
– Тое, што я менавіта беларуска, я ўсвядоміла ў дзяцінстве са словаў маці. Вялікую ролю адыгралі знаёмыя маці, бо амаль усе яны былі беларускамоўныя. Калі яны завітвалі да нас у госці, то час ад часу апавядалі мне, малой, цікавыя рэчы з гісторыі нашай краіны. У сям’і са мной размаўлялі і па-беларуску, і па-расійску.
Вельмі дапамагло тое, што я вучылася ў час, калі ў школе добра выкладалі гісторыю Беларусі, расказвалі легенды, якія ў дзяцінстве выклікаюць яскравае пачуццё прыгажосці, павагі і гонару за тое, што ты нарадзіўся менавіта на гэтай зямлі. Мне гэта вельмі падабалася. Да таго ж, доўгі час я вучылася ў беларускамоўным класе, і нават цяпер мне вельмі цяжка вывучаць матэматыку на расійскай мове.
Для мяне быць беларусам – гэта перш-наперш паважаць родную зямлю, родную культуру, мову, таксама падтрымліваць традыцыі, напрыклад, у адзенні. А яшчэ ведаць сваю гісторыю і ганарыцца сваёй краінай, а не ставіцца да яе, як да чагосьці будзёнага і звычайнага.
На сённяшні момант я выпускніца біялагічнага факультэта БДУ, працую ў Акадэміі навук, займаюся гістарычнай рэканструкцыяй, менавіта беларускай, цікаўлюся археалогіяй.
Людміла Сініла, біёлаг, Заслаўе