
– Я нарадзіўся ў Растове-на-Доне і не лічачы двух гадоў у бабулі ў Рэчыцы, увесь час жыў у Расіі. Бацькі мае расійскамоўныя. Не магу сказаць, што яны неяк паўплывалі на маю беларускасць. Дваццаць пяць гадоў свайго жыцця я адчуваў сябе расійцам і нават ганарыўся гэтым!
У канцы 2005 году я чарговым разам прыехаў з Піцера ў Рэчыцу на адпачынак, падчас якога звярнуўся да сябра-аднакласніка, каб той параіў мне які-небудзь беларускамоўны гурт, каб прывезці дадому ў якасці экзотыкі. У выніку набыў дзве кружэлкі гурта “Крама”.
Спачатку я здівіўся існаванню беларусаў, якія размаўляюць на роднай мове не таму, што ідуць заняткі беларускага чытання, а таму, што любяць яе. Ну і галоўнае – беларускамоўная музыка, бо я і ўявіць не мог, што яна ёсць і што ў яе такія разнастайныя стылі! Гэта было сапраўднае адкрыццё. Дзесьці праз два гады і мая першая песня на беларускай мове пад назвай “Пустэча” (гурт “Люэс”) з’явілася ў сеціве.
Быць беларусам, усведамляць сябе беларусам – гэта адчуванне такога велізарнага шчасця, што больш нічога і не трэба, застаецца толькі памерці.
Алесь Залескі, юрыст па адукацыі і прафесіі, сябра Асацыяцыі юрыстаў Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці, сябра Маладога Фронту, музыка