
– Я ніколі не пачуваў сябе Беларусам, і, як усе паважаныя інтэлектуалы, не ведаю, што гэта такое. Але калі запытацца ў мяне пра радзіму…Я, не задумваючыся ні на хвілю, адкажу, што гэта тая зямля, на якой я нарадзіўся на свет. Мае бацькі нарадзіліся тут. І дзядулі з бабулямі. У часы палітычных рэфлексій канца дзевяностых – пачатку двухтысячных, калі з трыбуны незалежных газет у мяне пыталі: “Ці можам мы звацца людзьмі?” – напіраючы на беларуса ўнутры мяне, я нічога не мог ім адказаць. Не адчуваў. Нічога. Многія з маіх таварышаў ці людзей мне сімпатычных спрабавалі нешта змяніць, змагаліся. Інакш як змаганне я сваімі юнацкімі вачыма гэтага і не ўспрымаў, а сам быў недзе па-за… Раз-пораз зайздросціў ім. Хоць цяпер і разумею, што зайздросціў не жаданню нешта выправіць, а менавіта мэце, якой ў мяне не было. Невыпадкова я трапіў у войска.
Звычайнае войска, жыццё, якое не адрознівалася ні на кроплю ад жыцця ўсёй краіны. Адно што нейкія акалічнасці акрэсліваліся больш выразна. Згадаў я пра яго толькі з адной прычыны. У войску ёсць такі рытуал як прысяга. Пасля пэўнай муштры мы павінныя былі спякотнай жнівеньскай раніцай прачытаць некалькі сказаў. На жаль, на беларускай мове словаў прысягі не знайшлося. Таму ахвотныя (нам ніхто не забараняў, каму мы ўвогуле былі патрэбныя…) мусілі зрабіць самастойны пераклад. Калі не лічыць школьных заданняў, гэта была першая спроба літаратурнага перакладу ў маім жыцці. Але нешта ў нас атрымалася. І падчас урачыстага мерапрыемства, трымаючы аўтамат, я чытаў: “Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь… прымаю прысягу… і ўрачыста клянуся высока несці гонар” – і г.д… па тэксце. Мурашы пабеглі па спіне. І голас крыху дрыжэў, але запытай мяне тады хто-небудзь: “Ці адчуваеш ты беларуса ў сабе?”, я ізноў нічога не адказаў бы.
Пасля войска я трапіў на працу ў музей Максіма Багдановіча. І не ведаю…Колькі разоў прачытаў вучням “Пагоню”. Ці нешта сваё… На вечарынах “Вежы міру”…І мільён мурашак прабег па маёй спіне… Але і цяпер… Мне не будзе чаго адказаць…Толькі: “Я нарадзіўся тут” гучыць у галаве. Не аднойчы разважаючы пра гэта, я прыйшоў да высновы, што мяне немагчыма пазбавіць пачуцця нацыянальнай годнасці, таму што яго як такога ў мяне няма. Ёсць нешта іншае, для чаго даволі складана падабраць азначэнне. І няма ніякага жадання зводзіць яго да прапанаваных варыянтаў. Я не ведаю, як называецца гэты вугалёк унутры. Яго на Беразіне, а чацвертай гадзіне раніцы, бачыў я сярод пасвятлелых нябёсаў. Бачыў у вачах маці. Чуў у словах бацькі. Адчуваў цяпло, спяваючы грубыя і ласкавыя песні…
Міхаіл Бараноўскі, музыка, бард, Мінск