Я ўсвядоміў сябе беларусам,
А беларус ува мне пакумекаў
І ўсвядоміў сябе чалавекам,
А чалавек, даражэнькі мой дружа, –
Ён сляпым і глухім быць не можа.
— Калі я жыву ў Беларусі ,то мушу размаўляць па-беларуску. Яшчэ ў школе мы сядзелі з сяброўкай на кухні і размаўлялі па-беларуску, хаваючыся, як ціхія алкаголікі. У школе быў настаўнік гісторыі, які проста ненавідзеў беларускую мову і не лічыў беларусаў за нацыю. Я з ім увесь час спрачалася, і гэта прымусіла мяне насуперак яму вывучыць гісторыю Беларусі. На нашыя спрэчкі сыходзіў цэлы ўрок, пасля мае заданні не былі выкананыя, ён пагражаў паставіць два.
Мяне пахрысцілі ў 11 гадоў. Чамусьці да Бога было лагічна звяртацца па-беларуску, нягледзячы на тое, што размаўляла на рускай.
У 1993 годзе, у 15 гадоў, я была на першым мітынгу. Мы ішлі з бел-чырвона-белымі сцягамі ад плошчы Незалежнасці па праспекце Францыска Скарыны, спяваючы беларускія песні. Гэта вельмі натхніла мяне. Я ўсіх віншавала з 75-годдзем БНР. Праўда, некаторыя не разумелі і баяліся, што гэта іх віншуюць з 75-годдзем. У 1996 годзе я якраз заканчвала школу, калі адбываліся вялізныя мітынгі, пераварочвалі машыны. Я там прысутнічала. Перайшла на беларускую мову ўжо ва універсітэце. На другім курсе пачала пісаць расійскія лекцыі па-беларуску.
Часта ездзіла да бабулі ў вёску, якая знаходізцца ва Усходняй Беларусі. Там размаўлялі на трасянцы, але збольшага беларускай. У 1997 годзе першы раз была на Аршанскім фэсце. Сабралося ўсяго 30 чалавек, бо мінулым разам усіх разагналі. Там у мяне ўпершыню ўзнікла вострае пачуццё радзімы. Я ведала, што тут побач пахаваныя твае дзяды. Калі раніцай стаіш над Дняпром і адчуваеш, што ты належыш гэтай зямлі, што ты адказны за яе, гэта, магчыма, і азначае быць беларусам.
Валерыя Чарномская
