Сёння культура быць жанчынай — ледзь не самая міфічная, таму што, з аднаго боку, ад жанчыны патрабуецца быць разумнай, прыгожай, паспяховай, самастойнай, а з другога, усю гэтую «паспяховасць» трэба неяк сумяшчаць з клопатам пра дзяцей, сям’ю, дом. Наколькі гарманічна ў беларусак атрымліваецца сумяшчаць усе аспекты? Ці праўда, што культура быць жанчынай наўпрост звязаная з дабрабытам жанчыны? Чым гукаюцца для сучасных беларусак савецкае выхаванне, грамадскія стэрэатыпы і звычка лічыцца з тым, «што падумаюць навакольныя»? Што будзе, калі не выйсці замуж да 25 гадоў? Што азначае вечнае «трэба палюбіць сябе»? У якім узросце трэба пачынаць задумвацца пра асаблівасці выхавання дзяўчынкі, стаўленне да яе, каб з цягам часу яна стала гарманічнай жанчынай? Пра тое, як гэта — быць жанчынай у Беларусі, пра жаночае прызначэнне — у гутарцы з Вольгай Кашкан, дырэктарам брэндынгавай кампаніі Fabula, мамай, жонкай і, як яна сцвярджае, шчаслівай жанчынай. Чарговае інтэрв’ю праекта«Культура паляпшае жыццё!»
— Памяркоўныя, але вельмі стомленыя — такімі я бачу і адчуваю сучасных беларусак. Яны сапраўды стаміліся ад штодзённага побыту, які гэтак жа, як і раней, цягнуць на сабе, ад імкнення заўсёды і ва ўсім быць станоўчымі: дагаджаць навакольным, здавацца ў іх вачах правільнымі. І, залежачы ад таго, «што скажуць іншыя», яны ўсё часцей забываюць пра сябе, пастаянна азіраюцца на меркаванне суседа і шукаюць ухвалы сваіх жыццёвых дзеянняў.
— Але ж сёння, здаецца, многім усё адно, што думаюць пра іх іншыя.
— Можа, сёння і так, але ў нашым дзяцінстве было па-іншаму, а мы ўсе, як гаворыцца, родам з дзяцінства. Многіх з нас выхоўвалі ў «найлепшых» савецкіх традыцыях, не моцна пераймаючыся тым, хлопчык расце ў сям’і ці дзяўчынка. А гэта вельмі важна. Сёння ў большасці жанчын майго ўзросту і старэйшых у сістэме базавых стрэсаў шчыльна замацаваўся страх «мяне не любяць»: калі ты стараешся заслужыць любоў іншых, быць вартым хоць бы ўвагі або пахвалы. Дзецям было прынята казаць, што яны добрыя, тады, калі яны адпавядалі вобразу, ухваленаму грамадствам, любіць і хваліць за пэўныя дасягненні. Выхоўвалі (і асабліва дзяўчынак), спрабуючы абчасаць, загнаць у пэўныя рамкі і стандарты. Дарэчы, нямногае змянілася: так і сёння выхоўваюць, навязваючы стэрэатыпы наконт таго, у колькі гадоў час выходзіць замуж, у колькі лепш нараджаць. Дзяўчынкі растуць і, самі таго не ўсведамляючы, спрабуюць адпавядаць ўсяму набору гэтых «як трэба», і паступова іх жыццё ператвараецца ў дасягненне мэтаў, пастаўленых грамадствам: у 22 гады ім абавязкова трэба мець дыплом з адзнакай, не пазней за 25 выйсці замуж і праз год нарадзіць дзіця, а пажадана двух. На выкананні грамадскіх мэтаў і гераічных учынках вырасла большасць з нас. А дзе ва ўсім гэтым мы?
Я бачу, як такія прынцыпы выхавання працуюць у жыцці большасці жанчын маленькага горада, дзе я вырасла: важна, каб іншыя цябе станоўча ацанілі, ухвалілі, каб ты не вылучаўся з натоўпу. Страх “а раптам мяне не палюбяць такой, якая я ёсць насамрэч?” выяўляецца якраз у гэтым “а што людзі скажуць?” Я, ужо будучы мамай, часта бачу прыклады такога выхавання: у пясочніцы (за што, дарэчы, не люблю іх) адны мамы выхваляюцца перад іншымі ўменнямі і дасягненнямі сваіх малых, а іншыя мамы хмурнеюць, калі ім няма чым пахваліцца.
Грамадскае меркаванне і ўхвала правакуюць ненатуральную станоўчасць, «прыстойнасць», а яна вядзе да надрыўнасці: ва ўспадкаваным жаданні быць ухваленымі людзі адчуваюць страх быць сабой. Пастаяннае спаборніцтва з іншымі, жаданне быць лепшай, чым ты ёсць, выглядаць сацыяльна станоўчай — у гэтым я бачу не толькі характарыстыку нашых жанчын, але і вялікую праблему ўсяго грамадства.
— Якія яшчэ якасці характарызуюць беларусак?
— Са станоўчых я б адзначыла эмпатыю — здольнасць ставіць сябе на месца іншага, суперажываць чужому гору, радавацца поспеху сябра або калегі, гатоўнасць дапамагчы і падказаць. Вось што ў сувязі з гэтым аднойчы сказаў пра нас Леанід Ярмольнік: «Беларускія жанчыны — адзіныя сярод прадстаўніц былога Савецкага Саюза, хто ўмее слухаць і глядзець табе ў вочы, а таксама эканоміць чужыя грошы». Неяк ён стаяў у нашым гіпермаркеце з каляскай прадуктаў і папрасіў у касіра тры пакеты. «Двух цалкам дастаткова», — сказала дзяўчына, акінуўшы позіркам усё змесціва.
— Вы адзначылі схільнасць беларусак да надрыву ў імя мэтаў, памяркоўнасць, працаздольнасць — гэта ідэальныя якасці для станаўлення бізнэс-лэдзі.
— Калісьці жанчыны, якіх прынята называць бізнэс-лэдзі, былі для мяне ўзорамі паспяховай самарэалізацыі. Што мы бачым? Яна — цудоўны кіраўнік уласнага бізнэсу, дзеці, муж, бізнэс-лэдзі ўсё паспявае. Пачынаеш набліжацца да іх, даведвацца пра нюансы і бачыш, што ўсё не так гладка, як здаецца: іх дзеці часцяком пакутуюць ад адсутнасці ўвагі, любові, мужа яна падаўляе, падначаленыя лічаць яе дыктатарам…
Сацыяльны надрыў уласцівы жанчынам, якія кіруюць, выкарыстоўваючы мужчынскія прыёмы: ставяць сабе жорсткія мэты і рашуча іх дамагаюцца — гэта прыводзіць да гібелі ў іх жанчыны. Я перакананая, што жанчына здольная кіраваць, як я гэта называю, «знутры», «з любові», выкарыстоўваючы сваё ўнутранае чуццё, прыродную інтуіцыю. І тады няма ніякага надрыву, голага кар’ерызму. Жанчына не перастае быць сабой, і ў такім выпадку, сям’я і любімая справа гарманічна дапаўняюць адна адну.
— Вы апісваеце ідэальную сітуацыю. Часцяком сучасная жанчына схільная аддаваць больш сіл і часу працы, кар’еры, чым уласным дзецям.
— Выбіраючы кар’еру, яны жадаюць палепшыць якасць свайго жыцця. І гэта цалкам зразумела, бо дзіцячых фінансавых дапамог ад дзяржавы катастрафічна ні на што не хапае. Ёсць яшчэ прычыны сысці ў працу: неабходнасць самасцверджання, павышэння самаацэнкі, заслужванне ўсеагульнай любові і ўвагі («мне здаецца, што мяне не любяць такой, якая я ёсць, дык хай палюбяць за мой статус, пасаду, дастатак»). Пры гэтым часта жанчыны душаць у сабе жаданне стварыць сям’ю, рэалізавацца ў сваёй прыроднай якасці, праявіць клопат і любоў. Нам гэта ўсё не трэба, крычаць яны. Ведаеце, не веру: кожная жанчына марыць быць шчаслівай. Яна можа быць хоць міністрам, але калі сваё міністэрскае крэсла любіць больш за сям’ю, то хутчэй за ўсё будзе няшчасная і яе сям’я, калі яна ў яе ёсць, і яе падначаленыя.
— Атрымліваецца, культура быць жанчынай выяўляецца ў магчымасці праяўляць любоў?
— Прычым безумоўную. Як гэта? «Я люблю цябе не таму, што ты паслухмяны (багаты, паспяховы і г.д.), а проста таму, што ты ў мяне ёсць». Любіць — гэта знаходзіцца ў згодзе са сваёй прыродай, умець раскрыць сваю жаноцкасць, шанаваць сябе, палюбіць сябе, не цярпець знявагаў і несправядлівасці. У жанчыне закладзеная велізарная сіла любові — той рэсурс, які дазваляе адужаць усе цяжкасці.
— Мне падабаецца парада «палюбіць сябе»: усе яе даюць, але ніколі не ўдакладняюць, як гэта зрабіць.
— Нам, савецкім дзецям, гэта сапраўды няпроста. Пачуццё віны і страх быць не прынятым грамадствам не дазваляюць нам прыслухацца да сябе, да свайго сэрца. Неабходнасць «рабіць выгляд» прыстойнай ва ўсіх адносінах жанчыны, якая ўсё паспявае і пры гэтым раскошна выглядае, выцясняе крыўду, боль і расчараванні на задворкі падсвядомасці, назапашваючы гэтыя стрэсы. І калі своечасова не вызваліць іх, калі не дараваць сабе, а працягваць год за годам займацца самабічаваннем, трагедыя не за гарамі. Немагчыма палюбіць сябе, не дараваўшы сабе. За што? Ды за ўсё: за няздольнасць быць ідэальнай жонкай, маці, калегай, кіраўніком, за звышпатрабавальнасць да сябе, за патрэбу часам быць далікатнай, маленькай дзяўчынкай…
Як часта мы не разумеем, што нашым дзецям патрэбная проста мама, а не паспяховая, вядомая, станоўчая мама з вокладкі дзелавога часопіса. І наш галоўны клопат — не ва ўсталяванні рэкордаў па наведванні нашымі дзецьмі гурткоў і секцый, а ў тым, каб насыціць іх любоўю. Вядома, важна з самых ранніх гадоў дапамагчы дзіцяці быць шчаслівым, навучыць яго любіць сябе і бліжняга, паважаць іншых людзей. А для гэтага трэба адгарадзіць яго ад некаторых нашых грамадскіх нормаў, стэрэатыпаў паводзін, надуманых рамак прыстойнасці: калі дзіця не заганяць у гэты сацыяльна-грамадскі перыметр, то любая дзяўчынка можа вырасці гарманічнай жанчынай, асобай. Вядома, пры ўмове, што не толькі бацькі, але і садок і школа не будуць скажаць, душыць унікальнасць кожнага.
— З аднаго боку мы маем задачу выхаваць сапраўдных жанчын і мужчын. З іншага — пакуль сітуацыя са школамі-садкамі выглядае так, быццам дзяржаве зусім не патрэбныя індывідуальнасці, асобы.
— Згодная, але гэта не нагода апускаць рукі. Можна, вядома, заняць пазіцыю ахвяры і наракаць на дэфекты сістэмы. Дзяржава, зразумела, бярэ адказнасць за нашае жыццё, за жыццё нашых дзяцей, але ці задавальняе нас такая якасць нашага жыцця? Мы самі здольныя ўзяць удзел у сваім лёсе, мяняць яго. Што не азначае, што мы не маем патрэбы ў падтрымцы, як на грамадскім узроўні — на ўзроўні сістэмы, так і на прыватным — у сям’і, сярод сяброў і калег.
З іншага боку, калі мужчыны будуць мужчынамі, а жанчыны — жанчынамі, іншымі словамі, калі кожны з нас сам паклапоціцца пра развіццё сваёй індывідуальнасці, то дзяржаве нічога не застанецца, як лічыцца з намі. Навучыўшыся самапавазе, мы больш не дазволім зневажаць сябе, вырашаць за нас.
— Давайце пачнем з прыватнасцяў: як супрацьстаяць прэсу адукацыйнай сістэмы? Нашая жанчына пачынаецца не толькі з сям’і, але і са школы.
— Добрае пытанне — як забяспечыць сістэму невыпадковымі ў выхаванні і адукацыі людзьмі? Вядома, клапатлівым бацькам важна быць упэўненымі, што ў іх адсутнасць побач з дзіцем будуць знаходзіцца добрыя педагогі, якія будуць дапамагаць, падтрымліваць, а не перашкаджаць, ураўноўваць або абсякаць. На жаль, прыняцце сябе як жанчыны і раскрыццё жаночай натуры не ўваходзіць у школьныя праграмы, хоць зусім не перашкодзіла б.
— Баюся, калі Мінадукацыі распрацуе праграму абавязковага школьнага прадмета «Культура быць жанчынай», дзеці могуць пацярпець яшчэ больш.
— На маю думку, гэта пытанне выключна выкладчыкаў. Ёсць маса выдатных Жанчын, якія любяць і ўмеюць перадаваць свой вопыт, веды і сваё разуменне жаночай прыроды. Як раней гадавалі дзяцей? Мне падабаецца паняцце «вёска прыхільнасцяў» Гордана Ньюфелда — калі дзеці растуць у найбліжэйшым асяроддзі з іншымі дзецьмі розных узростаў і вялікай колькасцю дарослых. Я так і расла: у прыватным доме, з бацькамі, бабуляй і малодшым братам, на завулку правінцыйнага гарадка, дзе былі «агульныя» бабулі і цётачкі, якія перадавалі свой унікальны вопыт, і кожная нечаму вучыла. Мы збіраліся ў адным памяшканні, у адной энергетычнай прасторы, дзеці гулялі, дарослыя размаўлялі або сумесна выконвалі якую-небудзь працу. Сапраўдная беларуская талака. Памятаю, як усе дапамагалі гаспадыні рыхтавацца да вялікіх святаў, такіх, як, напрыклад, вяселле: хтосьці нёс тазік свежага галля, хтосьці вядро трускаўкі, хтосьці посуд… Дык я і іншыя дзеці ўбіралі агульны вопыт і энергію сям’і, Роду — веды, якія немагчыма перадаць словамі.
І вось я разумею, што гэта чарговая ўтопія: школа і дзіцячы садок не здольныя навучыць жанчын быць сапраўднымі жанчынамі. Вучыцца быць жанчынай кожнай дзяўчынцы трэба ў сваёй сям’і. Я перакананая, усё родавае робіць чалавека мацнейшым, прыўздымае яго, трымае на плыву. Сувязь са сваім жаночым родам, сямейныя традыцыі, сувязь пакаленняў даюць тое самае веданне, якому не навучаць у школе. Усё пачынаецца з сям’і, з мамы і таты. Вельмі важна, калі дзіця бачыць побач з сабой шчаслівых бацькоў.
— І мы зноў вяртаемся да пытання, як беларускай жанчыне стаць самадастатковай, гарманічнай і шчаслівай.
— Вельмі многае залежыць ад разумення, што такое шчасце. Колькі людзей тлумачыла сабе, што яны разумеюць пад гэтым словам? Чаго хочуць ад сямейнага жыцця, ад жыцця наогул? Часта чуеш ад жанчын: «У мяне няма выбару: сцерпіцца — злюбіцца», «Які ні ёсць, а мужык», «Мама мая адзіночка, відаць, і мне так наканавана». Усе быццам хочуць быць шчаслівымі, але ў мяне адчуванне, што быць шчаслівай у нашай краіне — неяк непрыстойна… Табе тут жа пачынаюць зайздросціць, у цябе вычэрпваюцца тэмы для размоваў з сяброўкамі. Калі ты пачынаеш расказваць, як усё дрэнна, якія праблемы, хто каму здрадзіў, дзе выпіў, у жыцці быццам нешта і адбываецца. Як толькі надыходзіць цішыня і шчасце, навакольным няма чаго з табой абмяркоўваць.
— Чаму няма чаго? «А мой учора мне букет прынёс. А мой на канцэрт квіткі купіў».
— Усё залежыць ад канкрэтнай кампаніі. У мяне ёсць знаёмыя, якія, нягледзячы на вонкавую фінансавую паспяховасць, аддаюць перавагу таму, каб скардзіцца на мужоў, быць чымсьці незадаволенымі, абменьвацца негатывам, але ёсць і сяброўкі, з якімі мы дзелімся чымсьці добрым, прыемным. Насамрэч мы самі ствараем сваіх мужчын: як мы пра іх адгукаемся, якімі мы іх бачым, такімі ў выніку і маем. Гэтак жа мужчына, які кажа, што «бабы дуры», у выніку атрымлівае тое, што прасіў.
Раней я думала, што шчасцем здольныя дзяліцца тыя, хто ўжо нечага дамогся ў жыцці: фінансавае становішча стабільнае, праекты рэалізаваныя, ёсць свая справа, і яна прыносіць даход і радасць. Цяпер я разумею, што не набор прастаўленых галачак вызначае стан шчасця і ўнутранай гармоніі. Бывае, пагутарыш з простай медсястрой у правінцыйнай паліклініцы, з жанчынай, якая любіць сваю справу, сваю сям’ю, і разумееш, што яна без ўласнага бізнэсу і трох адукацый шчаслівы чалавек і сапраўдная жанчына. Каб быць шчаслівай, не трэба валодаць карпарацыямі.
— А якой бы вам хацелася бачыць сваю дачку ў будучыні?
— Шчаслівай, свабоднай знутры, якая ўмее чуць сябе і іншых. Я ведаю дакладна, што не буду за кошт свайго дзіцяці рэалізоўваць свае няздзейсненыя дзіцячыя мары, навязваць планы аб нейкай вызначальнай адукацыі. Як толькі я чую такія намеры ад знаёмых мам або выпадковых суразмоўніц, адчуваю неверагодны супраціў унутры сябе. Я хачу на сваім прыкладзе паказаць дачушцы, што ў жыцці сапраўды важна, а што — не. Калі мы памяняем сваё стаўленне да саміх сабе і сваёй «другой паловы», калі пачнем думаць пра тое, які прыклад даем сваім дзецям, чаго хочам ад іх і для іх, калі мы нарэшце выгадуем пакаленне шчаслівых і адкрытых людзей, а яны перададуць атрыманыя веды сваім дзецям, тады ўсё і ўтворыцца.
Ганна Трубачова, Наталля Гузель
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)