На сольным канцэрце на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі этна-трыа “Троіца” сыграла кампазіцыі з ранейшых альбомаў і прадставіла прэм’ерны твор “Мядзведзь”, этна-псіхадэлічную п’есу з трох частак.
Этна-трыа “Троіца” працягнула добрую традыцыю – даваць раз на год узімку канцэрт на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Летась каманда Івана Кірчука прадставіла тут альбом “Зімачка” пры поўнай зале. Сёлета гледачоў было трошкі меней, і гэта адразу адзначыў Іван Кірчук, зірнуўшы ў залу. Магчыма, не ўсе былі гатовыя заплаціць даволі высокую цану за квіток, як для беларускага канцэрту – ён сягаў 190 000 руб. Але якасны гук і святло ды выдатная музыка таго каштуюць.
У гэты вечар “Троіца” выконвала выбраныя кампазіцыі з ранейшых альбомаў. Пачаўся канцэрт з “Ой, родзе, родзе”. Тым самым Кірчук імкнуўся нагадаць, што “ёсць дзяды і прадзеды, а мы знаходзімся толькі ўверсе гэтай піраміды”. Сцэна філармоніі зусім не падавалася завялікай для трох музыкаў з “Троіцы”, яны цудоўна асвоілі прастору. Лідар “Троіцы”, як заўжды, расклаў вакол разнастайныя інструменты, развесіў нават на маніторах ручнікі і ўпрыгожыў сцэну плеценымі паясамі – абярэгамі на шчасце. Вечарына мела фармат канцэрту-сустрэчы, між спевамі Кірчук расказваў гісторыі, звязаныя з песнямі, ды хваліўся апошнімі творчымі поспехамі. Летась “Троіца” з’ездзіла на два новыя фестывалі – у Швейцарыю і Іспанію, а іх альбом “Зімачка” атрымаў ажно восем узнагародаў з улікам нацыянальнай музычнай прэміі і “Рок-Каранацыі”. Згадаў Іван Іванавіч і пра свае першыя этнаграфічныя экспедыцыі ў 80-х, на якіх і сабраў частку песняў, якія цяпер выконвае “Троіца”. Кірчук схільны верыць найперш даўнім спевам, а не аповедам. “Здрада існуе цяпер і існавала раней, хоць бабулі казалі нам, што такога ў іх не было, але знайшлася песня, якая сведчыць пра тое, што было”, – сказаў ён перад выкананнем твора “Сонюшка”, якая па-іншаму яшчэ завецца “Шэльма”.
На гэтым канцэрце адбылася прэм’ера. “Троіца” выканала зусім новую кампазіцыю пад назвай “Мядзведзь”, шыкоўную этна-псіхадэлічную рэч з трох частак. Сышоўшы з калядным звонам пасля выканання “Ажаніла”, Кірчук неўзабаве быў вернуты публікай на біс. “Нешта час так ляціць, і вясна хутка ўжо прыйдзе”, – абвясціў музыка і зайграў адпаведную настрою “Яблынь”, адзіны твор з самага першага альбома “Троіцы” яшчэ 1996 года, які нязменна прысутнічае ў цяперашнім рэпертуары. Пры канцы вечара Кірчук трошкі паразважаў пра музыку цяперашнюю і музыку даўнюю: “Цяпер вось людзі называюць сябе кампазітарамі, пішуць музыку, якая нібы можа нават лячыць. Тое, што спявалі раней, цяжка назваць проста песнямі, людзі жылі тым, пра што спявалі, гэтым і лекаваліся. І я ўпэўнены, што іх песні могуць дапамагчы і ў наш час”. Музыкі зрабілі прыемнасць гледачам і самім сабе і выйшлі яшчэ і на другі біс, сыграўшы “Журавоў”, адну з адвечных сваіх песняў.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч