Андрусь Такінданг: “Пытанне выбару”

takin

– У дзяцінстве я паступіў у каледж мастацтваў, тым самым скіраваўшы сваё жыццё ў бок культуры. Гэты выбар адбыўся гадоў у дзесяць. У дзяцінстве мне вельмі падабалася маляваць, і бацькі вырашылі, што будзе лагічна, калі я буду вучыцца па мастацкай спецыяльнасці. Так я пачаў займацца культурай на глебе зямлі, на якой я жыву. Адно вынікае з другога. Калі творца працуе на сваёй зямлі, а мая родная зямля – беларуская, то яго творчасць мае адпаведны ўхіл. Мая маці размаўляе па-беларуску і, натуральна, гэтая мова для мяне – сродак штодзённых зносін. Потым была Акадэмія мастацтваў, Універсітэт культуры і мастацтваў, а пасля музыка, якой я актыўна займаюся цяпер. Паколькі маёй мовай зносін была беларуская, то і песні таксама былі беларускамоўныя.

Калі чалавек адносіць сабе да пэўнай сацыякультурнай праслойкі, то гэта вырашальны момант у яго самаідэнтыфікацыі. Ёсць розныя людзі, розныя прафесіі. Цалкам натуральна, калі два розныя чалавекі, якія не супадаюць у палітычных, рэлігійных, моўных перакананнях, могуць называць сабе беларусамі. Я не магу ставіць нейкія крытэры беларушчыны, бо чалавек сам атаясамлівае сабе з тым, хто ён ёсць, лічыць ён сябе беларусам, ці рускім, ці габрэем. Ёсць розныя стэрэатыпы мыслення. Па адной лініі  мае бабулі-дзядулі  беларусы, па другой — паходзяць з Рэспублікі Чад. Тут ужо ўзнікае пытанне выбару чалавека. Я выбару ніколі не рабіў, проста я жыву ў гэтай краіне, шаную сваю сям’ю і мне не абыякава, што тут адбываецца. Праблема выбару можа з’явіцца, калі ў чалавека ёсць нейкія ваганні, а калі ён арганічна жыве тут, працуе тут, знаходзіцца на гэтай зямлі і цалкам яе адчувае, то пытання выбару ў яго проста не ўзнікае.

Андрусь Такінданг, музыкант, Мінск

Аб праекце “Як я стаў беларусам”