесь Плотка, фота — Аляксандр Ждановіч