Таццяна Нядбай: вырашаеш ты сам

— У нас у школе лакальная ідэнтычнасць была дастаткова развітая: мы былі з Полацку-самага-старажытнага-гораду-Беларусі!

У школьныя гады нацыянальнасць не была для мяне нечым такім, што як спадчына пераходзіць ад бацькоў да дзяцей. І тады, і цяпер у большай ступені мне здаецца гэта пытаннем уласнага выбару чалавека. Гэта як калі ўсталёўваеш праграму, выбіраеш опцыю – на якой мове ўсталяваць. Так і тут – ніхто і ніколі за цябе гэтага не вырашыць – вырашыш ты сам. Не кажу, што так мусіць быць ува ўсіх. У некаторых сем’ях існуюць трывалыя нацыянальныя традыцыі і дзеці ўсведамляюць сваю нацыянальнасць як штосьці зададзенае. У мяне гэта было маім уласным выбарам.

Вырасла ў цалкам расейскамоўнай сям’і. Тата ніколі не вучыў беларускую мову ў школе, бо быў сынам ваеннага і калі пачалі з’яўляцца мае першыя публікацыі (артыкулы і вершы) беларускай мовай, часта дражніў мяне – перакладзі. Але гэта ўжо былі “свядомыя” часы. Раней жа ў нас увогуле не ішлося ніякім чынам пра нацыянальнасць у сям’і – яна існавала толькі ў пашпартах мамы і таты. Памятаю, калі мне было прыкладна 11 гадоў у музычнай школе настаўніца запісвала ў пачатку навучальнага году мае дадзеныя – адрас, тэлефон, нацыянальнасць.

— Национальность?

— … Не знаю…

— Как не знаешь? А папа кто по национальности?

— Не знаю, наверное, русский.

Яна тады паглядзела на мяне, як на вар’ятку. А я і насамрэч існавала па-за гэтымі сутнасцямі, іх не было ў маёй актуальнай карціне свету.

Пасля дазналася, што прозвішча бацькі раней гучала не Нетбаев, а Нядбай. Гэта ўжо цяпер я разумею, што і адзін мой дзядуля (з Браншчыны) і другая мая бабуля (са Смаленшчыны) – ніякія не русские. Вядома, беларусы. Маці — украінка, мажліва на адну чвэрць габрэйка.

Усё навокал пераходзіла на беларускую мову, у нашай гімназіі ўжо некалькі год як існавалі паралельныя класы, выкладанне ў якіх вялося цалкам на беларускай мове, вышэйшая адукацыя пераводзілася на беларускую мову… А я ў шостым класе спрачалася з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры (рэакцыя на прымус) -– чаму, калі я першае сваё слова прамовіла па-расійску, павінна лічыць беларускую мову роднай і надаваць ёй столькі ўвагі? Яго адказы былі непераканаўчымі — пафаснымі.

Беларускасць. Проста ўключыўся ў галаве нейкі тумблер. Вакол мяне не было ні мітынгаў, ні незалежных выданняў. Быў нелюбімы настаўнік беларускай мовы і літаратуры (як, зрэшты, і сам прадмет). Але з’явілася сяброўка, якая не “навярнула” мяне ў новую нацыянальнасць, але паказала яе, і я з радасцю “навярнулася”.

Часам, асабліва ў Полацку, сустракаю расейскамоўных людзей, ад якіх можна пачуць захопленае: “Размаўляе на такой прыгожай беларускай мове!”. Такое ўражанне, што беларускамоўныя там становяцца проста прыгожым прадметам інтэр’еру для адных і, вядома, (усё яшчэ) бнфаўцамі для іншых.

Маленькае мястэчка не дазваляе пакуль што мове выконваць камунікатыўную функцыю – хочаш ты таго або не, гэта становіцца сведчаннем твае арыгінальнасці або ненармальнасці.

Цяпер я часцей стала размаўляць па-расейску з тымі прыяцелямі, хто размаўляе па-расейску са мной. Гэта не азначае адыходу ад беларушчыны, але, хутчэй, наадварот – я дастаткова пэўна пачуваюся беларускай і магу дазволіць сабе “мяняць вопратку”, бо ўпэўненая ў сваёй сутнасці, але зноў-такі, пытанне нацыянальнасці не з’яўляецца для мяне нечым такім, што характарызавала б мяне нейкім  чынам або рабіла  лепшай ці горшай. Гэта як колер вачэй або валасоў, які, пры жаданні, можна змяніць.

З іншага боку, мяне нездарова смяшыць само слова “беларушчына”. “Змаганне за беларушчыну”, “на карысць для беларушчыны” і д.п. -– чужыя для мяне канцэпты.

Я проста беларуска.

***

Тацяна Нядбай, вырасла ў Полацку, скончыла школу ў 2000 годзе, скончыла філфак БДУ, літаратарка.

Пра праект “Як я стаў беларусам”.