Ганна Кісліцына: “Жыццё з самапавагай”

kislicynafota1

— Часта чую гісторыі: чалавеку ўпала на галаву цагліна, ці токам яго стукнула — і ён загаварыў па-ангельску, ці, да прыкладу, па-старагрэчаску… Ніякага такога здарэння са мной не было.

Мая беларускасць развівалася паслядоўна. У два гады, як любяць згадваць мае сямейнікі, я паставіла на вушы ўсіх выхавацелек маскоўскага дзіцячага садку пытаннем : “Дэ моя хустка?” Ніхто з іх не ведаў заходнепалесскага дыялекту, а я літаральна перавярнула ўсё дагары нагамі. Таму маму вечарам сустракалі ўсе, хто там працаваў… Вось такія мы, беларусы — у вечным пошуку свайго!

Калі мне споўнілася чатыры, на пытанне: “Кім ты будзеш, калі вырасцеш?”, упэўнена адказвала: “Беларускай паэтэсай!” Мама пісала вершы і ўсе яе сяброўкі па маскоўскім Літаратурным інстытуце былі беларускімі паэткамі. Яны былі прыгожымі, густоўна апраналіся і моцна адрозніваліся ад звычайных жанчын. Паглядзіце на фотаздымак маладзенькай Раі Баравіковай і вы мяне зразумееце…   Беларусы такія — упэўненыя ў тым, што яны самыя лепшыя: самыя прыгожыя, самыя працавітыя. З самымі чыстымі вуліцамі ў свеце!

Калі мне было восем, разам з усім атрымала школьны падручнік па бел.мове. У канцы яго былі слупкі са словамі, якія трэба было запомніць. Мой сусед па парце Вова Казырыцкі аднойчы знайшоў там незнаёмае і спытаў мяне, што яно значыць. Але націск у ім паставіў няправільна,на апошні склад. Давялося зірнуць і прачытаць самой. “Дык гэта ж “аўторак”, “вторник”»! — лёгка пераклала я. “Дык ты беларуска!” — здзівіўся ён… Быць беларусам — гэта не толькі мець беларуская прозвішча, а элементарна разумець родную мову.

Калі мне было сямнаццаць, я трапіла на паседжанні легендарнага таварыства “Тутэйшыя”. Усе былі старэйшымі за мяне, з вышэйшай адукацыяй ці старшакурснікі. Каб камунікаваць на роўных, даводзілася шмат чытаць…. Аказалася, што каб называцца беларускай, трэба ведаць гісторыю нацыянальнай культуры.

Быць беларусам — гэта паважаць сябе. Ніколі не гань сваё — і без цябе знойдуцца тыя, хто гэта зробіць! Крытыкуй, але толькі тое, што можна выправіць. Калі ты не паважаеш сябе, свой род, сваю мову — то хто будзе паважаць цябе? Самапавага — першая аснова для павагі з боку іншых. Гэта важна і для чалавечых стасункаў, і для міждзяржаўнага камунікавання. Жыццё без кахання — сумнае, жыццё без павагі з боку іншых — невыноснае!

Быць беларусам — гэта значыць адрозніваць паняцці “народ” і “натоўп”. Варта паважаць свой народ, яго мову, гісторыю і культуру, але пры гэтым захоўваць самастойнасць думкі, заўсёды помніць, што натоўп можа памыляцца. Калі вы патрапіце ўхапіць розніцу паміж паняццямі народ і натоўп — вы ўжо напалову беларус.

Мне пашанцавала — я вырасла ў нацыянальна-свядомым асяродку, таму стаць беларускай мне было проста. Цяжка было загаварыць па-беларуску самой. Падазраю, што нішто так не загартоўвае характар, як простая рэч — гаварыць па-свойму ў іншамоўным натоўпе… Таму так важна — знайсці сваіх!

Ганна Кісліцына, літаратурны крытык

Аб праекце “Як я стаў беларусам”