
— Дома ў нас была добрая бібліятэка. Я чытаў Быкава, Караткевіча. Вучыўся ў беларускай школе. Таму для мяне не стаяла пытання, ці беларуc я. Чытаў у дзяцінстве беларускія, татарскія, туркменскія народныя казкі, але туркменам не стаў, а стаў беларусам. Нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, быў узорным піянерам, і яшчэ тады ува мне прабіваўся беларускі шавінізм: беларускі сцяг праз яго арнамент я лічыў самым прыгожым са сцягоў СССР. Калі мне было 8 гадоў, я ўжо ўспрымаў футбол як гульню, і калі “Дынама-Мінск” гуляла ў фінале з “Дынама-Кіевам” і прайграла, то я плакаў, таму што прайгралі нашыя.
Мне далі ў школе медаль, і ён з пагоняй, як і атэстат. Мусіць, з апошніх запасаў. У 1995 годзе, калі нацыянальную сімволіку змянілі на падобную да савецкай, я прыехаў у Мінск вучыцца. Як любы вясковы хлопец, я адаптаваўся да асяродку: перайшоў на расійскую мову, як тады думаў. А пасля прыйшла вясна 1996 году, пачаліся шматтысячныя акцыі пратэсту. Студэнты – яны заўсёды пратэстуюць… Хацеў перайсці на беларускую мову, але цалкам не атрымалася. Цяпер карыстаюся, бывае, і расійскай.
Быць беларусам – гэта супрацьпастаўляць сябе іншым у нейкім сэнсе. Беларускасць найперш праяўляецца праз мову, хаця гэта і не галоўная ўмова. Быць беларусам – шырокі панятак.
Андрэй Саротнік, грамадска-палітычны дзеяч.