З нагоды выхаду 50-га, юбілейнага, нумару часопіс “Дзеяслоў” зладзіў імпрэзу ў кнігарні “логвінаЎ”. Павіншаваць юбіляраў прыйшлі вядомыя беларускія літаратары, чые творы трапілі ў гэты нумар.
Анатоль Івашчанка
Барыс Пятровіч
Сяргей Законнікаў згадаў часы свайго юнацтва і працы ў партыйных органах, уражанні ад якой леглі ў аснову яго кнігі ўспамінаў “Мета Скарпіёна”. Цяпер пісьменнік паралельна працуе над другой кнігай мемуараў “Рабскі дзень, вольная ноч”.
— Кніга называецца так, бо маё жыццё — гэта ў асноўным начная праца, — кажа Сяргей Законнікаў. — Астатняе аддадзена зусім іншаму. Днём мы пішам прамовы, прыходзім дахаты, паўтары гадзіны спім, затым кава і наперад. То бок у нашым жыцці ёсць такія моманты, калі нам не даюць пісаць, але мы пішам насуперак усім абставінам.
Сяргей Законнікаў
Аксана Спрынчан
Пісьменніца Аксана Спрынчан прынесла на імпрэзу фотаальбомы, сукенку і іншыя дзіцячыя рэчы, якія натхнілі яе на напісанне жаноцкага рамана “Беларускі дурань”.
— Гэта твор пра шчаслівыя часы майго дзяцінства, — кажа Аксана Спрынчан. — Ён напісаны ў выглядзе картачнай гульні ў дурня.
Падчас вечарыны літаратурны крытык Маргарыта Аляшкевіч разважала пра ролю крытыкі і крытыкаў у беларускай літаратуры, праводзячы ў той самы час анкетаванне сярод прысутнай публікі. Паэты Андрэй Хадановіч і Віталь Рыжкоў дэкламавалі вершы вядомых грузінскіх паэтаў у перакладзе на беларускую мову. Вядоўца імпрэзы, паэт Анатоль Івашчанка правёў віктарыну на веданне міфалогіі часопіса і ўзнагародзіў пераможцаў.
Маргарыта Аляшкевіч
Віталь Рыжкоў
— “Дзеяслоў” на сёння, як сума сваіх аўтараў — найлепшы літаратурны часопіс Беларусі, — разважае пра ролю юбіляра паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. — Я вельмі рады, што ў кожным нумары ёсць нешта цікавае для мяне. Я не стамляюся захапляцца працагалізмам, упартасцю, настойлівасцю і густам рэдакцыі. Гэта камплімент, але ён асцярожны, бо ў часопіса няшмат канкурэнтаў. Часопіс “Дзеяслоў” — такі, якога заслугоўвае сучасная беларуская літаратура.
— Такіх часопісаў трэба болей, каб стваралі канкурэнцыю, — кажа паэт Славамір Адамовіч, — каб была барацьба за тэксты і за аўтараў. На маю думку, гэта прывядзе да лепшых вынікаў.
— Для нас было важна выстаяць у гэты няпросты для незалежных выданняў час. Я рады, што гэта ўдалося зрабіць, — кажа галоўны рэдактар часопіса Барыс Пятровіч. — Мы зрабілі 50 нумароў, і гэта своеасаблівая анталогія сучаснай беларускай літаратуры.
Паводле словаў Барыса Пятровіча, да друку гатовы чарговы нумар часопіса.
— Там будзе пачатак новага рамана Віктара Карамазава і заканчэнне рамана Славаміра Адамовіча, таксама новыя вершы ад Уладзіміра Арлова. Вядома, гэты нумар будзе прысвечаны стогадоваму юбілею Чэслава Мілаша. У гэтым нумары мы друкуем пераклады яго эсэ, прамоваў і вершаў.
на першым фота – паэт Андрэй Хадановіч