Экспертны савет конкурсу культурніцкіх ідэй кампаніі “Будзьма беларусамі!” атрымаў і ўважліва вывучыў усе дасланыя заяўкі (56 праектаў!) і вызначыў ганаровых пераможцаў.
Усе праекты атрымаюць інфармацыйную і – пры неабходнасці – арганізацыйную падтрымку падчас іх рэалізацыі, шэрагу праектаў будзе аказана дапамога ў пошуку фінансавых партнёраў. Агулам – 21 пераможца.
Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто даслаў заяўкі на конкурс – выбар быў доўгім і сапраўды няпростым. Шчыра ўпэўненыя, што ўсе праекты будуць рэалізаваныя і зробяць жыццё беларусаў яшчэ лепшым. Бо менавіта культура паляпшае жыццё!
Яшчэ раз віншуем пераможцаў, якім сталі:
1. Аўтушка Алена – “Вывучэнне і захаванне палескай прыпеўкі як культурнай спадчыны заходне-палескай Беларусі”
Сутнасць праекта: правядзенне на базе агратурыстычнай сядзібы “Шчодры заяц” аднадзённага музычнага фестывалю своеасаблівай палескай прыпеўкі і танца “сербіянкі”.
Мэта праекта: вывучэнне, захаванне і папулярызацыя сярод малодшага пакалення ўнікальнай культурніцкай каштоўнасці — вуснай народнай музычнай і песеннай творчасці жыхароў беларускага Палесся (прыпеўкі “сербіянка”).
2. Башура Міхась, Калоша Алесь – “Слухаем разам!”
Сутнасць праекта: стварэнне беларускіх аўдыёбібліятэк для школ і садкоў для дзяцей з праблемамі зроку; забеспячэнне камплектамі беларускіх аўдыёкніг сям’яў, у якіх бацькі або дзеці маюць праблемы са зрокам; забеспячэнне спецыялізаваных бібліятэк (аддзелаў раённых бібліятэк) для людзей з праблемамі зроку якаснай беларускамоўнай аўдыёлітаратурай.
Мэта праекта: далучэнне дзяцей, якія абмежаваныя ў магчымасцях чытаць друкаваныя кнігі, да роднай мовы, скарбаў нацыянальнай і сусветнай літаратуры праз супольнае праслухоўванне аўдыёкніг у школах, садках, а таксама дома разам з бацькамі; садзейнічанне еднасці сям’і, эстэтычнаму выхаванню дзяцей.
3. Бяленік Алеся – “Гарадзенскія паэтычныя слэмы” (удзельнік “Кірмаша праектаў” у г. Гродна)
Сутнасць праекта: правядзенне вулічных паэтычных спаборніцтваў паміж сучаснымі беларускімі (гарадзенскімі) паэтамі.
Мэта праекта: папулярызацыя актуальнай беларускай паэзіі для розных аўдыторый гараджан.
4. Вайноўскі Зміцер – “Буктрэйлер”
Сутнасць праекта: стварэнне рэкламных ролікаў-трэйлераў на творы беларускіх літаратараў.
Мэта праекта: прыцягненне ўвагі шырокай інтэрнэт-аўдыторыі да выдатных твораў сучаснай і класічнай беларускай літаратуры, а таксама да беларускай культуры і мовы ў цэлым.
5. Воранаў Раман – “Віцебск: папулярнае мінулае” (удзельнік “Кірмаша праектаў” у г. Віцебск)
Сутнасць праекта: серыя інтэрнэт-публікацый, а таксама выданне кнігі пра гісторыка-культурную спадчыну Віцебска.
Мэта праекта: павышэнне павагі з боку грамадства да гісторыка-культурнай спадчыны Віцебска; рэалізацыя патэнцыялу лакальных гісторыкаў.
6.Гузель Наталля – “Горад без гузікаў”
Сутнасць праекта: стварэнне адкрытай прасторы (электроннай і друкаванай) для вывучэння сталіцы, каб кожнае дзіця магло расказаць пра свой горад нешта дзіўнае і важнае; выданне ў дапамогу бацькам даведніка “Прагулкі па дзіцячым Мінску”.
Мэта праекта: стварэнне больш утульнай і зручнай гарадской прасторы (фізічнай і інфармацыйнай) для дзяцей.
7. Казак Сяржук, Кузьменка Зміцер, Сямашка Вольга — праект “Наваградчына паўстанцкая запрашае — 2013”.
Сутнасць праекта: збор вуснай гісторыі аб паўстанні 1863—1864 гг., прыборка магіл паўстанцаў, урачыстае мерапрыемства, выязныя мерапрыемствы па адмысловым маршруце (імша, канцэрт, наведванне мясцін памяці); публікацыя кнігі “Наваградчына ў паўстанні”.
Мэта праекта: абуджэнне актыўнасці грамадзянскай супольнасці ў справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, у тым ліку памяці аб падзеях 1863—1864 гг. Праект скiраваны на пашырэнне ідэяў валанцёрскай самаарганізацыі дзеля пошуку гістарычных крыніц і ўшанавання памяці аб паўстанцах Каліноўскага ў шырокай грамадскасці ў цэлым і мясцовага насельніцтва Наваградчыны ў прыватнасці.
8.Каліноўская Марына — “Дапаможнік калядоўшчыка”
Сутнасць праекта: выданне распрацовак па сучаснай форме традыцыі калядавання.
Мэта праекта: пашырэнне абраду калядавання сярод моладзі Мінска праз навучанне, распрацоўку і распаўсюджанне прыдатных для навічкоў падрыхтоўчых матэрыялаў.
9.Крусь Вольга — выхаваўчы праект “Бацькі.BY”
Сутнасць праекта: комплекс трэнінгаў, семінараў, майстэрняў, вандровак паводле традыцый і прынцыпаў народнай педагогікі; рэканструкцыя народных свят; тэматычныя публікацыі і інш.
Мэты праекта: абуджэнне цікаўнасці моладзі, якая ў бліжэйшы час створыць свае ўласныя сем’і, да выхавання дзяцей у традыцыях беларускага этнасу.
10. Кузьмініч Ігар “Беларуская Ёлачка” і “Гарадзенская школа калядаў” (удзельнік “Кірмаша праектаў” у г. Гродна)
Сутнасць праекта: навагодняя беларуская ялінка, падрыхтаваная сіламі бацькоў для сваіх дзяцей.
Мэта праекта: стварэнне ўмоў для аб’яднання бацькоў-беларусаў і прапаганда беларускамоўнага выхавання сярод бацькоў, якія маюць малых дзяцей.
11. Лужынскі Аляксей, Хаванскі Павал — “Папулярызацыя асобаў паўстанцаў 1863 года на Вілейшчыне”
Сутнасць праекта: музычныя вечарыны з віктарынамі і прызамі, выезды на паўстанцкія мясціны, лекцыі-сустрэчы з творцамі і інш.
Мэта праекта: папулярызацыя асобаў паўстанцаў 1863 года на Вілейшчыне.
12. Ляшкевіч Алёна — “Адукацыя ў галіне традыцыйнай культуры як сродак абуджэння цікаўнасці да беларушчыны і павышэння актыўнасці моладзі”
Сутнасць праекта: нефармальная адукацыя гарадской моладзі па метадзе шведскіх навучальных гурткоў, этнаграфічныя экспедыцыі.
Мэта праекта: абуджэнне цікаўнасці да беларушчыны і павышэнне актыўнасці моладзі сродкамі нефармальнай адукацыі ў галіне традыцыйнай культуры.
13. Мандзік Дар’я, Войцік Яна — праект “Не маўчы па-беларуску”
Сутнасць праекта: выданне друкаванай прома-прадукцыі.
Мэта праекта: пашырэнне карыстання беларускай мовай, яе распаўсюджанне сярод беларусаў. Канкрэтная мэта — стварэнне візуальных матэрыялаў-дапаможнікаў для вывучэння і ўдасканалення мовы. Праект накіраваны на даследаванне і вывучэнне самай простай побытавай лексікі. Звычайна гэты пласт мовы чалавек засвойвае ў сям’і, але ў нашых умовах яго неабходна адраджаць.
14.Масла Алена — “Мілашоўска-мілашаўскія чытанні”
Сутнасць праекта: серыя літаратурна-відовішчных і адукацыйных мерапрыемстваў на Міёршчыне.
Мэта праекта: падрыхтоўка спрыяльнай маральнай атмасферы, пошук інвестараў для стварэння на базе Мілашоўскай школы (стары будынак) літаратурнага музея і дзіцячай бібліятэкі.
15.Мялешка Андрэй – “Encouter” (удзельнік “Кірмаша праектаў” у г. Гродна)
Сутнасць праекта: гарадская культурніцка-інтэлектуальная гульня-спаборніцтва
Мэта праекта: актывізацыя гарадзенскай моладзі і ўцягненне яе ў грамадскае жыццё горада праз гульнявы праект.
16. Пан Скіргайла (Паланецкі Сяргей) — варштат “Самабытная балейка і лялечнае рамяство”
Сутнасць праекта: паказы спектакляў батлейкавага тэатра, правядзенне майстар-класаў.
Мэта праекта: папулярызацыя традыцыйнага беларускага мастацтва — тэатра батлейкі.
17. Рагачоў Зміцер, Жукава Вольга — “Маналог Майстра”
Сутнасць праекта: серыя відэаролікаў аб унікальных майстрах Беларусі.
Мэта праекта: Захаванне, раскрыццё і актуалізацыя таямніцаў рамяства і ўнутранага свету ўнікальных майстроў у фармаце тэлеперадачы, стварэнне пазітыўнага вобразу і прыцягальнасці для сучасных людзей (як жыхароў нашай краіны, так і замежных турыстаў) старадаўніх традыцыяў і ўменняў, аднаўленне пашаны да ручной працы.
18. Сакута Інга – праект “Постаці” (удзельнік “Кірмаша праектаў” у г. Гродна)
Сутнасць праекта: мультымедыя-дыск з відэаінтэрв’ю з вядомымі асобамі Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны.
Мэта праекта: пашырэнне ведаў грамадскасці пра людзей, якія робяць значны ўнёсак у захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны Беларусі.
19. Сасноўскі Зміцер — “Байкі.ZS”
Сутнасць праекта: серыя кароткіх відэафільмаў пра гісторыю беларускай музыкі і яе нефарматных дзеячаў.
Мэта праекта: пашырэнне ведаў шырокай грамадскасці ў сферы музычнай культуры і культуры ўвогуле, прыцягненне ўвагі, абуджэнне цікавасці і далейшае развіццё дадзенай сферы, а таксама дэманстрацыя таго, што беларусам ёсць кім і чым ганарыцца.
20.Свецік Леанід — “Пошук, даследаванне і апісанне паганскіх помнікаў на тэрыторыі Віцебскай вобласці”
Сутнасць праекта: пошук, даследаванне і апісанне паганскіх помнікаў на тэрыторыі Віцебскай вобласці.
Мэта праекта: стварэнне інфармацыйнай базы паганскіх месцаў у Віцебскай вобласці.
21.Сямашка Вольга — “Ракаўская ўнія — 2014”
Сутнасць праекта: распрацоўка, выпуск і распаўсюджанне кнігі аб гістарычных праваслаўна-уніяцкіх могілках Ракава 19 ст. (100 асобнікаў).
Мэта праекта: навучыць ахвочых сучасным падыходам і метадам кансервацыі, рэстаўрацыі і рэгенерацыі могілак для далейшай працы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў сваім рэгіёне.
З кожным ініцыятарам праекта-пераможца (ці калектывам аўтараў) мы звяжамся ў індывідуальным парадку для абмеркавання дэталяў.