У межах pre-party фэсту “Джаз Коктебель” упершыню сольны канцэрт у Мінску дала піцерская спявачка Nina Karlsson.
“Гістарычнай падзеяй” назвала першае pre-party фэсту “Джаз Коктебель” у Мінску вядучая з Украіны Жэня Стрыжэўская, якая, уласна, і вядзе гэты фэст, што сёлета пройдзе ў Крыме ўжо ў 11-ты раз. Па сутнасці, з Беларуссю гэтую падзею не звязвае нічога, акрамя прадусара Алега Ціханава, які ўваходзіць у аргкамітэт фэсту. Шмат у чым дзякуючы яму пачалася сапраўдная беларуская экспансія ў Кактэбель. Там выступалі этна-трыа “Троіца”, CherryVata, “Серебряная свадьба”, Akana, Osimira, свой альбом “Рабкор” летась тут прадставіў “Ляпіс Трубяцкой”. Сёлета заявы ад беларусаў на ўдзел у фэсце прымаюцца да 15 мая, сама падзея адбудзецца з 12 да 15 верасня. Алег Ціханаў зазначыў, што пакуль заяваў ад нашых музыкаў не так шмат, і заклікаў больш актыўна нагадваць пра сябе праз сайт koktebel.info. “Мы любім беларускіх музыкаў і беларускую музыку”, — зазначыла Жэня Стрыжэўская, калі запрасіла на сцэну беларускую спявачку Аню Жданаву. Вядоўца фэсту “Джаз Коктебель” параўнала манеру яе спеву з Норай Джонс ды выказала спадзеў, што беларуска возьме ўдзел у сёлетнім фэсце. Сціплая Аня заўважна хвалявалася. Яна спявае з гуртом Lilac, аднак у гэты вечар выйшла на сцэну адна з акустычнай гітарай. Выступіла спявачка ўдала, публіка падтрымлівала яе, як магла, ды праводзіла апладысментамі.
Nina Karlsson выйшла на сцэну ў эфектнай вечаровай сукенцы, абапіраючыся на палку. Выявілася, што спявачка пацягнула галенастоп незадоўга да мінскага канцэрту, але выступ не адмяніла і прыляцела ў Беларусь. “Хацелася б танчыць на сцэне, але, на жаль, не выйдзе”, — нібы просячы прабачэння, сказала яна і села за клавішы. Ніна прадстаўляла сваю новую праграму “To The Sun” з дапамогай новых музыкаў — гітарыста ды бубнача. Пры гэтым часта заставалася на сцэне адна, акампануючы сабе сама. Артыстка з Піцеру спявала пераважна па-ангельску, трохі блытана даючы невялічкія каментары між песнямі. Адну з песень яна прысвяціла палітыку, які “паступае нядобра”, праўда, не ўдакладніла, каго мела на ўвазе. Але ў асноўным казала пра каханне, заклікала запаліць свечкі ды загадваць жаданні. Было такое адчуванне, што Ніна трохі саромеецца, але пры гэтым прагне падзяліцца сваім песнямі з слухачамі. “Якой праніклівай ні была б песня, яна ўсё адно можа падацца смешнай”, — зазначыла яна і проста скарыла мінскую публіку нумарам “Winds of May”. Пад канец канцэрту Ніна пакінула некалькі рэдкіх у яе рэпертуары рускамоўных нумароў, сярод якіх, безумоўна, вылучаюцца кампазіцыі “Волна” і “Балет”. Мяркуючы з рэакцыі публікі, спявачку варта чакаць у Мінску яшчэ не аднойчы.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Воля Баркоўская