Павел Дармель: “Чужая культура абудзіла цікавасьць да сваёй”

_pavel-darmelfota

— Я беларус не толькі праз тое, што тут жыву. Уся мая культура, бацькі, бабулі і дзядулі – беларускія. Нават аповед пра свае карані для мяне ёсць культурай, таму што гэта частка нашай агульнай гісторыі.

Усё дзяцінства я праводзіў на Палессі, і запомнілася яго атмасфера, асаблівае маўленне. Я магу размаўляць на беларускай мове, таму што гэта мая мова. У школе я па рускай літаратуры не прачытаў амаль нічога, а вось па беларускай – усё. Яна цікавейшая і лепей мне даецца. Яшчэ ў сям’і ёсць выкладчыца беларускай мовы, мая цётка. Яе муж нешта піша па-беларуску.

Гісторыя Беларусі мне была цікавейшая за сусветную, і ведаў я яе лепш. Я часта бываю за мяжой, у мяне там ёсць сябры. Я бачу іх культуру, іншую, і яна абуджае цікавасць да сваёй. Калі мы ездзілі з “Тарпачом” у Польшчу на 10 дзён, то размаўлялі там толькі па-беларуску, хоць у Беларусі я карыстаюся рускай. Па вяртанні дахаты я ўжо думаў па-беларуску, але пасля паступова і я, і астатнія ізноў пераходзілі на рускую. Рэчаіснасць дае сябе ведаць. Навакольныя глядзяць з вялікім неразуменнем. Шмат хто ўвогуле не разумее мовы. Я працую ў краме, і з тых, хто да нас прыходзіць, літаральна адзінкі размаўляюць па-беларуску.

У гадоў 15–16 я ўжо цвёрда ведаў, што я беларус. Паўплываў выкладчык гісторыі, чалавек, які адэкватна ў той час глядзеў на працэсы ў Беларусі і не баяўся даносіць да вучняў зразумелай для іх мовай, без фанатызму, меркаванне гісторыка. Ён на мяне паўплываў калі не ў найбольшай ступені, то вельмі значна.
Для мяне быць беларусам – гэта найперш усведамляць, дзе твае карані, якая культура – твая і якая твая культура. Ганарыцца сваёй радзімай незалежна ад сцягу, пад якім яна цяпер. Сцяг – гэта сцяг, а краіна – гэта краіна; ад гісторыі нікуды не схаваешся. Быць адэкватным сённяшняму дню.

Павел Дармель,  бас-гітарыст

Аб праекце “Як я стаў беларусам”