— Беларусам я стаў гадоў у пяць. Хіба што, несьвядома. Мая мама паводле нацыянальнасьці мардвінка (мардоўка) з Уралу, а бацька – беларус з Палесся. Да школы я гаварыў выключна на палескім дыялекце, бо выхоўваўся ў дзеда з бабцяй на вёсцы пад Пінскам. У маленстве мы паехалі на радзіму маці і аказалася, што ў тых гарах мяне ніхто практычна не разумее. Старыя маміны сяброўкі тузалі мяне, кажучы маёй маме «Ой, Фаина, настоящий беларусёнок у тебя растет». Я ім сьпяваў БССРаўскі гімн, ды размаўляў “по-нашому”, а яшчэ гаспадарксім вокам (навучыў гаспадарлівы дзед, сьветлай памяці) рабіў заўвагі наконт вядзеньня гаспадаркі ў тых краёх: “каня дрэнна запраглі, тут прапалоць трэ было б, бульба ў вас нейкая дробненькая” і г.д… Потым у юнацтве быў Караткевіч, Быкаў, была “Мроя”.
Калі казаць пар насуперак, пра негатыўны бок чалавечае натуры, дык ўсьведамленьне ўласнай беларускасьці прышло таксама і ўзмацнілася дзякуючы нянавісьці да савецкага ладу. Першый пратэст на пляцы Леніна ў Пінску 7 лістапада 1990 году з транспарантам “Вялікі кастычнік зрабіў нас рабамі” і пашытым маці з прасьціны і сарванага ўначы БССРаўскага сьцягу, сьцягам бел-чырвона-белым….
Быць беларусам – натуральна. Бо іначай мы выглядаем як малпы, калі жылы рвем каб, прыкладам, авалодаць дасканала маскоўскім ці піцерскім “говорком”, ня ведаючы свайго.
Быць беларусам, гэта значыць глядзець на ўсё, што адбываецца навокал (і глябальным пляне і ў лякальным) з беларускае пэрспектывы.
Аляксей Дзікавіцкі, журналіст