– Беларускасць – гэта мой надзвычай цікавы штодзённы абавязак. Што казаць, кожны дзень вы ўстаяце, рушыце ў прыбіральню, потым у ванну.
Так бы мовіць, ачышчаецеся ад начнога дый іншага бруду. А хто і ад блуду… Робіце ж? Думаю, так.
А як жа тады разумець “беларускасць” у кантэксце абавязку? А вось так. Раскажу вам адну гісторыю. Яна не завершаная, пакуль я жыву, але вы маеце поўнае права дадумаць яе і паставіць свой знак капірайту.
Аднойчы сустрэлася я з балотнай цыганкай у адной карчме. Яна амаль што прайшла міма, але раптам уважліва глянула ў мае карыя вочы. “Не вярзі лухты. Гавары нармальна”, – прашыпела яна, як гадзюка. “Тваё дзела, – адразу падумала я. – Хопіць быць рускай. Ты – беларуска. Яшчэ і з таямнічай жаночай сілай, якая цалкам раскрыецца пасля 20 гадоў”. Тут мяне, як кажуць у сучасным моладзевым асяроддзі, торкнула. Я адчула хвалі току ў руках і нагах. Нават страшна трохі стала. “А мо яна праўду кажа, хто ж яе ведае, адкуль у гэтай далёкай карчме з’явілася цыганка”.
Але потым, як у нармальнай казцы, яна знікла і больш на маім шляху не з’яўлялася.
Вось так беларускасць ці імкненне да яе стала маім чароўным абавязкам. Дарэчы, я нездарма паставіла ўкраінскую цытату ў назву эсэ. Там ёсць такія словы: “Горыць, горыць сосна, горыць та палае, кліча Галя крыкам, крыкам – промовляе: “Хто мэнэ пачуе нехай порятуе, да пізноі ночі дочак не пушчае”. Проста гэта шчасце ад цыганкі на мяне звалілася вельмі позна ўвечары. Яна, як у гэтай песні, прывязала мяне сваімі чароўнымі кайданамі да сасны беларускасці, да дрэва нашай роднай мовы.
Але я на яе зусім не злуюся. Мне й так вельмі прыемна. Адно вярэдзіць душу – што я падтрымліваю двухмоўе паўсюль, дзе бываю. Бо паважаю выбар кожнага чалавека. І ганьба таму, хто ходзіць з дужа нацыянальнымі “ваззрэннямі” – яны не хочуць чуць рускай мовы. Ім бы любую іншую, толькі не маскальскцю. Дурасць гэта.
Адзін хлапец нават параіў мне адрэзаць, так бы мовіць, ад сябе мой “маскальскі хвост” (чвэрць маскоўскай культуры ў маіх генах). Не буду я гэтага рабіць ніколі. Я, дарэчы, думала, што падчас кахання не змагу размаўляць па-беларуску. Але гэта было. І было вельмі цікава. Але я ўсё адно не ўспрымала гэта як нейкую экзотыку. Гэта было натуральна і вельмі шчымліва.
Што ж, можна яшчэ шмат гаварыць пра мову. А чытачу ж трэба таксама адпачыць. Таму закругляюся. Можа, кагосьці маё эсэ яшчэ больш наблізіць да Беларусі, да беларускасці. Я тады буду вельмі ўзрадаваная.
Студэнтка 4 курсу Інстытута журналістыкі БДУ, Мінск