— Я нарадзіўся яшчэ ў часы існавання Саюза, і гэтага нельга выкрасліць. Калі мы жылі ў Савецкім Саюзе, не было адчування нацыянальных прыярытэтаў, сімволікі, мовы. Усё было агульнае. Калі Саюз разваліўся, я адчуў сябе свабодным чалавекам. Пачаўся зварот да сваіх каранёў, да дзядуляў, бабуляў, мовы, музыкі. Усё было новае, нібы наноў нарадзіўся. Гэтае непаўторнае пачуццё адраджэння, перш-наперш у самім сабе, прысутнічала ў 90-я гады. Мы пачалі вывучаць беларускую мову не проста як прадмет у школе. Я тады вучыўся ў ліцэі, і ўсе прадметы, за выключэннем расійскай мовы, у нас выкладаліся па-беларуску. Рэзананс часоў адраджэння паўплываў і на далейшую творчасць. З’явілася ідэя адрадзіць беларускую культуру і спадчыну праз цяжкую музыку. Увогуле, злучыць такія рэчы, як фальклор і пэган. Тады стварыўся наш гурт “Зніч”.
Таксама на мяне паўплывала сям’я. Я выхоўваўся ў творчым асяродку. Мае бацькі – мастакі, і я шмат чаго атрымаў ад іх: разуменне культуры, разуменне беларускасці ў маім уласным уяўленні. На мой погляд, перш-наперш трэба быць беларусам у душы. У беларусаў ёсць адна родная мова – беларуская. Гэта дух нацыі. І стаўленне да яе павінна быць адпаведнае. На мой погляд, без мовы не можа быць дзяржавы. Стаўленне да мовы і культуры трэба выхоўваць перш-наперш у сабе, каб захаваць для нашых нашчадкаў.
Алесь Таболіч, музыкант