Антон Юркавец: “На тло роднага мяне вярнула кніга”

anton-jurkavec

– Я адчуў сябе беларусам яшчэ на золку туманнага дзяцінства. Памятаю, бацька вадзіў мяне па горадзе і паказваў: вунь бел-чырвона-белы сцяг, а вунь наш герб “Пагоня”. Потым быў беларускамоўны клас і выдатны прадмет МРБ (мая Радзіма – Беларусь), на якім мы складалі генеалагічныя дрэвы князёў, – замкі, каралі і прынцэсы хораша дапамагаюць палюбіць родную краіну. Не малую ролю адыгралі кнігі: хорар кшталту “Заклятых скарбаў”, ілюстраваныя казкі “Людзей слухай, а свой розум май”, на памяць прыходзіць нейкая кніга, дзе расказвалася легенда пра наш сцяг, маўляў, гэта была анучка, якой вялікі князь перавязаў параненую ў баі галаву, пасля на ёй чырвонай паласой выступіла шляхетная кроў. Паміж малодшай і старэйшай школай быў перапынак у футбольным падлеткавым узросце, дзе я не тое што па-беларуску – здаецца, увогуле не размаўляў, а стасаваўся жэстамі. Нанова мяне вярнула на тло роднага зноў-такі кніга. Бацька прыцягнуў прыгажэнны альбом Арлова “Краіна Беларусь” і радасны паставіў Сокалава-Воюша. Я выхоўваўся ў адраджэнскіх традыцыях нават нягледзячы на рускамоўнасць сям’і. З малых гадоў мяне вучылі любіць родны край, яго людзей, флору і фаўну.

Быць беларусам для мяне значыць адчуваць дрыжыкі ў целе, калі мая Радзіма перамагае ў футбол, калі яе паказваюць па Euronews і калі яна займае добрыя месцы ў станоўчых рэйтынгах на Вікіпедыі.

Антон Юркавец, паэт-мультылінгвіст, Светлагорск

Аб праекце “Як я стаў беларусам”