
— Я гадаваўся ў звычайным постсавецкім асяродку. Да беларушчыны, калі так можна сказаць, спрычыняўся толькі летам, калі штогод прыяжджаў на вёску пад Чэрвенем і чуў там гаворку прабабулі (зрэшты, не выключаю, што прабабуля паходзіла аднекуль з Палесься). Памятаю, што яна заўсёды казала замест нармальнага рускага “у нас есть это” беларускае гаворкавае “у нас ё гэта”. Вось праз гэтае “ё” я і адчуў, што нешта тут ня так, што мова ў нас не “адна і тая ж”.
Я 1983 году нараджэньня. Да чатырох год жыў у Серабранцы, потым ва Ўруччы, а потым у Малінаўцы. Цяпер зноў ва Ўруччы. Дарэчы, у нас на Малінаўцы было шмат перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны, у школе вучняў і настаўнікаў з “зоны” было больш, чым карэнных менчукоў. Пагарды да перасяленцаў не было. Мы нармальна разам тусаваліся. У мяне шмат сяброў было зь перасяленцаў. Таму давялося блізка пазнаёміцца з жыхарамі глыбінкі, пачуць ад іх гісторыі пра вясковае жыцьцё. Уласна, у гэтай школе клясе ў 7-й я канчаткова і зразумеў, што я беларус.
Штуршком стаўся выпадак на ўроку гісторыі. Настаўніца ўпарта распавядала нешта накшталт таго, што на мяжы Беларусі з Украінай людзі размаўляюць з украінскім акцэнтам, а на мяжы з Польшчай ёсьць польскі акцэнт. Нешта яна казала пра ўплыў іншых моваў на беларускую. Я сядзеў, слухаў гэта, а потым узьняў руку і спытаў: “Людміла Васільеўна, а чаму гэта іншыя мовы ўплываюць на беларускую? Вам не падаецца, што гэта беларуская мова ўплывае на замежныя?”
Чыстая лёгіка, нуль рамантыкі. Рамантыка зьявілася пазьней. Клясе ў 8-й ці 9-й у мяне закахалася (як мне падаецца) дачка нашага былога дырэктара. А дырэктар быў камуністам (дарэчы, таксама прыехаў з “зоны”), нават у Вярхоўны Савет 13-га скліканьня ад камуністаў балятаваўся. Здаецца, яго не абралі, але потым-такі пайшоў на службу ў Адміністрацыю. Гуляў я зь ягонай дачкой па вуліцах вясновымі вечарамі, размаўлялі. А потым яна і кажа: “Я не разумею, навошта патрэбная гэтая беларуская мова?” Прыйшлося ёй тлумачыць пра палякаў, якія па-польску размаўляюць, чэхаў, літоўцаў ды нават украінцаў. Лішне казаць, што больш мяне гэтая спадарыня ня бачыла. Гэта мне ўжо гадоў 14—15 было.
А цяпер я адказваю проста — “таму што я беларус”. Не люблю заводзіць маралізатарскія размовы на гэтую тэму зь незнаёмымі людзьмі. Вось адзін сябра мой любіць падобнымі рэчамі займацца, і гэтай сваёй уласьцівасьцю часам мяне нэрвуе. Стаіш п’еш піва, а ён пачынае нейкага альканаўта “палітыцы партыі” вучыць :) Я апантаным тлумачальшчыкам быў дзесьці да чацьвертага курсу ўнівэрсытэту. Акурат у той час стала на беларускую перайшоў, таму нічога тлумачыць ня трэба ўжо было: факт маёй мовы гаварыў сам за сябе. Я проста не люблю людзям тлумачыць, што белае — гэта белае. Але не выключаю, што ня веру ва ўласную сілу ўнушэньня. Вось сябра верыць, і зь ім альканаўты пачынаюць па-беларуску размаўляць :) Я ўсё жыцьцё хачу быць адметным. Напэўна, мая пазыцыя нейкай часткай базавалася і на гэтым жаданьні. Я разумеў, што быць беларусам — гэта ня быць, як усе. У субкультурным сэнсе я быў адметны сваёй прыхільнасьцю да пэўнага стылю музыкі — я слухаў “Нірвану”, а ўсе іншыя з майго атачэньня — рускую папсу. Але што да беларускасьці, тут іншая адметнасьць. Я разумеў, што вось гэтая вось зямля — гэта наша. А там вунь — гэта вялікая Расія, і гэта ня наша. То бок тут нейкі іншы ўзровень адметнасьці. Напэўна, гэта называюць патрыятызмам.
* * *
Аляксей Мінчонак, журналіст, адзін са стваральнікаў сайту сучаснай беларускай музыкі “Тузін Гітоў” .
Болей пра праект “Як я стаў беларусам”.